Где в Кореличском районе можно сдать использованные батарейки

Пульты, гадзіннікі, дзіцячыя цацкі – у кожным доме заўсёды знойдуцца прадметы, якія працуюць на батарэйках. Як вядома, кожны элемент сілкавання мае ўласцівасць выпрацоўваць свой рэсурс. Які далейшы лёс адпрацаваных батарэек?

Безумоўна, многія заўважалі на корпусе элемента сілкавання знак у выглядзе перакрэсленага смеццевага кантэйнера, які сведчыць аб тым, што яго нельга выкідаць разам з іншымі побытавымі адходамі. Узнікае пытанне: якую шкоду навакольнаму асяроддзю можа нанесці адна невялікая батарэйка? На самой справе, шкода велізарная. Толькі ўявіце сабе, што батарэйка, якая важыць каля 100 грамаў, забруджвае  каля 400 літраў вады і 20 квадратных метраў глебы такімі цяжкімі металамі, як ртуць, нікель, свінец, марганец, кадмій. У лясной зоне гэта тэрыторыя пасялення двух дрэў, двух кратоў, аднаго вожыка і некалькіх тысяч дажджавых чарвякоў. Безумоўна, цяжкія металы накопліваюцца ў арганізме чалавека, наносячы непапраўную шкоду здароўю.

Трапіўшы на палігон разам з іншымі адходамі, пад уздзеяннем паветра і вільгаці батарэйка пакрываецца ржой, пачынаецца працэс карозіі, з’яўляюцца адтуліны — і пачынаюць  выдзяляцца таксіны.

І зусім не мае значэння, як далёка ад населенага пункта знаходзіцца палігон. Чалавек дыхае паветрам, п’е ваду, збірае ўраджай, і ў яго арганізме асядаюць цяжкія металы. Сёння мы яшчэ не адчуваем шкоднага ўздзеяння на сабе, бо першая батарэйка была выпушчана ў 1956 годзе, а перыяд яе распаду складае каля 100 гадоў. Вельмі ж не хочацца, каб  наступныя пакаленні адчувалі ўсю шкоду ад тых батарэек, якія мы сёння адправім у смеццевае вядро. 

Большасць так і робіць. Адгаворкі могуць быць розныя: “Не ведаем, куды іх здаць”, “Не хочацца дзеля адной батарэйкі збіваць ногі” і інш. Такім чынам, з-за няведання ці ляноты батарэйкі працягваюць адпраўляцца ў агульнае вядро. Сапраўды, куды ў г.п. Карэлічы можна здаць адпрацаваную батарэйку?

Першае месца –  пункт прыёму другаснай сыравіны Карэліцкага РУП ЖКГ на вул. Савецкай, 42. За прынесеныя батарэйкі грошы не заплацяць, але пачуццё выкананага абавязку таксама многае значыць.

– Наш пункт прымае адпрацаваныя батарэйкі, якія мы збіраем, а затым адпраўляем на ААТ “Брэст-ВТІ”. Сказаць, што прыносяць шмат элементаў сілкавання, не магу, за апошнія некалькі месяцаў усяго 4 батарэйкі. Мабыць, насельніцтва яшчэ не зразумела ўсёй важнасці праблемы, таму і нясуць неахвотна, – разважае майстар па добраўпарадкаванні Мікалай Мікалаевіч Яўсей.

Яшчэ адным пунктам, дзе можна пакінуць адпрацаваныя батарэйкі, з’яўляецца магазін “Еўраопт” на вул. Школьнай, 20.

– Ведаеце, толькі сёння людзі пачынаюць разумець, што адпрацаваным элементам сілкавання не месца ў прыродзе. Таму апошні год актыўна нясуць батарэйкі і кідаюць іх у спецыяльны кантэйнер. У верасні 2017 года мы здалі каля 7 кілаграмаў элементаў сілкавання на ААТ “Брэст-ВТІ”.  Асабліва радуе тое, што сёння дзеці, нават больш, чым дарослыя, далучаюцца да асобнага збору батарэек. І гэта вельмі радуе, – адзначае дырэктар магазіна “Еўраопт” Святлана Леанідаўна Чубрык.

“Еўраопт”, які размяшчаецца на вул. Гастэлы, 46, таксама гатовы прыняць адпрацаваныя батарэйкі. У трох магазінах  ПГУП “БелТавіс” па вул. Гастэлы, 21А, Кастрычніцкай, 64 і Нягневіцкая, У1 таксама знаходзяцца кантэйнеры для збору адпрацаваных элементаў. За мінулы год было здадзена з трох магазінаў 12 кілаграмаў батарэек.

Зусім нядаўна ў нашай краіне запушчана першая лінія па перапрацоўцы батарэек, якія адслужылі свой  тэрмін. Размяшчаецца яна ў вёсцы Станок-Вадзіца, што на тэрыторыі Мінскага абласнога тэхнапарку. Увесь працэс, за выключэннем ручнога сартавання, аўтаматызаваны. У выніку атрымліваюцца 3 фракцыі: стальная фракцыя, якая адпраўляецца на ААТ “Белдругпалімер”; сумесь, якая ўтрымлівае цынк, адпраўляецца на прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць у вытворчасці каляровыя металы; вугальна-марганцавая сумесь – на металургічныя заводы.

Магутнасць лініі – 100 тысяч батарэек у год. Пры неабходнасці яе можна павялічыць у разы за кошт увядзення другой змены альбо дадатковага абсталявання. Такім чынам, усе батарэйкі, якія будуць сабраны, абавязкова перапрацуюць. Наша галоўная справа – зрабіць правільны выбар: пакінуць адпрацаваную батарэйку ў спецыяльным кантэйнеры альбо адправіць яе на палігон забруджваць навакольнае асяроддзе.

Аксана ЯНУШ.

Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий