Карэліцкаму раённаму краязнаўчаму музею быў перададзены макет сядзібна-паркавага комплексу Дуніна-Раецкага «Вобрына» Карэліцкага раёна

У рамках дабрачыннага праекта «Нам засталася спадчына» ўстанове культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» быў перададзены макет сядзібна-паркавага комплексу Дуніна-Раецкага «Вобрына» Карэліцкага раёна. Яго аўтарка — адна з выпускніц сталічнай гімназіі, якая пастаралася паказаць помнік даўніны ва ўсіх яго дэталях і гэтым змагла выклікаць цікавасць у тых, хто захапляецца гісторыяй роднага краю.

Паводле кнігі «Памяць» (гісторыка-дакументальнай хронікі Карэліцкага раёна), на паўднёва-ўсходняй ускраіне пасёлка Першамайскі (Вобрына) у ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя сфарміраваўся сядзібна-паркавы комплекс. Маёнтак, які называўся Вобрына, належаў родам Абрынскіх, Раецкіх, Кашчыцаў (апошні ўладальнік да 1938 г. Фелікс Радван Кашчыц), якія мелі тут, у маляўнічай мясцовасці над ракой Вобрынка, сваю сядзібна-паркавую рэзідэнцыю. У доме, які існаваў да 1938 г., захоўваліся багацейшы збор твораў мастацтва, багатая бібліятэка з архівам. У пейзажным парку стаяла капліца. Комплекс уключаў 2-павярховы палац, пабудаваны накшталт абарончага замка, капліцу-пахавальню, свіран, стайню, бровар і іншыя пабудовы, акаймаваныя пейзажным паркам. Да нашых дзён захаваўся ўрэзаны ў пагорак трохпавярховы мураваны будынак свірана.
У выданні паведамляецца пра тое, што вобрынскі пейзажны парк быў высаджаны на плошчы каля 50 га. У парку ў 1911 г. была пабудавана капліца-пахавальня — невялікі, напалову ўрыты ў зямлю склеп.
Хочацца адзначыць, што макет адноўленай сядзібы зараз знаходзіцца ў краязнаўчым музеі ў зале археалогіі. Там жа размешчана інфармацыя і копіі фотаздымкаў ранейшага і цяперашняга часу сядзібна-паркавага комплексу.
Супрацоўнікі запрашаюць наведаць музей, дзе можна даведацца пра сядзібу і яе ўладальнікаў, пазнаёміцца з цікавымі фактамі гісторыі Карэліцкага краю.

Падрыхтавала да друку Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Іны ЛЕЙКА.

Добавить комментарий