Работники Кореличского участка электросвязи помогают нам оставаться на связи

Сувязісты — людзі адукаваныя і працавітыя. З дня ў дзень яны выконваюць свае прафесійныя абавязкі і робяць гэта шчыра і самааддана. Работа ім у радасць, і кліенты задаволены. А па працы — давер, павага, пашана.

У гэтай галіне электрамеханік лінейных збудаванняў сувязі Валерый Каласоўскі працуе з 1993 года. Закончыў Мінскі вышэйшы каледж сувязі.

Валерый Каласоўскі, Сяргей Гладкі, Аляксандр Кадуцкі

— Для сувязістаў маецца шырокі спектр работы, — гаворыць Валерый Сцяпанавіч і пералічвае: эксплуатацыя і абслугоўванне лінейнай гаспадаркі Карэліцкага ўчастка электрасувязі, ліквідацыя пашкоджанняў канцавых абаненцкіх прыстасаванняў, ахоўна-папераджальная работа і іншыя паслугі. Сувязісту праца падабаецца: душой прыкіпеў да яе, набыў навыкі, мае зносіны з кліентамі.  Называе яе любімай і патрэбнай.

Электраманцёр сувязі Сяргей Гладкі ў электрасувязі працуе з 2006 года. Закончыў Карэліцкую сярэднюю школу і Вілейскае вучылішча электронікі.

— Чаму выбар спынілі на электрасувязі?

—  Падабаецца працаваць з абсталяваннем. Калектыў дружны, адна каманда. Ад нас, сувязістаў, залежыць якасць работы, хуткасць  яе выканання, адносіны насельніцтва. Мы абслугоўваем усе населеныя пункты раёна і стараемся якасна выконваць прафесійныя абавязкі.

Спецыялісты па продажах Таццяна Найба і Аксана Каптаноўская

За чатырнаццаць гадоў працы ў галіне электрасувязі кабельшчык 6-га разраду Аляксандр Кадуцкі паспеў асвоіць сваю прафесію ў поўнай меры і зразумець, што патрэбна для абанентаў. Яны розныя, і да кожнага патрэбны свой падыход. З калегамі працуе, як гаворыцца, у адной звязцы, праца ім у радасць, таму і спорыцца.

— А справы ў сям’і ладзяцца?

— З любімай жонкай маем траіх дзяцей: 15-гадовую Дашу, 9-гадовую Кацю, 4-гадовага Дзімку. Сям’я — самае галоўнае ў жыцці. Дзеля іх стараюся шчыра працаваць, каб яна была забяспечана і ў нічым не мела патрэбы.

Дзмітрый МАНЧЫНСКІ, начальнік Карэліцкага ўчастка электрасувязі Слонімскага занальнага вузла электрасувязі Гродзенскага філіяла РУП «Белтэлекам»:

— Карэліцкі ўчастак электрасувязі выконвае шырокае кола вытворчых задач, якія прадугледжваюць забеспячэнне насельніцтва Карэліцкага раёна ўніверсальнымі паслугамі электрасувязі. Яны ўключаюць шырокапалосны доступ перадачы дадзеных, інтэрактыўнае тэлебачанне «ZALA», паслугу відэакантролю, традыцыйную тэлефонную сувязь і г. д. Праводзіцца планавая мадэрнізацыя сеткі камунікацый Карэліцкага ўчастка электрасувязі, якая прадугледжвае планамерны пераход на аптычнае валакно, што дазволіць насельніцтву і арганізацыям Карэліцкага раёна карыстацца больш якаснымі паслугамі электрасувязі. У г.п. Карэлічы ўся шматкватэрная забудова ўжо пераведзена на аптычнае валакно па тэхналогіі ХРОN. Плануем да 2026 года закончыць мадэрнізацыю прыватнага сектара г.п. Карэлічы, перавод  яго з медных кабеляў сувязі на аптычнае валакно.

Укаранёны і шырока прадастаўляюцца насельніцтву новыя паслугі, як, напрыклад,  паслуга відэакантролю. Гэта зручны спосаб забеспячэння бяспекі і аддаленага кантролю за любымі аб’ектамі: ці то шматкватэрны або прыватны дом, ці то прамысловае прадпрыемства; паслуга рэалізацыі ў растэрміноўку насельніцтву буйнагабарытнай тэхнікі. Таксама Карэліцкі ўчастак электрасувязі ўдзельнічае ў рэалізацыі стварэння рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, гэта дазволіць павысіць эфектыўнасць аховы грамадскага парадку і папярэджанне надзвычайных сітуацый. Для таго, каб выканаць пастаўленыя задачы, Карэліцкі ўчастак электрасувязі мае граматны і згуртаваны калектыў, які ўсё зробіць у тэрмін і якасна.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА