Пункт погляду журналіста: пра фотаапарат, здымкі і прызванне

Чалавек, які знаходзіць справу па душы, шчаслівы. І не важна: праца гэта альбо захапленне. Выканаўца ўкладвае душу ў любімы занятак, сам атрымлівае задавальненне і людзям гэта ў радасць.

— Яшчэ не пачала рабіць здымкі да сваіх матэрыялаў? — цікавіцца пры сустрэчы знаёмая.

— Аніяк не магу асмеліцца, — шчыра прызнаюся я і імкнуся давесці, што гэта не тая справа, якую магу рабіць дасканала.

Суразмоўца імкнецца пераканаць, што магла б зрабіць з дзясятак здымкаў, а з іх выбралі б адзін годны для друку. Не трэба будзе прыцягваць да выканання рэдакцыйнага задання двух карэспандэнтаў. Ды яшчэ якую асалоду атрымаю, калі ў раёнцы ўбачу сваё прозвішча як аўтара фота.

Прызнаюся, што люблю добрыя здымкі ў сродках масавай інфармацыі. З павагай адношуся да тых, хто займаецца фотасправай. Эталонам на працягу ўсяго журналісцкага шляху ў гэтым накірунку для мяне быў Леанід Лейка, які працаваў фотакарэспандэнтам у раённай газеце «Полымя». Калега не толькі любіў сваю справу і працаваў шчыра, але добра ведаў жыхароў роднай Карэліччыны. Кагосьці іншага на яго месцы нават не ўяўляла: Леанід Герасімавіч быў народжаным для гэтага.

Журналісцкія сцяжынкі звялі яшчэ з адным чалавекам, улюбёным у фотасправу. З Ларысай Шугляй давялося працаваць, як гаворыцца, у адной звязцы падчас яе летніх водпускаў — яна настаўнік сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы. Для яе фотасправа з’яўляецца любімым захапленнем, у якое яна ўкладвае душу. Я назірала за тым, як яна шукае ракурсы. Вось яна на жытнёвым полі, якому не відаць канца і краю. Ларыса Мікалаеўна імкнецца абысці абшары, каб у аб’ектыў папалі камбайны-волаты і камбайнеры, і знайсці свой адзіны і непаўторны каласок.

Наведалася з аматарам фотаздымкаў у Мірскае лясніцтва. Яна фатаграфавала не толькі ўладароў гэтага прыгожага куточка, але і дзівосныя, рэдкія расліны. У рэшце рэшт вырашае прыехаць на сустрэчу з лесам у другі раз.

Давялося ўбачыць Ларысу Шуглю за любімым захапленнем і падчас правядзення раённых мерапрыемстваў і школьных званкоў. Усюды старалася ад душы, і як прадаўжэнне — здымкі заварожвалі.

Прызванне. Гэтае слова часта сустракала ў загалоўках артыкулаў у той далёкі час, дзе ішла размова пра людзей, якія знайшлі сябе ў жыцці і шчыра служаць абранай справе. Яны працавалі ў розных галінах народнай гаспадаркі і вызначаліся сумленнымі адносінамі да працы.

Прайшлі гады. У сучасным лексіконе з’явіліся новыя словы. Вось толькі адданасць любімай справе засталася тая ж: сёння на Карэліччыне шмат шчырых працаўнікоў. Зафіксаваць цікавыя моманты з жыцця дапамагае і сучасны тэлефон. Што ж, час сапраўды не стаіць на месцы.

Галіна СМАЛЯНКА

1