В Кореличский район приехали школьники из России

У маляўнічым куточку карэліцкага краю размясціўся дзіцячы-аздараўленчы лагер «Вясёлка». Для змястоўнага адпачынку тут створаны ўсе ўмовы, адпачываючыя таксама імкнуцца арганізаваць яго весела і карысна.

2 жніўня. А пятай гадзіне вечара ў ДАЛ «Вясёлка» сабраліся на ўрачыстае адкрыццё змены. Яна заключная ў гэтым летнім аздараўленчым сезоне, а для вясёлкаўцаў асаблівая — наперадзе шмат цікавых спраў. Пакуль ўсё ідзе, як гаворыцца, па сцэнарыю. Гучыць: «Лагер, раўняйся, смірна!» — і камандзіры факультэтаў здаюць рапарты старшаму выхавальніку лагера Анастасіі Аляксандраўне Бранчэла, а яна затым рапатруе аб гатоўнасці начальніку лагера Міхаілу Сцяпанавічу Шаплыку. Узнімаецца дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Міхаіл Сцяпанавіч жадае дзецям добрага адпачынку і запэўнівае, што выхавальнікі будуць накіроўваць іх на новыя творчыя адкрыцці.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч адзначае, што па добрай традыцыі ў дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» прыязджаюць адпачываць юнакі і дзяўчаты з г. Краснагорск Маскоўскай вобласці, жадае ім і ўсім прысутным прыемных уражанняў і добрага адпачынку. Госці прызналіся, што палюбілі наш край, разам з прывітаннем, якое прывезлі ад краснагорцаў, таксама падарункі, выканалі музычную кампазіцю «Расія».
— Мы з г. Краснагорск Маскоўскай вобласці па абмену маладзёжнымі дэлегацыямі, — пачалі дружна свой расказ кіраўнікі Алена Яўгеньеўна Сапронава і Святлана Пятроўна Воранава. — У лагеры вельмі падабаецца. Некаторыя рабяты ўжо прыехалі другі-трэці раз, тут у іх шмат сяброў. У лагеры пяціразовае збалансаванае харчаванне, а гэта садавіна, кашы, малочныя прадукты, мясныя вырабы — усё, што патрэбна для маладога арганізма. Ствараюцца ўсе ўмовы для добрага адпачынку. Надвор’е таксама радуе, і мы хадзілі на возера Свіцязь, з задавальненнем пакупаліся. Добрае ўражанне засталося і пасля наведвання Мірскага замка, дзякуючы экскурсаводу, даведаліся шмат цікавага пра гэты старажытны помнік.

У трэці раз прыязджаем як кіраўнікі, кожны раз атрымліваем зарад энергіі і пазітыву. Прырода, ціхае месца, адсутнасць сучаснай тэхнікі — і адпачываем спаўна. Лічым, што такі абмен вопытам патрэбны. На сваёй зямлі стараемся гасцінна прыняць карэліцкіх дзяўчынак і хлопчыкаў, стварыць усе ўмовы для іх адпачынку. Радуе, што і пра нас карэліччане клапоцяцца, як пра сваіх. Мы жывём па рэжыму лагера, пачынаем з зарадкі і заканчваем дыскатэкай, а на працягу дня прымаем удзелу розных цікавых мерапрыемствах.
Як паведаў начальнік лагера Міхаіл Сцяпанавіч Шаплыка, у трэці раз яму прыходзіцца быць кіраўніком і раздзяляць радасць сустрэчы з сябрамі з г. Краснагорск Маскоўскай вобласці. Дзяўчаты і юнакі актыўныя, а гэтая змена «лідэрская», і яны праяўляюць свае здольнасці ў галіне мастацкай самадзейнасці, сольнай праграмы, танцаў. Добра згуртоўваюцца з карэліччанамі, абменьваюцца вопытам, разам удзельнічаюць у розных мерапрыемствах.
На базе лагера «Вясёлка» працуе студатрад з маладых выхавальнікаў, якія ставяць перад сабой мэту — выяўленне і развіццё лідэрскіх здольнасцей у дзяцей. Функцыянуюць гурткі ад дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Карэліцкі раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі». Дзяўчынак і хлопчыкаў чакаюць экскурсіі, конкурсы, спартландыі, сустрэчы, акцыі — усё, што зробіць іх адпачынак цікавым і запамінальным. Пра добрае каларыйнае харчаванне з усёй адказнасцю клапоціцца брыгада павароў з ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. п. Карэлічы». Ёсць упэўненасць у тым, што для больш 70 адпачываючых лагернай змены дні ў лагеры пройдуць цікава і застануцца ў памяці надоўга.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Аксаны ЯНУШ.

Добавить комментарий