Кореличчане рассказывают, чем им запомнился уходящий 2022 год
Чым Вам запомніўся адыходзячы год?
Андрэй ШТЭЙН,
трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП «Лукі-Агра»:
— Важнай падзеяй у гэтым годзе для мяне стала сустрэча з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік дзяржавы з нагоды Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ўручыў мне ордэн Пашаны. У гэтыя хвіліны мяне перапаўняў гонар за нашу Карэліччыну, родную гаспадарку, маю справу. Я працую на зямлі і гэтым ганаруся. З дня ў дзень выконваю звычайную сялянскую працу: сёлета ўносіў арганічныя ўгнаенні, працаваў на нарыхтоўцы сенажу, убіраў збожжавыя і кукурузу. І вось мая хлебаробская праца так высока ацэнена!
Спрыяльным аказаўся гэты год і ў асабістым жыцці. У сакавіку нарадзіўся першы ўнук, яму далі цудоўнае імя Іван. Адзначу, што кожны год па-свойму прыносіць шчаслівыя сюрпрызы, і трэба быць удзячным лёсу за шчаслівыя імгненні.
Аляксандра УТЛІК,
вучаніца 10 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»:
— У гэтым годзе ў маім асабістым і школьным жыцці адбылося шмат змястоўных і цікавых падзей, якія ўвайшлі ў яго светлым праменьчыкам і ўпрыгожылі жыццё рознакаляровымі фарбамі.
Я закончыла дзевяць класаў і ўпершыню здала дзяржаўныя экзамены. Па беларускай мове атрымала дзевяць балаў, па матэматыцы і рускай мове — дзясяткі.
Я ўпершыню пабывала ў палатачным лагеры на базе ДАЛ «Вясёлка». Мне там вельмі спадабалася, сустрэла новых сяброў і проста добра адпачыла.
У гэтым годзе я пабывала на экскурсіі ў Хатыні, дзе на сабе змагла адчуць трагічныя падзеі таго далёкага часу.
Маё сачыненне на тэму патрыятызму надрукавана ў беларускім зборніку сачыненняў школьнікаў з Беларусі пад назвай «Я Радзіму люблю».
Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА