Тенденция со знаком плюс: в Кореличском районе рассмотрели итоги работы отрасли животноводства за первый квартал

Утрыманне жывёл і захаванне буйной рагатай жывёлы — тэма, якую абмеркавалі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама, раённай ветэрынарнай службы, кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна. У семінары прынялі ўдзел старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей, першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько.


У пачатку семінара кіраўнік раёна вызначыў накірункі працы: прааналізаваць недапрацоўкі ў галіне жывёлагадоўлі і вызначыць шляхі іх устаранення, пераняць станоўчы вопыт паспяховых жывёлагадоўчых калектываў.

Старшыня СВК “Жухавічы” Дзмітрый Янкоўскі расказаў пра дзейнасць сельгаскааператыва:

— На базе СВК працуе чатыры малочнатаварныя фермы, з іх два комплексы: адзін на 800 галоў, другі — на 610. Таксама працуюць комплексы па вырошчванні цялушак і адкорме буйной рагатай жывёлы. На сённяшні дзень маецца 1890 кароў, за мінулы год дабавілі 250 галоў. Пасля будаўніцтва новай МТФ у Кожаве на 610 галоў старую ферму мадэрнізавалі: па сутнасці, тут стаялі голыя сцены, мы залілі падлогу па-новаму, зрабілі па чатыры клеткі для жывёл сухастойнага перыяду і для навацёлаў, зрабілі новы навес для цялят і закупілі новыя домікі, паставілі новую даільную залу, зрабілі гноясховішча, добраўпарадкавалі тэрыторыю. На мадэрнізацыю гэтай фермы было затрачана каля 500 тысяч рублёў. Цяпер тут утрымліваецца жывёла другога перыяду сцельнасці, размяшчаюцца радзільнае аддзяленне і маладняк.

Кіраўнік гаспадаркі адзначыў, што цяпер праводзіцца мадэрнізацыя фермы “Радунь”, дзе будзе адрамантавана два памяшканні для вырошчвання буйной рагатай жывёлы.

— Для гаспадарак, якія дасягнулі высокага ўзроўню вытворчасці малака, калі карова дае па 35-40 літраў малака, невялікая рэканструкцыя, стварэнне ўмоў і павелічынне дойнага статку дазволіць развівацца, — адзначыў Андрэй Гардзей. — Таму неабходна імкнуцца да будаўніцтва новых фермаў і мадэрнізацыі старых.

Загадчык МТФ “Кожава” Аляксандр Бразоўскі ахарактарызаваў увесь тэхналагічны працэс, які праходзіць рагуля, калі трапляе ў гэтае аддзяленне:

— У памяшканні ўтрымліваюцца рагулі другога перыяду. Тут арганізавана перадродавая секцыя, куды мы пераводзім жывёл, якія павінны расцяліцца. У гэтым жа памяшканні праводзіцца расцёл. Пасля нараджэння цяляці наша пярвічная задача — апрацаваць пупавіну, абцерці цяля і памясціць яго пад лямпу, каб яно абсохла. Навацельную рагулю выпойваюць спецыяльным растворам, і яна пераходзіць у суседнюю секцыю, дзе стаіць, пакуль не адновіцца. У красавіку на ферме было 69 расцёлаў, увесь маладняк цалкам захаваны.

У першым квартале бягучага года вытворчасць малака ў СВК “Жухавічы” склала 4517,4 т, што на 123,3% больш, чым у мінулым годзе. Надой на карову склаў 2390 кг (+203 кг). 91% малака рэалізуецца гатункам “экстра” (+21,1% да ўзроўню 2023 г.). Выраблена 548,4 тоны ялавічыны, што на 100,3% больш, чым у мінулым годзе. Сярэднясутачныя прывагі склалі 784 г, што на 18 г больш, чым у 2023 годзе. Тэмп росту валавай прадукцыі склаў 115,8% пры плане ў 109%.

Пасля наведвання фермы ўдзельнікі семінара абмеркавалі вынікі працы жывёлагадоўчай галіны Карэліччыны за першы квартал бягучага года.

Вытворчасць малака склала 24263,8 тоны, або 107,7% да 2023 года. Сем сельскагаспадарчых арганізацый забяспечылі рост вытворчасці малака. Больш за ўсіх павялічылі вытворчасць у СВК “Жухавічы”, дзе прырост склаў 123,3%, ДП “Чарняхоўскі-Агра” (113,5%) і ДП “Лукі-Агра” (110,4%). Дзве гаспадаркі дапусцілі зніжэнне вытворчасці да ўзроўню 2023 года: ДП “Царука” (88,3%) і ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” (79,8%).

Надой на карову з пачатку года склаў 1862 кг (+136 кг). Больш за ўсіх павялічылі надоі ў СВК “Жухавічы”, дадаўшы да ўзроўню мінулага года 203 кг, КУСП “Чарняхоўскі-Агра” (+201 кг) і ДП “Лукі-Агра” (+147 кг). Два прадпрыемствы: ДП “Царука” і КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” знізілі надой на карову (-101 кг і -75 кг адпаведна). Сельгаспрадпрыемствамі раёна рэалізавана 21706,2 тоны малака, што на 1658,4 тоны больш, чым у мінулым годзе. Рэалізацыя малака гатункам “экстра” ў параўнанні з мінулым годам павялічылася на 1,27% і склала 67,77%.

Аналіз выканання прагнозу вырошчвання буйной рагатай жывёлы за 1 квартал 2024 года паказаў, што вытворчасць ялавічыны склала 1807,5 тоны, і ў параўнанні з 2023 годам узрасла на 103,4%. Сярэднясутачныя прывагі склалі 774 г (+21 г да ўзроўню 2023 г.). Гаспадаркі раёна рэалізавалі 1868 тон ялавічыны, што на 335 т больш, чым у 2023 годзе.

Аналізуючы прагноз вырошчвання свініны, адзначана, што гаспадаркі раёна выканалі прагноз на 113,3% і вырасцілі 2845,4 тоны, што на 108% больш да 2023 г. Сярэднясутачныя прывагі склалі 752 г, што на 62 г больш, чым у мінулым годзе.

Тэмп росту валавай прадукцыі ў студзені-сакавіку бягучага года склаў 109% пры плане ў 101%.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара