По жизни с музыкой. Кореличчанин Арсений Знайдён мечтает объехать с гастролями всю Беларусь

Звонкі голас Арсенія Знайдзёна ведае кожны карэліччанін: юны талент ужо неаднаразова выступаў на раённых святах, расказваючы нам у песнях гісторыі пра цудоўнае дзяцінства.

Арсеній расказвае, што музыкай захапіўся з самага дзяцінства:

— Мая матуля раней працавала ў Жухавіцкім Доме культуры, ездзіла на канцэрты. Неяк так атрымалася, што і я ўлюбіўся ў музыку. Яшчэ калі быў у дзіцячым садку, прыняў удзел у першым сваім конкурсе “Маленькія таленты маленькай радзімы”, дзе мы выступілі з танцам. Гэта быў своеасаблівы штуршок, дзякуючы якому  палюбіў сцэну.

Арсеній займаецца музыкай з шасці гадоў. Зараз ён вучыцца вакалу ў Людмілы Лебядзевіч, на якую стараецца ва ўсім быць падобным. Прызнаецца, што падабаецца слухаць, калі яна спявае. Таксама любіць Арсеній творчасць беларускіх артыстаў Вікторыі Алешкі, Алены Ланской.

Акрамя спеваў, Арсеній іграе на цымбалах. Хлопчык прызнаецца, што спачатку вучыўся граць на баяне, але ў хуткім часе змяніў выбар на карысць струннага народнага інструмента.

— З цягам часу перастаў хвалявацца перад сцэнай, — кажа Арсеній. — Але добра памятаю, калі ў нашым Доме культуры праводзілася свята, дзе я ўпершыню павінен быў выступаць з падтанцоўкай — гэтае выступленне было вельмі хвалюючым. Усё прайшло вельмі добра, і я пачаў меней хвалявацца перад тым, як выйсці да публікі. Больш звяртаю ўвагу на тое, як стаць на сцэне, як правільна праспяваць тую ці іншую ноту. Калі ж казаць пра хваляванне, то варта ўспомніць словы расійскай спявачкі Ларысы Долінай, якая казала, што артыст, які не хвалюецца, гэта не артыст.

Вольны ад заняткаў музыкай і школьных урокаў час, якога ў хлопчыка не так і шмат, Арсеній любіць правесці за кнігай. Кажа, што яму вельмі падабаецца бавіць час за кніжнымі старонкамі, таму па літаратуры ў школе ён заўжды атрымлівае добрыя адзнакі. Таксама даспадобы матэматыка, хаця, як сам жартуе, выдатнікам па гэтым прадмеце сябе назваць не можа.

— У кастрычніку мінулага года ў мяне быў дэбют у якасці вядучага, — успамінае Арсеній. — У Жухавіцкім Доме культуры праходзіў конкурс “Супер-мама”, які я вёў разам са сваёй матуляй Юліяй Іванаўнай. Затым адбыўся фестываль дзіцячай творчасці “Сузор’е талентаў”, дзе я таксама паспрабаваў сябе ў якасці вядучага і заняў у выніку першае месца.

У будучым малады талент хоча стаць артыстам і аб’ехаць з гастролямі ўсю нашу Радзіму.

— Я лічу, што Беларусь — вельмі прыгожая краіна, таму хочацца пабываць ва ўсіх яе куточках, пазнаёміцца з яе краявідамі, яе жыхарамі, — кажа Арсеній.

Гэтая мара хлопчыка паступова пачынае здзяйсняцца. Перад Новым 2024 годам Арсеній быў запрошаны на галоўную ёлку краіны, дзе яму давялося сустрэцца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам:

— Надоўга запомніўся наказ Кіраўніка краіны: любіць сваю Радзіму і берагчы яе, праяўляць цярпенне і настойлівасць, ідучы да пастаўленай мэты.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара