Три новеньких комбайна скоро начнут жатву в Кореличском районе

Праз некаторы час, які ў значнай ступені будзе вызначаны ўмовамі надвор’я, для аграрыяў Карэліччыны пачнецца важная пара – уборачная кампанія-2018. Менавіта яна падвядзе канчатковую рысу пад шматмесячнай працай хлебаробаў раёна.

Для таго, каб хутка і якасна ўбраць збожжавыя, сёння да ўборачнай сур’ёзна рыхтуюцца ўсе сельгаспрадпрыемствы Карэліччыны. Безумоўна, працэс падрыхтоўкі да жніва – справа не аднаго дня. Таму такія буйнейшыя гаспадаркі раёна, як СВК “Жухавічы”, ДП “Лукі-Агра”, СВК “Свіцязянка-2003”, СВК “Маяк-Заполле”, ужо падчас пасяўной глядзелі далёка наперад і пачалі набываць неабходныя дэталі для зернеўборачнай тэхнікі.

– На сённяшні дзень агульнараённы паказчык гатоўнасці камбайнаў да выхаду на ўборачную страду складае 71%. У асобных гаспадарках ён на ўзроўні 85-90%, у іншых – 65%. Усё залежыць ад фінансавых магчымасцей таго ці іншага сельгаспрадпрыемства, – адзначыў вядучы спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Мікалаевіч Гавіна. – Да падрыхтоўкі камбайнаў неабходна падыходзіць з поўнай адказнасцю. Тут не можа быць дробязяў. Як і ў любой тэхніцы, кожная шрубка павінна быць на сваім месцы. Да таго ж зернеўборачны камбайн працуе толькі месяц за ўвесь год, але за гэты час ён выкладваецца на поўную моц. Таму ў самы адказны момант тэхніка не павінна падвесці.

Усяго ў гаспадарках раёна налічваецца 89 камбайнаў, з якіх 13 замежных “Лексіёнаў” і 8 “Джон-Дзіраў”. Уся астатняя тэхніка айчыннай вытворчасці, дзе перавага аддадзена “Палессю КЗС-1218”, колькасць якіх складае 45 адзінак. Па словах Сяргея Гавіны, імпартныя камбайны нязначна адрозніваюцца ад беларускіх па прадукцыйнасці і якасці працы. У той жа час іх рамонт і абслугоўванне абыходзіцца дастаткова дорага.

Ва ўборачнай кампаніі бягучага года ўпершыню прымуць удзел тры новенькія зернеўборачныя камбайны “Палессе КЗС-1218”. СВК “Свіцязянка-2003” набыў дзве новыя адзінкі тэхнікі. Да пачатку ўборачнай у СВК «Жухавічы» плануюць набыць новы камбайн айчыннай вытворчасці. ДП “Лукі-Агра” таксама можна павіншаваць з папаўненнем машынна-трактарнага парку. Каб зрабіць гэта асабіста, адпраўляемся ў “Лукі-Агра”. Вось ён, магутны камбайн, які зіхаціць на сонцы і чакае свайго першага выхаду на хлебную ніву. Хто ж сядзе за штурвал новенькай тэхнікі?

– Вельмі прыемна, што менавіта мне даручылі працаваць на новым “Палессі”. У той жа час адчуваю адказнасць і хваляванне, –  падзяліўся Алег Мікалаевіч Шастакоў, для якога гэта будзе трэці сезон на ўборачнай страдзе. Першыя два ён працаваў у якасці памочніка камбайнера. Агульны ж стаж працы Алега Шастакова, які нарадзіўся ў в. Асташын, больш дзесяці гадоў.

Загадчык мехмайстэрнямі ДП “Лукі-Агра” Юрый Міхайлавіч Трыбуць станоўча ахарактарызаваў маладога працаўніка:

– Працуе заўсёды старанна і адказна, добра зарэкамендаваў сябе, ніякіх заўваг ніколі не было. Менавіта таму Алегу Шастакову выпаў гонар працаваць на новай тэхніцы. Упэўнены, што ён зможа здзяйсніць шмат працоўных подзвігаў.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий