Лепшыя жывёлаводы – з узнагародамі

Карэліцкі раённы камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў АПК у рамках рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» узнагародзіў лепшых працаўнікоў  жывёлагадоўчай галіны КСУП “Малюшычы”.

– Жывёлагадоўля – вельмі цяжкая, але такая неабходная галіна сельскай гаспадаркі. Менавіта ад вашай працы залежыць наяўнасць на стале кожнага з нас малочных і мясных прадуктаў харчавання. Вы старанна і добрасумленна працуеце кожны дзень на карысць роднай гаспадаркі, – звярнулася да ўсіх прысутных старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Леанідаўна Пянькоўская.

Падзячныя лісты і грашовыя прэміі за адказнае стаўленне да выканання прафесійных абавязкаў атрымалі шэсць лепшых жывёлаводаў КСУП “Малюшычы”: жывёлавод МТФ “Малюшычы” Віктар Мікалаевіч Аляшкевіч, жывёлавод фермы “Даўгінава” Наталля Яўгеньеўна Уласевіч,  аператар машыннага даення МТФ “Сэрвач” Людміла Уладзіміраўна Цівунчык, жывёлавод МТФ “Волца” Аляксандр Аляксандравіч Марцінкевіч,   жывёлавод фермы “Тупалы” Уладзімір Уладзіміравіч Патук і аператар машыннага даення МТФ “Машэвічы” Таццяна Мікалаеўна Каратай.

 Цёплыя віншаванні і шчырыя словы падзякі за шматгадовую добрасумленную працу выказалі ўзнагароджаным старшыня КСУП “Малюшычы” Сяргей Міхайлавіч Барыскін і старшыня прафкама прадпрыемства Алена Мікалаеўна Дзірвук.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий