Летом дети должны быть под присмотром

На мінулым тыдні ў чытальнай зале раённай бібліятэкі адбыўся чарговы семінар-вучоба ідэалагічнага актыву раёна пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іны Міхайлаўны Санчук.

Усім вядома, што летні адпачынак – час павышанай небяспекі. Нездарма на працягу семінара неаднаразова прагучала слова “клопат”, а менавіта клопат пра асабістае жыццё і жыццё дзяцей, за якое дарослыя нясуць поўную адказнасць. На гэтай тэме засяродзіў сваю ўвагу старшыня раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Аляксандр Яўгеньевіч Кандрусік, які прывёў статыстычныя дадзеныя гібелі людзей на вадаёмах Гродзенскай вобласці:

– Калі ў 2017 годзе ахвярамі воднай стыхіі сталі 43 чалавекі, то за няпоўны месяц купальнага сезону бягучага года вадаёмы вобласці забралі ўжо 28 чалавек, сярод якіх чацвёра непаўналетніх. Мы вучым дзяцей пераходзіць дарогу на зялёны колер светлафора, забараняем ім карыстацца запалкамі. Але забываем чарговы раз нагадаць аб правілах паводзін пры купанні. У адносінах да дзяцей ва ўзросце трох гадоў павінна дзейнічаць правіла адной рукі: не адпускайце іх далей, чым на паўтара метра ад сябе. Існуе шмат прыкладаў, калі пікнік на беразе вадаёма, які суправаджаўся распіваннем спіртных напояў, заканчваўся трагічна.

Праз усё выступленне інспектара групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадствам Карэліцкага РАНС Аксаны Сяргееўны Скок прайшла тэма дзіцячай бяспекі, якая залежыць у першую чаргу ад уважлівасці бацькоў. Згадзіцеся, што такіх трагедый, калі хлопчык абапёрся на маскітную сетку і выпаў з акна, дзяўчынка праглынула батарэйку, малы перакуліў на сябе кубак з гарачай гарбатай і атрымаў апёкі, можна было б пазбегнуць, калі б бацькі прадумалі дзеянні дзіцяці на некалькі крокаў наперад.

– Вы заўсёды можаце разлічваць на дапамогу выратавальнікаў у цяжкім становішчы, – запэўніла Аксана Скок. – Зачыніліся дзверы, а ключы засталіся ў кватэры, – набірайце тэлефонны нумар “101” альбо “112”, і супрацоўнікі Карэліцкага РАНС абавязкова дапамогуць. Прыехалі на дачу і заўважылі гняздо шэршняў, выклікайце выратавальнікаў. Гэта з’яўляецца платнай паслугай, але, згадзіцеся, здароўе даражэй. Можна прывесці яшчэ шмат прыкладаў, калі прафесіянальныя дзеянні выратавальнікаў дапамаглі пазбегнуць трагічных наступстваў.

– Бацькі павінны ведаць, дзе знаходзяцца і чым займаюцца іх дзеці. Калі яны не маюць карысных заняткаў, абавязкова знойдуцца небяспечныя, – адзначыў намеснік начальніка Карэліцкага РАУС па ідэалагічнай рабоце Максім Мікалаевіч Чак. – На папярэджанне правапарушэнняў, траўматызму і гібелі дзяцей накіравана рэспубліканская міжведамасная праграма “Клопат”, якая дзейнічае з 1 мая па 1 кастрычніка. Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць занятасці дзяцей з сацыяльна небяспечных сем’яў, тых маладых людзей, якія знаходзяцца на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх. Карысней для ўсіх будзе прытрымлівацца правіла: “Занятыя дзеці – спакойныя бацькі”.

Аксана ЯНУШ.

Фота Іны ЛЕЙКА.

Добавить комментарий