Магазин «Родны кут» в Кореличах преобразился в территорию приятных покупок

Такі надпіс змешчаны на ўваходных дзвярах магазіна “Родны кут” (у мінулым — “Прадукты”) па вуліцы Прытыцкага ў райцэнтры (раён сквера імя Арцюха). Ён адразу кідаецца ў вочы, і міжволі ўзнікае жаданне зайсці. Жаданне поўнасцю апраўдваецца: магазін відазмяніўся, набыўся новы твар, таму, зайшоўшы, адразу пранікаешся атмасферай дамашняй утульнасці, прыязнасці, пачцівасці, якія і павінны належаць любой гандлёвай кропцы і якіх, на жаль, у гэтым магазіне раней не хапала.

Зараз жа тут стараннямі Карэліцкага спажывецкага таварыства — светлая зала, вясёлы, вытрыманы ў зялёна-белым колеры, дызайн, акуратная, зручная для пакупнікоў выкладка тавару, цэны зніжаныя на каўбасную, мясную, малочную прадукцыю. І самае галоўнае — цудоўныя прадаўцы, ад якіх заўсёды зыходзіць аўра гасціннасці, ветлівасці, карэктнасці, павагі да людзей. Яны стараюцца ўдзяліць увагу кожнаму пакупніку, дапамагчы ў выбары тавару, даць патрэбныя рэкамендацыі; сустракаюць і праводзяць усмешкай і добрым словам. Хто ж гэтыя чараўніцы, дзякуючы каму “Родны кут” набыў новае дыханне і каму штодзень людзі дасылаюць заслужаную ўдзячнасць?

Знаёмцеся: Баяроўская Зоя Васільеўна, працоўны стаж — 37 гадоў, Марцінкевіч Алена Пятроўна, стаж — больш за 25 гадоў. Абедзве — прадаўцы шостага разраду. Жывуць у г. Навагрудку. У магазін “Родны кут” уладкаваліся па падказцы знаёмай, працаваўшай у ім раней.

Пры першай сустрэчы са старшынёй Карэліцкага раённага спажывецкага таварыства агаварылі ўсе цікавячыя пытанні, засталіся задаволеныя прапанаванымі ўмовамі: заработнай платай, графікам работы, таму і далі згоду працаваць у Карэлічах.

З таго часу прайшло 10 месяцаў, і сёння абодва бакі не маюць ніякіх нараканняў адзін да аднаго.

Сяргей Аляксандравіч канстатуе: «Апошнім часам усё меншая колькасць людзей наведвалася ў магазін, патрабаваліся кардынальныя змены, каб вытрымаць канкурэнцыю з прыватнымі гандлёвымі кропкамі. Лічу, мы зрабілі правільны крок, не хапае толькі высокакваліфікаваных кадраў. У магазіне пакупнікам прапануюцца каляровыя рэкламныя буклеты, якія дазваляюць сачыць за гандлёвымі знішкамі на асобныя тавары. Новыя ж прадаўцы вельмі адказныя, прыйшліся па душы насельніцтву. Колькасць прыхільнікаў магазіна, што прыемна зазначыць, большае».

Алена Пятроўна і Зоя Васільеўна прызнаюцца: «Спачатку было няпроста: незнаёмыя людзі, чужыя сцены. Але сустрэлі такую добразычлівасць ад людзей, якая прыдала ўпэўненасць, стала своеасаблівай падтрымкай у працы. Харошыя ў Карэлічах людзі: тактоўныя, памяркоўныя, мы ўжо не адчуваем сябе чужымі. Ды й кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства падтрымлівае, калі ўзнікаюць нейкія праблемы. Калі трэцяя наша напарніца пайшла ў дэкрэтны водпуск, працавалі без выхадных. Цяжка, дома ж сем’і чакаюць. Сяргей Аляксандравіч, дзякуй яму, пайшоў нам насустрач, і зараз мы маем выхадны дзень. Нізкі паклон Таццяне Анатольеўне Говар, прыёмшчыцы тавараў магазіна: з першых хвілін сумеснай працы яна акружыла нас падтрымкай, клопатам, падказвала, дапамагала ва ўсім, яна не абмяжоўваецца толькі сваімі непасрэднымі абавязкамі, мы заўсёды прыслухоўваемся да яе слушных парадаў, яна ж вопытны гандлёвы работнік з 37-гадовым стажам. За такую людскасць, сардэчнасць імкнёмся адплаціць сумленнай працай. Спадзяёмся, што ў хуткім часе вырашыцца праблема з поўным укамплектаваннем штату магазіна: патрабуюцца яшчэ 2 прадаўцы. Знайсці надзейныя кадры няпроста, прадавец павінен адпавядаць неабходным для яго такім якасцям, як сумленнасць, давер, уменне наладжваць зносіны з людзьмі, любоў да прафесіі. Прыйдзе новае папаўненне — працаваць, вядома, стане лягчэй».

Не ад аднаго ўжо чалавека чую прызнанні ў тым, што «Родны кут» стаў любімым месцам для набыцця тавараў, пажаданні, каб болей было такіх гандлёвых дзяржаўных кропак. Адна толькі асцярога выказваецца, каб Алена Пятроўна і Зоя Васільеўна (а працуюць жанчыны разам ужо 16 гадоў) не адмовіліся ад працы ў Карэлічах.

Далучаюся да людскога меркавання. І калі раней рэдка карысталася паслугамі гэтага магазіна, цяпер бываю ў ім амаль штодзень, бо ведаю: тут не нагрубіяняць, не сапсуюць настрой, дапамогуць выбраць тавар на любы густ, тут сапраўдная тэрыторыя прыемных пакупак.

І, калі нехта з вас, паважаныя жыхары Карэліч і раёна, не паспеў адкрыць для сябе абноўлены «Родны кут», раю: не праходзьце міма, не пашкадуеце, бо і ў кашальку адчуеце эканомію, і атрымаеце гаючую порцыю задавальнення.

А Зоі Васільеўне і Алене Пятроўне хочацца пажадаць здароўя, поспехаў у працы, вялікай колькасці ўдзячных пакупнікоў і камфортнай работы ў Карэлічах.

КАМПЕТЭНТНА

Сяргей Аляксандравіч САЎКО,
дырэктар Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства:

— У бліжэйшы час гандлёвыя аб’екты спажывецкай кааперацыі чакаюць сур’ёзныя змены, пачынаючы ад фармата абслугоўвання і да інтэр’ера. Плануецца, што гэта прынясе станоўчы эфект у выглядзе павелічэння тавараабароту, павышэння пазнавальнасці і ўзмацнення іміджавай складаючай дзяржаўнага гандлю.

У якасці асноўнай колеравай палітры гандлёвых кропак выбраны шэры і два адценні зялёнага, у якасці дадатковых элементаў уведзены мазаічны арнамент і зялёны лісток як акцэнт на экалагічнасць прадукцыі. Плануецца ўстанавіць больш сучаснае абсталяванне. Будзе звернута асаблівая ўвага на асвятленне. Да адзінага стылю прыводзяцца навігацыя, гандлёвае і халадзільнае абсталяванне, афармленне акцыйных зон і гандлёвая атрыбутыка. У якасці вонкавых рэкламных элементаў зменяцца ўваходная група, вокны і шыльда. Будуць выкананы работы па прывядзенні фасадаў і прылягаючай тэрыторыі да аднастайнасці.

У бліжэйшы час набудуць новы выгляд магазіны ў аграгарадках Турэц, Райца, Цырын, Лукі.

Галіна КАЛТУНОВА
Фота Аксаны ЯНУШ і Лізаветы МУЦІЛОВІЧ

Добавить комментарий