С республиканского конкурса профмастерства WorldSkills Belarus учащиеся Кореличчины привезли 2 медали

У Мінску назвалі пераможцаў III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. Больш за 300 навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых з усіх рэгіёнаў краіны спаборнічалі па 37 прафесіях у такіх галінах, як тэхналогіі будаўніцтва, вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, сацыяльныя і персанальныя паслугі, творчыя прафесіі і мода. Сярод пераможцаў — двое навучэнцаў Мірскага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа Яўгеній Чэрнік і Дзяніс Шатаў.

Трэцякурснік Яўгеній Чэрнік прывёз з конкурсу сярэбраны медаль: ён стаў другім у кампетэнцыі «Вытворчасць мэблі». Выкладчык каледжа Іван Лясько, які дапамагаў Яўгенію рыхтавацца да спаборніцтваў, зусім не здзівіўся гэтай перамозе. У хлопца гарманічна спалучаецца талент сапраўднага майстра і ўменне слухаць свайго настаўніка. А яшчэ дзіўная працаздольнасць. Пачынаючы з верасня ён кожны дзень рыхтаваўся да выпрабаванняў, пры гэтым вучыў правілы дарожнага руху, планаваў атрымліваць правы кіроўцы.
— Любоў да працы з дрэвам у мяне яшчэ са школы, — расказвае Яўгеній, — а бацькі ўпэўнены, што гэта ў крыві. Амаль усе мае продкі былі добрымі цеслярамі. Думаю, што цяга да рамяства перадалася мне ад маіх прадзедаў.
Умовы ў конкурсе, успамінае хлопец, былі строгія. Трэба было за 11 гадзін зрабіць тумбачку з высоўнай скрыняй. Прычым у зазоры паміж дэталямі не павінна было прайсці лязо дыяметрам 0,3 мм, інакш работа не залічвалася.
— Яўгеній надзвычай захоплены сваёй справай, — расказвае намеснік дырэктара каледжа Канстанцін Петрыман, — ён літаральна жыве любімай справай, увесь час нешта стругае, з заплюшчанымі вачыма па адным толькі паху можа вызначыць пароду драўніны.

Яшчэ адзін медаль — бронзавы — у скарбонку дасягненняў Мірскага каледжа прывёз з конкурсу выпускнік Дзяніс Шатаў. Намінацыя «Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы» прынесла яму трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе.
— Калі даведаўся пра вынік, адразу нават не паверыў, — успамінае хлопец, — канкурэнцыя была моцная. Побач працавалі вопытныя рабяты, якія даўно працуюць на будоўлі. Ды і ўмовы былі няпростыя. Не дапускаліся размовы або падзенне інструмента з рук. За гэты здымаліся балы. Але ў мяне нядрэнна атрымалася. Я вельмі ўдзячны свайму майстру Наталлі Уладзіміраўне Атцэцкай, якая на працягу ўсяго года рыхтавала мяне да конкурсу. Разам мы ездзілі на стажыроўку ў Мінск, займаліся на базе каледжа. Увогуле папрацавалі на славу!
Перамога перамогай, але расслабляцца няма калі, запэўніваюць хлопцы. Бо наперадзе і ў Яўгенія, і ў Дзяніса выпускныя экзамены і дыпломныя работы. У планах — паступленне ў ВНУ, атрыманне прафесіі інжынера. Але галоўнае, як лічаць выкладчыкі каледжа і самі хлопцы, чалавек, які валодае рамяством, ніколі не прападзе, бо, як вядома, справа майстра баіцца.
Іна ЛЕЙКА.

Фота аўтара

 і з архіва Д. Шатава.

 

Добавить комментарий