Праект Мірскага дзяржаўнага каледжа “Мірская батлейка: разам да вытокаў!” стаў пераможцам конкурсу сацыяльных праектаў “Моладзь Беларусі за жыццё, духоўнасць і сямейныя каштоўнасці”

21 мая ў духоўна-асветніцкім цэнтры “Каўчэг” у г. Мінску былі падведзены вынікі конкурсу сацыяльных праектаў “Моладзь Беларусі за жыццё, духоўнасць і сямейныя каштоўнасці”, арганізатарамі якога сталі Беларуская Праваслаўная Царква, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, айчынны фонд падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства “Пакроў”.

У намінацыі конкурсу “Моладзь за творчы прарыў дзеля жыцця” праект Мірскага дзяржаўнага каледжа “Мірская батлейка: разам да вытокаў!” стаў пераможцам.

Пачынаючы са студзеня  і па май 2024 года, навучэнцы каледжа Міхаленя Даша, Мелкумян Бажэна, Еўдакімава Ліза і Жыгала Мікіта пад кіраўніцтвам выкладчыка каледжа Канстанціна Петрымана здолелі распрацаваць і паспяхова рэалізаваць свой праект, накіраваны на яднанне сям’і народнымі беларускімі традыцыямі, а ў нашым выпадку менавіта батлеечнымі дзеямі! У ходзе рэалізацыі праекта для жадаючых маладых сямей былі распрацаваны, выкананы і падораныя наборы класічных батлеечных лялек з умовай, што на свята Нараджэння Хрыстова сям’я самастойна зладзіць батлеечную дзею сваімі сіламі. Гэтая ідэя знайшла падтрымку не толькі ў Міры, які знакаміты сваёй батлеечнай спадчынай, але і ў іншых рэгіёнах краіны: у Мінску, Баранавічах, Пухавічах, Нясвіжы. Таксама вельмі зацікавіліся праектам нядзельныя школкі пры храмах нашай епархіі.

Мерапрыемствы праекту здолелі аб’яднаць і грамадскаць пасёлка, жыхары якога сталі актыўна ўдзельнічаць у справе адраджэння сямейных тэатраў. Асаблівыя словы падзякі Турок Святлане Сямёнаўне і супрацоўнікам Мірскай пасялковай бібліятэкі, якія сталі паўнапраўнымі членамі праектнай каманды!

18 мая на прыгожай і гасціннай тэрасе мясцовага кафэ “Мірум” праектная каманда прадставіла мясцовым гледачам і гасцям Міра адноўленыя батлеечныя дзеі колішніх мірскіх батлеяў братоў Сілко і падаравала першыя, выкананыя ў ходзе праекта, батлеечныя лялькі маладой сям’і Печанко з г.п. Мір.

І для гледачоў, маленькіх і дарослых, і для саміх акцёраў гэты дзень прынёс сапраўднае яднанне, сапраўднае адчуванне сямейнага свята!

Вікторыя Печанко, першая ўладальніца сямейных батлеечных лялек, так і сказала, што інакш як фантастычным адчуваннем свята і нараджэннем цуда гэтыя імгненні і не назавеш!

Мабыць, такія адчуванні перадаліся і членам журы конкурсу, якія адзначылі сапраўдную жыццёвую сілу праекта.

Што ж, няхай так і будзе! А нам крочыць у добрай справе далей, каб унесці кропельку сваёй душы і народнай спадчыны ў справу мацавання і яднання нашых беларускіх сем’яў.

Канстанцін ПЕТРЫМАН, выкладчык Мірскага дзяржаўнага каледжа