Выпускной бал состоялся в Кореличах (ФОТО+ВИДЕО)

На галоўнай плошчы райцэнтра ў суботу, 9 чэрвеня, праведзены раённы выпускны баль.

Быць грамадзянінам сваёй Айчыны

У сваёй прамове старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Леанідавіч Шайбак назваў гэты дзень прыгожым і запамінальным, разам з тым хвалюючым і кранаючым сэрцы. Даецца пуцёўка ў жыццё выпускнікам раёна, якія пры дапамозе і падтрымцы    настаўнікаў і бацькоў дасягнулі пэўных вынікаў,  ім неабходна выкарыстаць гэты багаж ведаў на вялікім шляху.

«Галоўнае — знайсці сябе ў жыцці, — сказаў кіраўнік раёна. — Захоўваць мудрыя словы педагогаў і наказы бацькоў. Цаніць і берагчы школьную дружбу і пранесці яе праз усё жыццё. І ўсё тое добрае, што дала школа, трэба імкнуцца скарыстаць на жыццёвай дарозе».

Віктар Леанідавіч адзначыў, што з года ў год узрастае статус сістэмы адукацыі раёна: выпускнікі паказваюць высокія вынікі пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Словы ўдзячнасці адрасаваў настаўнікам раёна за працу, а бацькам — за цярпенне. Выпускнікам пажадаў пранесці высокае званне грамадзяніна нашай краіны праз усё жыццё.

Напрыканцы прамоўца выказаў упэўненасць, што абраны юнакамі і дзяўчатамі курс будзе верным і карысным. Зычыў ім здароўя, творчасці, адкрываць для сябе новае і вечнае. У добры шлях, выпускнікі 2018 года!

 

Лепшыя з лепшых

Школа дае трывалыя веды, фарміруе асобу, раскрывае таленты. Той, хто ставіць перад сабой мэту і ўпэўнена крочыць да яе ажыццяўлення, дабіваецца высокіх вяршынь. Шчыра і пранікнёна павіншавала выпускнікоў школ раёна начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Валер’еўна Асташэвіч і адзначыла, што яны хутка зменяць статус выпускніка на статус абітурыента, і ад таго, як пабудуюць сваё жыццё, будзе залежыць і будучыня старэйшага пакалення. Пажадала выбраць сваю дарогу ў жыцці, стварыць моцную сям’ю, сустрэць надзейных сяброў, не забываць школу і родных, быць добрымі людзьмі. Выказала словы прызнання настаўнікам і бацькам, якія ўсё рабілі для таго, каб дзяўчаты і юнакі маглі ўпэўнена крочыць да пастаўленай мэты.

Ірына Валер’еўна ўручыла выпускнікам атэстаты асаблівага ўзору. Залатых медалёў сёлета ўдастоены Любоў Адамцэвіч (ДУА «Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы»), Антон Лецка (ДУА Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы»), Улада Пісклова (ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір»), Яўгенія Цвірка (ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір»). Сярэбраны медаль уручаны вучаніцы Турэцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Анастасіі Крэнь.

Прэміі Ігната Дамейкі былі ўручаны Яўгеніі Цвірка і Антону Лецка.

Згодна з рашэннем Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта грашовай прэміяй заахвочаны дыпламанты І і ІІІ ступеняў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі Вераніка Шумчык і Елісей Калюта з ДУА «Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы».

Падзячнае пісьмо Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў уручана настаўніку біялогіі ДУА «Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы» Ганне Канстанцінаўне Шклярж, якая падрыхтавала пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды.

Карэліччына багатая на таленты
Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА «Белая Русь» Руслан Юр’евіч Абрамчык даў высокую ацэнку выпускнікам: яны сталі лепшымі ў вучобе, творчасці, спорце. Наперадзе іх чакаюць іспыты, і гэта яшчэ адна магчымасць паказаць сябе. У жыцці будзе шмат экзаменаў, але гэтыя першыя, і іх трэба вытрымаць паспяхова. «Няхай у жыцці ўсё атрымаецца, станьце сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны», — пажадаў прамоўца.
Руслан Юр’евіч уручыў прэмію Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Уладзе Піскловай з ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір» і Аляксею Казлоўскаму з ДУА «Лукская сярэдняя школа» за высокія вынікі ў вучэбнай, інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці.
Адзначыўшы вялікую ролю ў жыцці дзяўчат і юнакоў сваёй зямлі, роднага куточка, пляча бацькоў, якія былі і павінны застацца найвялікшым і каштоўным у жыцці, галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд» Вольга Віктараўна Куляка ўручыла стыпендыю Гродзенскага абласнога аддзялення «Беларускі дзіцячы фонд» вучаніцы ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір» Вераніцы Хілевіч і каштоўны падарунак — Анастасіі Крэнь з ДУА «Турэцкі дзіцячы сад- сярэдняя школа».
— Для вас гэты дзень гістарычны, пройдзе час і вы будзеце яго ўспамінаць. Вы ў школе набылі трывалыя веды, сустрэлі сапраўдных сяброў і першае каханне. У вялікім жыцці вы будзеце адказваць за свае ўчынкі, захавайце лепшыя рысы характару і зрабіце ўсё для таго, каб мы вамі ганарыліся, — сказаў у сваёй прамове старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў. Ён адзначыў Падзячнымі пісьмамі ўпраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта за забеспячэнне якасці работы з вучнямі, падрыхтоўку выпускнікоў-прэтэндэнтаў на атрыманне атэстатаў асаблівага ўзору з узнагародай залатым медалём адміністрацыі і педагагічныя калектывы ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір» (дырэктар Таццяна Ільінічна Шаплыка), ДУА «Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы» (дырэктар Алена Аляксандраўна Вярбіцкая), ДУА «Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы» (дырэктар Вікенцій Арсеньевіч Браніцкі), ДУА «Турэцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа» (дырэктар Ганна Уладзіміраўна Шугала).

Благаславенне на дарогу
Наперадзе выпускнікоў чакае вялікае жыццё. Па якім шляху пайсці, вырашаць ім самім. Хочацца, каб усе пажаданні збыліся, як і наказы на дарогу, якія даў юнакам і дзяўчатам на ўрачыстасці благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы, протаіерэй Мікалай Орса: жыццё павінна мець сэнс, трэба прыносіць даброты ў жыцці, любіць бліжняга як самога сябе, рабіць добрыя справы.
Святар выказаў Благаславенне Гасподне для выпускнікоў на дарогу.

Для цябе, выпускнік!
Безліч увагі, слоў, узнагарод, падарункаў было для выпускнікоў у гэты дзень. І сама ўрачыстасць, якой няма роўнай, сапраўды прыгожая і хвалюючая. І ў рэшце рэшт, гэты новы крок на новую лесвіцу — у вялікае жыццё. Дык няхай усе пажаданні збудуцца, і ўсё ў цябе атрымаецца, выпускнік!
На раённым балі выпускнікі адкрылі новы летапіс і першы яе том перадалі начальніку ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірыне Валер’еўне Асташэвіч. «Спадзяюся, што мы прадоўжым летапіс, а вы праз дзесяць гадоў вяртайцеся пачытаць, наколькі збыліся вашы пажаданні», — сказала яна.
На ўрачыстасці прагучала шмат музычных кампазіцый з нагоды свята ў адрас выпускнікоў. Самі яны цудоўна танцавалі вальс, адрасоўвалі найлепшыя словы настаўнікам, бацькам, вучням.
Напрыканцы выпускнога балю юнакі і дзяўчаты загадалі свае жаданні — і адпусцілі іх з рознакаляровымі шарамі ў блакітнае неба. Няхай яны збудуцца!

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Іны ЛЕЙКА.

 

Добавить комментарий