«Помним и гордимся». Райцевской средней школе присвоено имя бывшего председателя СПК «Свитязянка-2003» заслуженного работника сельского хозяйства Республики Беларусь В.А. Головача

Ва ўстанове адукацыі “Райцаўская сярэдняя школа імя У.А.Галавача” прайшла ўрачыстасць,  прысвечаная прысваенню ўстанове адукацыі імя былога старшыні сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Свіцязянка-2003” заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Арсенцьевіча Галавача.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі  жонка Марыя Уладзіміраўна і сын  Сяргей Галавач, начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама  Ірына Асташэвіч, намеснік старшыні  па ідэалагічнай рабоце СВК “Свіцязянка-2003” Алена Клаўсуць, святар храма святой вялікапакутніцы Варвары іерэй Аляксей Шышкір.

Многія установы адукацыі Рэспублікі Беларусь не першы год носяць імёны людзей, якія ўнеслі важны ўклад у гісторыю нашай Радзімы. Установа адукацыі, размешчаная на райцаўскай зямлі, не стала выключэннем. 26 снежня 2023 года яна была пераіменавана ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “Райцаўская сярэдняя школа імя У.А.Галавача”. А  дзень урачыстасці  выбраны невыпадкова: гэта і пярэдадзень вялікага свята 9 Мая, а яшчэ гэта і дзень нараджэння такога цудоўнага чалавека, імя якога цяпер носіць школа.

У сваёй прамове дырэктар установы адукацыі  Пётр Буляк адзначыў, што  школа набыла новы статус: насіць імя Уладзіміра Арсеньцьевіча Галавача. І гэта  шмат да чаго абавязвае:  жыць, працаваць, вучыцца на прыкладзе жыццёвага шляху  былога старшыні гаспадаркі. Часціца яго сэрца, іскра яго энергіі, чаша яго любові дапамогуць  спраўляцца з цяжкасцямі. Таму што былы кіраўнік гаспадаркі ніколі не здраджваў сваім абяцанням, акружаў школу сапраўдным клопатам і павагай. Ён заўсёды хацеў бачыць кожнага настаўніка і вучня паспяховымі, у пастаянным руху, у вечным пошуку і рабіў усё для стварэння ў школе абставін камфорту. Дзякуючы традыцыям,   закладзеным гэтым выдатным чалавекам, сувязь  з мясцовай гаспадаркай падтрымліваецца і зараз.

Шмат цудоўных слоў у адрас Уладзіміра Арсенцьевіча Галавача сказалі і госці ўрачыстасці.

Калектыў работнікаў, навучэнцы і іх бацькі заўсёды з удзячнасцю ўспамінаюць Уладзіміра Арсенцьевіча. У народным гісторыка-краязнаўчым музеі “Вытокі” беражліва захоўваюцца яго ўзнагароды. Аформлены стэнд “Пад блакітным небам”. Праз даследчыя работы навучэнцы ўстановы адукацыі цікавяцца жыццёвым і працоўным шляхам былога старшыні.

У сваю чаргу сын Сяргей Галавач сказаў:

-Нам вельмі прыемна, что памяць бацькі ўвекавечана ў назве школы. Жадаю, каб святло маяка, якое калісьці запаліў мой бацька, яшчэ доўга асвятляла шлях на райцаўскай зямлі.

 

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара