З 4 па 6 красавіка велікапосныя рэкалекцыі ў Карэлічах правядзе пробашч парафій Бярозаўка і Мінойты кс. Андрэй Радзевіч

? Вялікі пост – асаблівы час для кожнага хрысціяніна, які дае нам магчымасць адыйсці хаця бы на некалькі крокаў ад штодзённых клопатаў і пераасэнсаваць свае адносіны з Богам, людзьмі і светам. Калі мы плённа скарыстаемся дарамі гэтага перыяду, то зможам многае ўбачыць з іншага боку, а значыць і змяніць сваё жыццё і тых, хто побач, да лепшага.

Велікапосныя рэкалекцыі (аўт. – ад лат. recollectio ← recollere — “зноў збіраць нешта раскіданае”) з’яўляюцца важным этапам для католікаў падчас падрыхтоўкі да святкавання Пасхальнай таямніцы. У шчырых разважаннях над Божым словам з дапамогай рэкалекцыяніста мы нібы запрашаем у сваё жыццё, у сваё сэрца спакой, радасць, дабро, любоў і міласць.

З 4 па 6 красавіка ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах а 18-й гадзіне велікапосныя рэкалекцыі правядзе пробашч парафій Бярозаўка і Мінойты кс. Андрэй Радзевіч, які мае за плячыма 20 гадоў святарскай паслугі.

У адным з інтэрв’ю святар трапна зазначыў: “Самае важнае ў жыцці – адкрыць тое, да чаго цябе заклікае Бог. Калі чалавек распазнае волю Пана і верна яе выконвае, рэалізуючы сваё жыццёвае пакліканне, тады ён сапраўды шчаслівы”.

Жадаем, каб рэкалекцыі на карэліцкай зямлі прайшлі плённа, пакінулі ў нашых парафіянах глыбокі духоўны след і прынеслі ім шчаслівыя і ўзнёслыя імгненні.

5 красавіка 2019 года. Падчас другога дня рэкалекцый у Карэлічах.

5 красавіка 2019 года. Падчас другога дня рэкалекцый у Карэлічах.

5 красавіка 2019 года. Падчас другога дня рэкалекцый у Карэлічах.

5 красавіка 2019 года. Падчас другога дня рэкалекцый у Карэлічах.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара, grodnensis.by і з адкрытых інтэрнэт-крыніц