Таисия Соболевская из Турца поделилась с читателями «Полымя» местом, которое дает силы жить

“Мая малая радзіма…” Калі я вымаўляю гэтыя словы, мая душа поўніцца незабыўнымі вобразамі, падзеямі тых дарагіх і вельмі далёкіх часоў, але такіх мілых і незабыўных.

Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Тут мае карані. Нарадзілася я 12 жніўня 1935 года ў сялянскай сям’і.

Мой бацька, Аляксей Васільевіч Балабановіч, быў удзельнікам нацыянальна-вызваленчага руху па барацьбе з палітыкай паланізацыі на тэрыторыі Карэліцкага раёна. Маму маю Ніну Васільеўну, увішную, вясёлую і працавітую, у вёсцы называлі “турчанкаю”, бо яна была родам з Турца. У 1942 годзе ў сям’і нарадзіўся брат.

У маю дзіцячую душу глыбока запала вясковая вулачка, якая знаходзіцца справа ад галоўнай дарогі, якая вядзе на Рудзьму. Тут было каля дваццаці гаспадароў, і амаль усе былі Балабановічы. Дружна жылі суседзі Паўловіч, два Наумовічы, сусед наш Яўген Кулеш, Аляксандра Барысевіч. Усе былі як родныя. І вельмі таленавітыя. Як прыгожа спявала цёця Галя, а якім рыбаком быў дзядзька Уладзік Тарэсін, а баяніст Петрык, яго брат. Адныя таленты!

Усе былі як родныя.

Сябе я памятаю прыкладна гадоў з двух. На гэтым здымку наш падворак. Пасярод двара — услон, дзе я сяджу на каленях у сваёй цётачкі Мані, адмысловай партніхі. Злева — вішні, калодзеж. Сюды часта ў час сенакосу прыходзілі людзі, каб наталіць смагу. Непадалёк ад падворка працякала рэчка Ціхая, якая ўпадала ў Нёман. Тут мы купаліся, лавілі рыбу, глядзелі на лілеі і гарлачыкі. А мама толькі недалёка ад хаты адыдзецца, і ўжо поўны кошык нясе ягад ці грыбоў! Чароўны быў час.

У нашай вёсцы стаяла капліца Узвіжання Крыжа Гасподняга. Сюды на свята 27 верасня з’язджалася шмат людзей з суседніх вёсак Рудзьма, Антанёва, Ярэміч. З Ярэміч мой дзядуля Васіль Паўлавіч, стараста вёскі, прывозіў настаяцеля Ярэміцкай царквы Віталія Арсенцьевіча Жалезняковіча, які быў блізкім чалавекам для нашай сям’і.

Наша вёска і наша вулачка жылі культурным жыццём. Тут працаваў клуб, дзе ладзілі спектаклі. Памятаю, тата нясе мяне на руках, а побач мама. На сцэне п’еса “Мікітаў лапаць”, мама ў галоўнай ролі. Раптам яе сцебанулі пугай, я заплакала, закрычала: “Не біце маму!”. Я плакала, а людзі смяяліся.

Наша вёска і наша вулачка жылі культурным жыццём.

З дзяцінства я сябравала з кнігай. Бацькі былі людзьмі адукаванымі, у нашай хаце збіраліся на вячоркі. Пралі, ткалі, спявалі рэвалюцыйныя песні.

Ішоў 1939 год. Я адна ў хаце. Ляжу на ложку. Уваходзіць у хату польскі паліцыянт і кажа: “Скажы, дзе твой тата, дам цукерку”. Я памахала галавою, маўляў, не ведаю. Але ўсё ж такі польская паліцыя выследзіла тату, і яго павезлі ў Стаўбцоўскую турму. Маму таксама выклікалі ў паліцыю, казалі, каб адмовілася ад мужа. А ў верасні 1939 года прыйшлі Саветы. Памятаю, як наш сусед Павел Балабановіч сустракаў бальшавікоў. Вынес на вуліцу стол, накрыў абрусам, паклаў хлеб-соль. Я падала камандзіру букецік кветак, а ён узяў мяне да сябе ў сядло. І мы так мы паехалі ў канец вулачкі да кузні дзядзькі Петрыка. Тут стаяла трыбуна, убраная галінкамі елкі і чырвонымі стужкамі. Камандзір панёс мяне на трыбуну, адкуль я прачытала верш мясцовай паэткі Зінаіды Андрэеўны Балабановіч:

Я маленькая дзяўчынка,
Маё імя Тася,
Буду з мамай
працаваць
Весела ў калгасе.
Знікнуць межы і загоны
Назаўсёды з поля,
Мы заможна зажывём
Пры савецкай волі.
Будзе ў нас конь сталёвы,
Трактарам завецца,
Ён ніколі не спацее,
У працы не сагнецца.

Неўзабаве вярнуўся з турмы тата. Ён быў вельмі слабы, але маладосць узяла сваё. Трэба было весці гаспадарку, а яна была немалая. У доме было заўсёды весела. Тата вельмі любіў спяваць “В лесу над рекой жила фея”, “Когда б имел златые горы”.

У доме было заўсёды весела.

…Стаяла глыбокая восень, з палёў ужо ўсё ўбралі. Час быў неспакойны, ішла Вялікая Айчынная вайна. Памятаю, у вёску прыйшлі немцы. Фашысты пачалі зганяць людзей да кузні дзядзькі Петрыка. Мама з маленькім брацікам схаваліся ў склепе, але немец знайшоў іх. Усіх сагналі да кузні, тата таксама быў там. Немцы пачалі ўстанаўліваць новы парадак.

…Гэта было на Пакровы, я адвучылася ў першым класе амаль два месяцы. Фашысты падпалілі нашу вёску з канца. Агонь хутка дакаціўся да нашай вулачкі. Крыкі, шум, гам — усё змяшалася. Мама выхапіла куфэрак з дакументамі. Як былі, так і выскачылі з хаты. Усё згарэла. Толькі хатняя жывёла разбеглася. Потым да роднага папялішча прыйшла карова. Так карнікі спалілі маю малую радзіму. Так закончылася маё дзяцінства, мілае, дарагое.

Малая радзіма назаўсёды ў маім сэрцы. На могілках у Сіняўцы знайшлі спакой дарагія для мяне людзі: дзядуля, бабуля, немаўлятка Антон. Тата, на жаль, пахаваны дзесьці ў нямецкай зямлі. У апошнім пісьме 29 красавіка 1945 года ён пісаў: “Ідзём у логава фашысцкага звера”. Тата здзейсніў подзвіг у Одэраўскай аперацыі, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Славы II ступені, медалямі.

Малая радзіма назаўсёды ў маім сэрцы.

…Сёння я радуюся ўсяму новаму, што з’яўляецца на маёй малой радзіме. Гэта і новы мост праз Нёман, прыгожыя пабудовы, парадак і чысціня ў вёсцы і на могілках. Усё гэта дзякуючы мясцоваму кіраўніцтву, старшыні Ярэміцкага сельвыканкама Пятру Анатольевічу Навумовічу.

Мая малая радзіма дае мне сілы жыць, памятаць, рабіць карысныя справы.

Фота з сямейнага архіва сям’і Балабановіч і Іны ЛЕЙКА

Добавить комментарий