Правінцыйны ДЗЭН: Жыхары Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў раскрылі сваё разуменне прыгажосці

ДЗЭН – бачыць рэчы такімі, якія яны ёсць,
і даць усяму ісці сваёй чаргой.
Сюнру СУДЗУКІ

9 верасня планета адзначае Сусветны дзень прыгажосці. Люблю такія простыя і добрыя святы, якія абуджаюць лепшае ў кожным з нас. Бо калі ты адзначаеш міжнародны дзень усмешкі ці шчасця, альбо абдымак і сяброў, то і настрой падымаецца, і свет навокал змяняецца.

Пытанне касмічнага маштабу

І вось на каляндары – свята прыгажосці. Хочацца яго адзначыць хораша і незабыўна. А чаму б і не? Але перш чым святкаваць, трэба разабрацца, ШТО ТАКОЕ ПРЫГАЖОСЦЬ. “Яшчэ б спытала ў чым сэнс жыцця?” – падумаеце вы.

Сапраўды, пытанне глабальнае. На гэтую тэму, як падказвае гугл, нават пішуць вялізныя навуковыя працы ў стылі “Прыгажосць як міждысцыплінарны аб’ект даследаванняў”. І, наогул, на працягу стагоддзяў людзі шукаюць залатыя сячэнні, спрачаюцца аб стандартах хараства, нават пабудавалі індустрыю прыгажосці. Так, сёння мы жывем у свеце глянцавых часопісаў і пластычных хірургаў, дзе па подыумах гарцуюць мадэлі, а ў інтэрнэце рэкорды “лайкаў” і праглядаў ставяць б’юці-блогеры, ды яшчэ стылісты абяцаюць зрабіць багіняй, фітнес-інструктары гарантуюць дасканалую фігуру, а псіхолагі і трэнеры асобаснага росту – гарманічны ўнутраны свет.

І гэта нармалёва і адпавядае часу. Але ідэалістка ўнутры мяне пытае: «Няўжо прыгажосць сёння ў большым толькі бізнес? Ці ўкладваем мы ў гэта паняцце глыбіню і асаблівы сэнс?»

У пошуках адказаў на такія філасофскія пытанні я звярнулася да тых, хто побач, — да маленькіх і дарослых жыхароў Карэліч і Навагрудка. Гэта блізкія майму сэрцу мясціны і мне было цікава ведаць, як нашы людзі ставяцца да прыгажосці, што разумеюць пад ёй і як увасабляюць у жыццё? Бо, на маю думку, ад гэтага залежыць не толькі знешні выгляд, але і ўнутраны стан нашай малой радзімы – наколькі прыгожымі і ладнымі будуць нашы ўзаемаадносіны.

Мы і Прыгажосць

Нават наглядаць за тым, як людзі розных узростаў і заняткаў рэагуюць на пытанне “што такое прыгажосць?”, было надзвычай цікава. Як правіла, спачатку ў размове наступала паўза. А затым надыходзіла чарга для некалькіх сцэнарыяў развіцця гутаркі. Для кагосьці тэма прыгажосці была вельмі асабістай, дзесьці ўнутрана забароненай, і людзі вырашалі не дзяліцца ёю з іншымі. Другія мелі патрэбу ў часе, каб сабрацца з думкамі і пачуццямі і даць грунтоўны адказ. А трэція адразу пачыналі шчыра і эмацыйна разважаць аб харастве.

Кожная новая думка пра прыгажосць будзіла ўнутры радасць, натхняла, паказвала многія рэчы з іншага ракурсу. Адны словы дарылі шчаслівую ўсмешку, другія краналі да слёз, іншыя заклікалі да дыскусіі. А даражэй за ўсё была шчырасць людзей. Яна напаўняла сэрца бясконцай удзячнасцю кожнаму, хто, магчыма, пераадолеў сябе і расказаў аб патаемным.

Ці трэба гэтыя адказы каментаваць альбо аналізаваць? Асабіста для мяне — не. Я палюбіла думкі кожнага апытанага і проста хачу падзяліцца імі, каб вы таксама адчулі ўсе 24 адценні прыгажосці па-навагрудскі і па-карэліцкі.

Вось якія сакрэты хараства нам раскрылі самыя юныя ўдзельнікі апытання.

Марыя Карповіч, вучаніца 6 класа сярэдняй школы №7 г. Навагрудка:

“Прыгажосць – усё тое, што людзі ствараюць з добрымі эмоцыямі для іншых і не шкадуюць дзеля гэтага часу і сіл”.

Злата Марушка, вучаніца 6 класа сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы:

“Прыгожая – мая бабуля, якая пячэ самыя смачныя пірагі. А яшчэ кветка ў расе. Абавязкова – мае самыя добрыя ў свеце тата і мама. Прыгожыя – родныя мясціны. Уяўляеце, ля дома маёй бабулі расце бярозка – мая аднагодка, яе пасадзілі ў мой дзень нараджэння. І гэта таксама вельмі прыгожа!”

Сафія Мінзар, вучаніца 10 класа сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы:

“Прыгажосць – паняцце неадназначнае. Кагосьці натхняе прырода, іншага – пярсцёнак, трэцяга – людзі і іх дасягненні. Для мяне прыгажосць – тое, што нельга ўбачыць, а можна толькі адчуць. Калі гаворка ідзе пра футра ці каштоўнасці, то я не адчуваю іх хараства. Прыгажосць большая за ўсё матэрыяльнае. І яшчэ яна не можа несці зло, толькі добрае і вечнае”.

Дар’я Конюх, вучаніца 11 класа сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы:

“Прыгажосць – унутры. Яна ў тым, чым захапляецца і дыхае чалавек, ва ўзаемаадносінах з іншымі, у паводзінах і ўчынках. Прыгажосць натхняе і штурхае творцаў да бессмяротных шэдэўраў музыкі, жывапісу, архітэктуры. Хараство, наогул, стымулюе на здзяйсненне мараў. Яго можна знайсці ўсюды. Галоўнае – не капіраваць, а ісці сваім шляхам, мець уласны стандарт прыгажосці і памятаць, што чалавека стварае не знешнасць, а ўнутраны свет”.

Хараство, наогул, стымулюе на здзяйсненне мараў. Яго можна знайсці ўсюды.

Студэнты здзівілі сваёй прыроднай мудрасцю і прынцыповасцю ў пытаннях прыгажосці.

Анастасія Буга, студэнтка філіяла БДЭУ “Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж”:

“Асабіста для мяне прыгажосць – гэта сузіранне любові, што пануе ў сэрцы кожнага з нас. Гэта парыў душы і натхнення. Бо толькі пражываючы чароўнае пачуццё, мы заўважаем прыгажосць у самых простых і, здавалася б, нязначных рэчах. Прыгажосць у вачах блізкіх, прыгажосць у добрых учынках ці ўсмешках мінакоў, яна – вакол нас… Ведаеце, калі казаць адным словам, то прыгажосць – гэта любоў. А любоў яна такая – для ўсіх розная”.

Прыгажосць – гэта любоў.

Алена Рамановіч, студэнтка філіяла БДЭУ “Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж”:

“Прыгажосць, у першую чаргу, для мяне важная душэўная. Дабрыня, шчырасць, адданасць, бескарыслівасць – вось, дзе сапраўднае хараство. Але ў наш час вялікае значэнне мае яркая знешнасць як для жанчын, так і мужчын. Гэта факт, які трэба прыняць і зразумець”.

Валерыя Корсак, студэнтка філіяла БДЭУ “Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж”:

“Для мяне прыгажосць дзеліцца на два тыпы: унутраная і знешняя. Першая – гэта багаты духоўны свет чалавека. Таксама такія рысы, як выхаванасць, красамоўства, уменне падтрымаць і выслухаць. А знешняя прывабнасць для кожнага свая, на розны густ. Але галоўнае для чалавека не выгляд, а ўнутраная сутнасць”.

Максім Раманюк, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта:

“Прыгажосць жыцця – гэта кожную раніцу адчуваць, што ты камусьці патрэбны”.

Творцы – мастакі, паэты, пісьменнікі – звязалі прыгажосць з паняццямі мастацтва і культуры і зазірнулі ў самую існасць чалавечай душы.

Кастусь Качан, мастак, гаспадар карціннай галерэі:

“Наша жыццё – гэта ода прыгажосці. Яна бачыцца мне ў тым, што далучае нас да Вышэйшага і Вечнага. Для мяне як для мастака прыгажосць – гэта краявід, якія абуджае глыбокія пачуцці, вяртае ў часы, калі я толькі пазнаваў свет. Такая эмоцыя нібы камертон таго, што я на пэўным шляху. І ў такія імгненні я па-сапраўднаму шчаслівы. А ў чалавеку дзе хараство? Унутры. Бо там усё тое, што мы атрымалі ад Бога, бацькоў, настаўнікаў, навакольнага свету і лёсу”.

Наша жыццё – гэта ода прыгажосці.

Галіна Калтунова, кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя»:

“Прыгажосць – не вопратка, не ідэальныя рысы знешнасці, не модныя разважанні. Прыгажосць – гэта калі ў чалавека вочы і твар ззяюць дабрынёй. Глядзіш на такую асобу і бачыш чысцюткі, як крышталь, унутраны свет. Ненаіграны, няштучны, дзе няма месца зайздрасці і злосці. Бо прыгажосць – гэта дабрыня, якую “можа пачуць глухі і пабачыць сляпы”. Бывае пасля чарговай цяжкай аперацыі ляжыш паўпрытомная, ледзьве расплюшчыш вочы, а над табой ужо схіліліся дактары і трымаюць цябе за руку. Вось яна – прыгажосць моманту і чалавечай чуласці. А як захаваць гэтае хараство ўнутры сябе? Пры дапамозе самой кароткай малітвы ў свеце – дзякуй. Ды яшчэ варта быць чалавекам вялікага сэрца, бо яно, як акіян, ніколі не замярзае. Памятайце пра тое, што калі клапоціцеся пра прыгажосць, пачынайце з сэрца, будзьце няпомслівымі і міласэрнымі, жывіце па прынцыпу: “Калі ў цябе каменьчыкам, ты ў адказ – хлебам”. Не азірайцеся на мінулае і не страчвайце веры ў тое, што “наперадзе ўсё лета”, любіце людзей і жыццё – яно ж такое чароўнае!”

Прыгажосць – гэта дабрыня, якую “можа пачуць глухі і пабачыць сляпы”.

Аляксандр Абадзінскі, паэт, музыкант, трэнер па каратэ:

“Прыгажосць – гэта стан душы. Калі душа чалавека ў раўнавазе, то ён бачыць і разумее прыгожае. Прыгажосць – гэта гармонія. Імкнуцца да прыгажосці закладзена ў самой прыродзе чалавека. Каб быць прыгожым, трэба шмат працаваць над сабой”.

Прыгажосць – гэта гармонія.

Міхаіл Зізюк, пісьменнік, музыкант, прадпрымальнік:

“Прыгажосць… Якая яна? Мне здаецца, абстрактнасць гэтага паняцця адносная. І хоць у кожнага чалавека свой погляд, агульным будзе тое, што яна ўздымае на вышыню чалавечыя пачуцці. Калі мы радуемся ўбачанаму, пачутаму, прачытанаму. Таму нездарма прыгажосць бывае не толькі знешняя, але і ўнутраная. А яшчэ мне здаецца, што прыгажосць – гэта стан душы. Толькі чалавек з прыгожай душой можа радавацца ўсяму добраму і светламу. Так што будзьце прыгожымі!”

Прыгажосць – гэта стан душы.

Святлана Госса, пісьменніца, шукальніца прыгажосці:

“Для мяне прыгажосць – гэта шчырасць. Між тым, у кожнага чалавека сваё разуменне хараства.

Таму нават калі людзі ашаломліваюць сваімі незвычайнымі паводзінамі, трэба разумець, што ў гэты момант яны таксама адчуваюць сваю прыгажосць. Таму і свет навокал такі цікавы і чароўны.

А хтосьці бачыць прыгажосць у тым, каб прыбраць маршчынкі, падцягнуць скуру, звярнуцца да сілікону. Гэта зараз модна. І для пэўных людзей гэта таксама прыгажосць.

Іншыя – крытычныя і катэгарычныя ў словах і ўчынках, ідуць напралом. А жыццё вучыць іх мяккасці, тактоўнасці, далікатнасці, магчымасці ўбачыць прыгажосць.

Сапраўды, адным словам прыгажосць не апісаць. Трэба расплюшчыць вочы, захацець убачыць і адчуць. Світанак, калі ўзыходзіць сонца і абяцае добры дзень, калі чуеш спевы птушак навокал і напаўняешся энергіяй радасці, асаблівым хараством. Заход, калі сонца падпальвае край небасхілу. Таямніца і ўзаемны рух Зямлі і нябеснага свяціла. Падумаць толькі, яшчэ старажытныя людзі сядзелі ў абдымку з дубінкамі ў руках і, усміхаючыся, цешыліся ўсходамі і заходамі.

Такім чынам, прыгажосць існуе ад стварэння свету і перадаецца паміж пакаленнямі ў спадчыну. А чаго вартае дзіўнае спалучэнне афарбоўкі пёраў птушак, дзе Найвялікі Эстэт Свету дэманструе сябе ва ўсёй сваёй пышнасці.

Мы з вамі таксама маем дачыненне да прыгожых і добрых спраў, вялікіх твораў мастацтва, грандыёзных навуковых адкрыццяў. Мы ўзбагачаем паняцце прыгажосці – фізічнай і на ўзроўні эмоцый, мовы і думак, чалавека і прыроды. Таму важна задаваць сабе пытанні, што мы робім з прыгажосцю, асабліва калі лёс дае нам выпрабаванні, і што будзем мець за спінай у канцы жыцця? Мы можам добра апранацца і мець пэўны аўтарытэт. І ўсё ж галоўная каштоўнасць у тым, каб пражытыя дні сведчылі аб прыгажосці асобы. А вучыцца прыгажосці, нагадаю, трэба ў Найвялікага Эстэта Свету.

Прыйдзецца нямала перажыць, каб зразумець з урокаў лёсу, якую дарогу абраць. Бо часта толькі пасля сур’ёзных іспытаў нам выпадае магчымасць убачыць сапраўдную прыгажосць, дзякуючы ўласнай свядомасці, вялікай любові і клопату Вышэйшага розуму і падтрымцы людзей. З гэтага вынікае, што мы ўсе прыгожыя па-свойму і патрэбныя адзін аднаму. Наша місія – клапаціцца, верыць і ствараць прыгажосць з любоўю і бескарысна. Бо як убачыць прыгажосць без любові да людзей і жыцця? Нікога не падманеш фальшывай любоўю, нікога не сагрэеш знешняй прыгажосцю. Калі няма ўнутранага хараства, мы – банкруты!

Нікога не падманеш фальшывай любоўю, нікога не сагрэеш знешняй прыгажосцю.

Мы дзетак прывялі ў гэтае жыццё, каб у нас саміх была магчымасць любіць іх і разам з імі ствараць прыгажосць. Калі хочаш бачыць прыгажосць і зрабіць шчаслівым хаця б аднаго чалавека, то ідзі і жыві радасцю, спачуваннем і любоўю. Шукай прыгажосць у сваім сэрцы!

А калі іншыя не могуць бачыць прыгажосць, ствараць яе, значыць – ім дрэнна. На гэта ёсць свае прычыны. Але мы можам зразумець таямніцу зачыненасці людзей. Для гэтага патрэбныя цёплыя словы падтрымкі, рукі, якія абдымуць, і вера ў тое, што ў жыцці, у чарзе заходаў і ўсходаў, для нас заўжды знойдзецца гарманічнае месца, дзе ўнутранная прыгажосць дапамагае зразумець хітраспляценні лёсу.

А яшчэ сіла прыгажосці ва ўдзячнасці за ўсё. Дзякуй вам за ўвагу!”

Гісторыкі вызначыліся лаканічнасцю і ў той жа час паэтычнасцю ў тлумачэнні паняцця прыгажосці.

Дзмітрый Арцюх, дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея:

“Самае цікавае тое, што прыгажосць кожны з нас бачыць па-рознаму і, магчыма, там, дзе іншы і не заўважае яе. Для мяне як для гісторыка – гэта прыгажосць архітэктуры старадаўніх будынкаў, скульптураў, жывапісу, якая можа быць цікавай не толькі ў інфармацыйным кантэксце, але і з эстэтычнага пункту гледжання. Творы рук і розумаў людзей мінулага для мяне непараўнальныя ні з чым. А сфатаграфаваныя пад пэўным вуглом помнікі гісторыі, наогул, могуць бясконца радаваць вока сваёй узнёсласцю і веліччу”.

Марына Ваўчок, гісторык:

“Прыгажосць – гэта хараство душы і цела. А яшчэ асалода ад таго, што мы бачым, чуем і адчуваем. І, безумоўна, гэта гармонія прыроды і чалавека”.

На “прыгожае” пытанне адказала і пераможца конкурсу красы нашай газеты.

Вікторыя Чычкан, «Міс “Полымя”-2012»:

“Для мяне прыгажосць – гэта гармонія знешняга і ўнутранага хараства. Прычым, унутраная прыгажосць заслугоўвае асобай увагі, бо спалучае ў сабе ўсебаковае развіццё чалавека, яго душэўнасць, чуласць і дабрыню. Што датычыцца конкурсу прыгажосці “Міс “Полымя”, то ён быў другім па ліку ў маім жыцці. Першы здарыўся яшчэ ў пачатковай школе, калі я атрымала тытул “Міс Чароўнасць”. Наогул, такія падзеі – гэта заўжды шмат пазітыву і прыемных эмоцый. Таму буду радая паўдзельнічаць у конкурсе “Місіс “Полымя”.

Натхнілі сваімі адказамі прадстаўнікі сфераў адукацыі і культуры.

Таццяна Кулак, выкладчык вакальна-харавых дысцыплін Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў:

“Прыгажосць – тое, што дапамагае супыніцца, здзівіцца, уразіцца і натхніцца. Па-першае, гаворка ідзе пра створанае Богам. Па-другое, людзьмі. Маюцца на ўвазе кнігі, карціны, скульптуры, спектаклі, музыка. І тут паўстае пытанне нават не пра хараство, а больш пра яго ўспрыняцце. Вельмі важна навучыць людзей разумець і адчуваць, бачыць і чуць прыгажосць. Дзеля гэтага трэба прыкласці сілы. Бо прыгажосць – тое, што дапамагае чалавеку быць Чалавекам”.

Прыгажосць – тое, што дапамагае супыніцца, здзівіцца, уразіцца і натхніцца.

Марыя Бажко, выкладчык народных і струнных інструментаў, кіраўнік і дырыжор народнага аркестра народных існтрументаў Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў:

“Прыгажосць узрушвае душу, выклікае моцныя эмоцыі. Яна бачная адразу ў людзях шляхетных, разумных, сумленных, выбітных, спагадных і прыстойных. Безумоўна, я пражываю моманты прыгажосці, калі, напрыклад, бачу старадаўнюю архітэктуру, слухаю вялікіх кампазітараў альбо гляджу на творы Айвазоўскага і марыністаў. Дарэчы, з прафесійнага пункту гледжання скажу, што чым раней дзяцей прывучаеш да свету мастацтва, тым глыбей яны ўспрымаюць прыгажосць. Памятаю, аднойчы, калі я толькі пачынала выкладаць, на адным з заняткаў я дала паслухаць вучням асеннюю тэму з творчасці Чайкоўскага, але не ўказала ні кампазітара, ні назву. І раптам напрыканцы ўрока адзін хлопчык расказаў, пра што, на яго думку, была музыка. Ён пачуў усё: завяданне прыроды, шолахі лісця, змаўканне птушак. Вось на якія дзівы здатны прыгожы твор”.

Прыгажосць узрушвае душу, выклікае моцныя эмоцыі.

Лілія Арцюх, дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі:

“На маю думку, сапраўдная прыгажосць чалавека крыецца ў яго душы. Для чалавека важна духоўная прыгажосць: дабрыня, спагадлівасць, сціпласць, гатоўнасць дапамагчы ў цяжкую хвіліну. Кнігі дапамагаюць убачыць прыгажосць адносін паміж людзьмі, прыгажосць родных мясцін. Знакамітыя пісьменнікі, як Чэхаў, Гюго, Дыкенс, у сваіх творах пастаянна рабілі акцэнт на ўнутраны свет чалавека”.

Вікторыя Ланеўская, майстар-метадыст Карэліцкага Дома рамёстваў:

“Прыгажосць знаходзіцца не ў чымсьці глабальным, а ў дэталях. Гэта тое, што не купіш за грошы. Прыгажосць у тым, як мы бачым свет, як успрымаем сябе і тое, што вакол нас. Прыгажосць – гэта любоў да сябе, блізкіх і жыцця. А яшчэ – дабрыня, шчырасць, спагада і ўменне падтрымаць”.

Прыгажосць – гэта любоў да сябе, блізкіх і жыцця.

Анастасія Гайдук, мастацкі кіраўнік установы культуры:

“Прыгажосць… Першае, што з’яўляецца ў думках – цеплыня. Нават унутры адчуваеш яе. Калi незнаёмы чалавек дапамагае iншаму – прыгожа, калi дзiцё дзелiць свой бутэрброд з бяздомным сабакам таксама, альбо шчырыя пачуццi, калi ўвечары ты з дарагiмi і блiзкiмi сэрцу сябрамi глядзiш на зоркi i хочаш, каб час спынiўся, калi бачыш усмешку альбо слёзы (але толькi ад шчасця) блiзкiх – гэта вельмi прыгожа… Прыгожа i так цёпла ўнутры!”

Прыгажосць… Першае, што з’яўляецца ў думках – цеплыня.

Наталля Даратэя Крапівіна, кіраўнік народнага аматарскага тэатра:

“Адказ адназначны і катэгарычны: прыгажосць – гэта святло ў вачах чалавека і ўнутры яго. Калі ў людзей няма такой Боскай міласці, а ў душы – пуста і скразнякі, то ніякія ідэальныя рысы твару і дасканалая фігура, з майго пункту гледжання, не здольныя зрабіць чалавека прывабным. І ў той жа час, калі мы бачым чалавека са звычайнай знешнасцю, але з палаючым святлом унутры, што льецца праз вочы і кожную пору скуры, то перад намі сапраўды прыгожы чалавек. Ён прыцягвае да сябе, і душа радуецца толькі праз тое, што такі чалавек побач. Таму я імкнуся, каб вакол мяне было як мага больш людзей са святлом унутры. Так жывецца прыгажэй!”

Прыгажосць – гэта святло ў вачах чалавека і ўнутры яго.

А як успрымае прыгажосць чалавек з вялікім жыццёвым і прафесійным вопытам?

Надзея Бежко, ветэран педагагічнай працы, настаўніца матэматыкі:

“Прыгажосць – гэта добрая душа, усмешка, цеплыня, тактоўнасць і святло, калі ў вачах гараць агеньчыкі любові і павагі да ўсяго і ўсіх”.

Многія з апытаных пра вызначэнні прыгажосці звярталіся да душы. Таму напрыканцы апытання я вырашыла завітаць і да святара.

Аляксей Шышкір, настаяцель храма святой вялікапакутніцы Варвары ў Райцы:

“У кожнага свая мера прыгажосці. Але мы бачым, як знешняе хараство гасне з гадамі, а ўнутраны скарб – вечны. Калі чалавек мае прыгажосць унутры, ён валодае нязломным духоўным стрыжнем. Шырокую і чыстую душу бачна здалёк. І я ўсім сэрцам імкнуся да такіх людзей, вучуся іх высокім якасцям. З чаго пачынаецца прыгажосць? З прыроды. Гэта першая прыступка да Бога. Адносна чалавека, скажу ўпэўнена, што святар павінен у кожным разгледзець вобраз Бога, заўважыць лепшае, што закладзена Усявышнім. Душа чалавека – ікона, якая патрабуе рэстаўрацыі. І калі ты пласт за пластам здымаеш з гэтага абраза пыл ды бруд, аднойчы абавязкова пабачыш бясконцую прыгажосць гэтага чалавека, створаную іканапісцам Богам”.

Калі чалавек мае прыгажосць унутры, ён валодае нязломным духоўным стрыжнем.

Два дзясяткі апытаных і кожнае меркаванне – унікальнае. Людзі малой радзімы, вы такія ПРЫГОЖЫЯ!

А для сябе на пытанне “што такое прыгажосць?” я адкажу радкамі з песні любімага гурта “ОдноНо”: “Не прыгажосць вырашае, каго мы любім і з кім пачцівыя. Любоў вырашае, каго мы лічым прыгожымі”. І я, на 100 адсоткаў, адчуваю прыгажосць у тыя надзвычайныя моманты, калі побач асаблівыя людзі, а сама знаходжуся там, дзе маё сэрца, – значыць дома. І, дзякуй лёсу, з гэтых імгненняў і складаецца маё жыццё. Спадзяюся, і ваша таксама.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з асабістых архіваў удзельнікаў апытання

Правінцыйны ДЗЭН: Жыхары Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў раскрылі сваё разуменне прыгажосці: 7 комментариев

  • 22.09.2018 в 13:07
    Permalink

    Самы час напісаць шчыры і кранальны тэкст)) Поспехаў!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 21.09.2018 в 23:20
    Permalink

    «ў кожным чалавеку жыве добры журналіст)) «, — эмоции мои поутихли:) Можно я пойду думать?
    Кстати, вы не подскажете который час?:)))))
    :)))
    🙂

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 21.09.2018 в 09:46
    Permalink

    Упэўнена, што ў кожным чалавеку жыве добры журналіст)) І хай на гэтым свеце будзе больш тэкстаў, якія мяняюць штосьці ў жыцці да лепшага — ці знешне, ці ўнутры нас!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

  • 21.09.2018 в 01:02
    Permalink

    Кстати, Марина, вы очень хороший журналист. Мое внимание не рассеялось, тема осталась открыта:)

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

  • 20.09.2018 в 21:25
    Permalink

    Очень приятно. Однако, вы меня переоценили, Марина. Мои чудесные тексты не для всех бывают хороши. Полезны, да. Знаете, это как вынужденное хирургическое вмешательство, когда с операцией тянуть нельзя.
    С одной стороны больно, а с другой, — совершенно необходимо.
    Следовательно, я отрежу читателю полсердца, к примеру, и будем вместе учиться жить с одной почкой:)
    Нет, жить не будем. Будем радоваться жизни лучше прежнего с тремя.
    Ведь если у кого-то одна почка, значит у другого их три. Тогда мы идем к вам.
    Шутка!
    Ничего страшного, что я похулиганила?
    При этом, я против перехода на личность. Переход на личности всегда уводит проблему от общего к частному, и всё закончится «боями местного значения».
    С уважением, ваша хулиганка!)

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

  • 20.09.2018 в 19:41
    Permalink

    Дзякуй, Святлана, за ўвагу да блогаў! За цеплыню слоў! І я ўпэўнена, што ў вас атрымаецца цудоўны блог! Вы — чароўная і шчырая душа! Спадзяюся, што ваш блог натхніць і іншых чытачоў пісаць свае тэксты на нашым сайце! Мы рады кожнаму! Таму толькі наперад! Мы — вашы верныя памочнікі на гэтай творчай дарозе!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 20.09.2018 в 18:29
    Permalink

    Здравствуйте!)
    Очень хорошо на фото вышли все участники.
    Хозяйка публикации хороша! Воздушная, нежная. Здорово!
    Марина, скажите пожалуста, сложно было начинать работу?
    Я вот плохо себе представляю работу в газете, блогерство. Видимо, чтобы понять, надо там быть, обжиться в газете.
    С одного наскока не постичь.
    С уважением.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий