Васямнаццаць гадоў пры Цырынскай сельскай бібліятэцы дзейнічае аб’яднанне «Надзея»

Васямнаццаць гадоў пры Цырынскай сельскай бібліятэцы дзейнічае аб’яднанне «Надзея».

Як ні кажыце, а гэта ўзрост паўналецця, калі гаварыць пра чалавека. Вось толькі пра гады наведвальнікаў аб’яднання яго кіраўнік Варвара Станіславаўна Таўлуй (на здымку) не ўзгадвае, бо яны іх не лічаць і не хочуць заўважаць. З цягам часу сталі дружнай сям’ёй — ні  пра што не шкадуюць, бо сустрэчы праходзяць цікава.

Кола абмяркоўваемых пытанняў разнастайнае: сустрэчы з нагоды юбілеяў беларускіх пісьменнікаў, абмеркаванне любімых тэлеперадач, абмен кулінарнымі рэцэптамі, аповеды пра сваё першае каханне, выкананне песняў маладосці і іншае. «Імкнёмся знайсці тое, што б узрушыла душу, і мы маглі з карысцю правесці вольны час. Радуемся, калі ў нас гэта атрымліваецца», — зазначае кіраўнік аб’яднання.

Цырынцы не абмяжоўваюцца мясцовымі сустрэчамі. У гэтым годзе давялося стаць удзельнікамі двух значных мерапрыемстваў — раённага семінара бібліятэчных работнікаў «Роля праваслаўнай кнігі ў духоўна-маральныай адукацыі чытачоў» з нагоды 700-годдзя Навагрудскай Праваслаўнай Епархіі і Свята мёду, якое праводзілася на тэрыторыі Цырынскага сельсавета. І не пашкадавалі — даведаліся шмат цікавага і атрымалі мноства станоўчых эмоцый.

Удзельнікі аб’яднання не адзіныя ў сваіх памкненнях. На сустрэчы прыходзяць старшыня Цырынскага сельскага Савета Любоў Фёдараўна Атрашкевіч і настаяцель царквы святога архангела Міхаіла, протаіерэй Міхаіл Сушко. Прадстаўнік мясцовай улады знаёміць з падзеямі ў свеце, а святар дае парады духоўнага накірунку — расказвае пра праваслаўныя святы, пасты, паводзіны ў быту.

«У аб’яднанні «Надзея» — дванаццаць жанчын,— гаворыць Варвара Станіславаўна. — Розных лёсаў і характараў, са сваімі жаданнямі і марамі. Гады сустрэч зрабілі нас блізкімі па духу,  мы маем агульныя інтарэсы і жаданне дарыць часцінку душы людзям. Гэта акрыляе нас, дапамагае ўпэўнена крочыць па жыцці, змагацца з часовымі цяжкасцямі.»

Час бяжыць хутка. Не заўважылі ўдзельнікі аб’яднання «Надзея», як пайшлі на заслужаны адпачынак, але душой засталіся маладымі, з тымі ж іскрынкамі ў вачах. Яны — аптымісты, вераць у лепшае, і іх мары павінны збыцца. Трэба толькі верыць.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Іны ЛЕЙКА.

 

Добавить комментарий