В рамках акции «Наши дети» в Кореличах состоялся новогодний благотворительный праздник

Што аб’ядноўвае дзяцей у гэтыя перадсвяточныя дні? Так, вера ў цуды, якія абавязкова адбудуцца, казку, якая несумненна знойдзе месца ў жыцці кожнага маленькага жыхара Карэліччыны.
Менавіта такая навагодняя казка сабрала дзяцей са шматдзетных, апякунскіх і прыёмных сем’яў, выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна і дзяцей-інвалідаў з усяго раёна на дабрачынным навагоднім прадстаўленні, якое адбылося 27 снежня ў актавай зале СШ №1 г.п. Карэлічы. 
Святочную эстафету віншаванняў распачаў старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Леанідавіч Шайбак:
– Наша навагодняе мерапрыемства праходзіць у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая накіравана на тое, каб кожны з вас адчуў падтрымку і клопат, увагу і цёплыя адносіны з боку дарослых. Бо менавіта мы павінны зрабіць так, каб вашы ўспаміны з дзяцінства былі толькі радасныя, светлыя, поўныя прыемных падзей.
Выдатным і такім неабходным падарункам стаў камп’ютар, які Віктар Леанідавіч уручыў выхаванцам і настаўніцкаму калектыву сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна.
Ганаровым удзельнікам святочнага мерапрыемства стала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольга Мікалаеўна Папко, якая выказала ўпэўненасць у тым, што кожны з прысутных маленькіх жыхароў Карэліччыны знойдзе свой асабісты шлях у жыцці і зможа ажыццявіць сваю запаветную мару. У дзіцячы пакой, які ў хуткім часе будзе працаваць пры Карэліцкай раённай бібліятэцы, Вольга Мікалаеўна падарыла цацкі і настольныя гульні. Менавіта тут дзеці змогуць далучыцца да кніг і ведаў, цікава правесці вольны час у той момант, калі іх бацькі будуць вырашаць надзённыя пытанні. 
Якое ж навагодняе свята без Дзеда Мароза і Снягуркі, казачных персанажаў і карагодаў вакол прыгажуні-ёлкі? Маленькія ўдзельнікі мерапрыемства змаглі сустрэцца не толькі з галоўнымі героямі навагодняй урачыстасці, але і пазнаёміцца з сімвалам надыходзячага 2018 года – Сабачкай Жучкай. 
Апошнім і самым прыемным акордам навагодняй казкі сталі салодкія падарункі, якія былі набыты пры падтрымцы Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, РА РГА “Беларускі дзіцячы фонд” і ПГУП “ДалексПрод”. Прыемная місія ўручэння падарункаў была даручана намесніку старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслану Юр’евічу Абрамчыку і начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Ірыне Валер’еўне Асташэвіч, якія пажадалі маленькім жыхарам Карэліччыны бацькоўскай любові, цеплыні і сямейнага дабрабыту.
Тое, што ў актавай зале СШ №1 г.п. Карэлічы сабраліся таленавітыя і здольныя дзеці, чарговы раз даказвалі работы з выставы “Вясёлка Надзеі”, якія былі створаны рукамі дзяцей-інвалідаў. Аплікацыі з нітак і падручных сродкаў, вырабы з паперы і гліны ўражвалі арыгінальнасцю і тэхнікай выканання.
Аксана ЯНУШ.
Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий