В Жуховичах состоялся фестиваль детского творчества «Маленькие таланты малой родины»

Жухавіцкая зямля спрадвеку славілася таленавітымі людзьмі. Вось і зараз, праз час, іх колькасць не зменшылася, а наадварот, павялічылася. Бо таленавітым немагчыма проста стаць, ім трэба нарадзіцца.

 

У мінулую пятніцу, 19 красавіка, у аддзеле культуры і вольнага часу “Жухавіцкі Дом культуры” адбылося сапраўднае свята творчасці, таленту і аптымізму, — фестываль дзіцячай творчасці “Маленькія таленты малой радзімы”. На вачах гледачоў запаліліся новыя зорачкі, з’явіліся сузор’і таленавітых і смелых. Канешне, па вартасці ацаніць кожнага ўдзельніка можа толькі кампетэнтнае журы, члены якога, прафесіяналы сваёй справы, якія добра ведаюць, што такое мастацтва, бо кожны з іх валодае неймаверным талентам. Гэта старшыня Жухавіцкага сельскага выканаўчага камітэту Тамара Вячаславаўна Гасціла, з’яўляецца не толькі цудоўным кіраўніком, але і валодае добрымі вакальнымі дадзенымі; балетмайстр і кіраўнік народнага харэаграфічнага калектыву Тамара Іванаўна Караняка; рэжысёр і кіраўнік тэатральнага калектыву Людміла Вітальеўна Макарэвіч; актыўны ўдзельнік культурна-массавых мерапрыемстваў, удзельнік фальклорнага танцавальнага калектыву “Тапатуха” Святлана Уладзіміраўна Рамановіч. Перад імі стаяла нялёгкая задача, бо ўдзельнікі фестывалю прадставілі 5 намінацый: “Інструментальнае выканаўства”, “Вакальнае майстрэства”, “Мастацкае слова”, “Харэаграфічнае майстэрства” і “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”.

Пачатак фестывалю паклала наменацыя “Інструментальнае выканаўства”. Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі хваляваліся, кожны з іх варта паказаў сябе на сцэне. Сваё майстэрства і артыстызм прадэманстравалі 7 навучэнцаў Жухавіцкага філіяла ДУ “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў”. Клас баян: Ліхута Аляксей з творам “Весёлая карусель”, Кохан Паліна з рускай народнай мелодыяй “Салавейка”, Кулік Вячаслаў з творам “Для настроения” С.Л. Гардзейчыка. Клас домра: Кікімбаева Валерыя з творам “Зайграй жа мне, дударочку” ў апрацоўцы М.Мякшыла, Гушчэня Паліна з вальсам “Берёзка” Б. Шылера, Герасімава Паліна з творам “Фронтовая новелла” М. Таўлека. Клас цымбалы: Герасімава Арына з творам “Подмосковные вечера” В. Салаўёва-Сядога ў апрацоўцы Г. Гладкова. Але ўдзельнікі радавалі сваім выканаўствам не толькі паасобку. Дуэтам выступілі сёстры Герасімавы, Паліна і Арына, з творам “Весенний марш” В. Кузняцова.

Наступнай намінацыяй фестывалю стала “Вакальнае майстэрства”, якую адкрылі навучэнцы 2-га класа УА “Жухавіцкая сярэдняя школа” з песняй “Маленькие звёзды”. Далей свае вакальныя дадзеныя прадэманстравала трыа дзяўчат з песняй “Про весну” Жухавіцкі філіял ДУ “Карэліцкая ДШМ” і ўдзельніца гуртка сольных спеваў “Весёлые нотки” Жухавіцкага ДК Собаль Дарына з песняй “Беларусь – мой дом”. Але Дарына выйшла на сцэну не адна, яе падтрымалі харэаграфічнай замалёўкай аднакласнікі, што стала яскравым завяршэннем дадзенай намінацыі.

Прыйшла пара для намінацыі “Мастацкае слова”. Яе прадстаўнікі прачулі, расставілі сапраўдныя акцэнты і падабралі патрэбную інтанацыю да сваіх твораў. У гэтым упэўніліся не толькі гледачы, але і члены журы. Сваё майстэрства валодання словам прадэманстравалі Максімовіч Максім з творам У. Карызны “Чыстая градка”, Пракопава Міла з вершам А.Барто “Башмаки” і Квапіс Віктар з казкай у 3-х частках “Пра дзеда і унука” У. Дубоўкі. Самае цікавае, што ўсе яны з’яўляюцца навучэнцамі 2-га класа Жухавіцкай СШ.

Наступная намінацыя самая яскравая і рухавая — “Харэаграфічнае майстэртва”. Уменне адчуваць целам музыку, рухацца ў яе тэмпе і рытме, перадаваць настрой танца ў поўнай меры прадэманстравалі 5 калектываў. Вучні 2-га класа адкрылі намінацыю харэаграфічнай замалёўкай “Беларусь незалежная”. Упершыню на сцэне стаялі выхаванцы УА “Жухавіцкі дзіцячы сад” з танцам “Ягода-малинка”. Весялосцю і крэатывам уразілі дзяўчаты 2-га класа Жухавіцкай СШ з танцам “Современные матрёшки”. Танцавальную студыю “Адчувай рытм” Жухавіцкага ДК прадставіла трыа дзяўчат малодшай групы з танцам “Подруга” і старэйшая група з танцам “Малиновая лада”. Апошнія завяршылі не толькі сваю намінацыю, але і асноўныя выступленні фестываля.

Пятую намінацыю “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” журы ацаніла пасля ўсіх выступленняў папярэдніх намінацый. Уменне ствараць прыгажосць сваімі рукамі прадэманстравалі навучэнцы аддзялення дэкаратыўна-прыкладной творчасці Жухавіцкага філіяла ДУ “Карэліцкая ДШМ” Еўтух Іван, Пашкелевіч Ульяна, Радомская Анастасія і Хіневіч Андрэй.

Па рашэнні кампетэнтнага журы месцы размеркаваліся наступным чынам: у намінацыі “Інструментальнае выканаўства” Дыплом І ступені атрымаў Кулік Вячаслаў, клас баян, Дыплом ІІ ступені — Герасімава Арына, клас домра, Дыплом ІІІ ступені — Кікімбаева Валерыя, клас домра; у намінацыі “Вакальнае майстэрства” Дыплом І ступені — Собаль Дарына (гурток сольных спеваў “Весёлые нотки”), Дыплом ІІ ступені — вучні 2-га класа Жухавіцкай СШ, Дыплом ІІІ ступені — вакальнанае трыа Жухавіцкага філіяла ДУ “Карэліцкая ДШМ”; у намінацыі “Мастацкае слова” Дыплом І ступені — Квапіс Віктар, Дыплом ІІ ступені — Пракопава Міла, Дыплом ІІІ ступені — Максімовіч Максім; у намінацыі “Харэаграфічнае майстэртва” Дыплом І ступені — старэйшая група танцавальнай студыі “Адчувай рытм”, Дыплом ІІ ступені — дзяўчаты з 2-га класа Жухавіцкай СШ, Дыплом ІІІ ступені — выхаванцы Жухавіцкага дзіцячага сада; у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” Дыплом І ступені — Еўтух Іван, Дыплом ІІ ступені — Пашкелевіч Ульяна, Дыплом ІІІ ступені — Радомская Анастасія.

Фестываль атрымаўся добрым, яскравым, поўным талентаў. Кожны ўдзельнік варта прадставіў сваю намінацыю, кожны годны перамогі. Але конкурс ёсць конкурс, хтосьці аказаўся лепшым, а камусьці патрэбна яшчэ крышачку папрацаваць, каб дасягнуць поспехаў.