У кветках і любові касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі сустрэў парафіяльнае свята (фота)

?❤ Святыня ў вэлюме з кветак і зеляніны, пялёсткі руж на амытай дажджом зямлі, убраныя нібы анёлкі нашы маленькія парафіянкі і безліч кранальных і неверагодна цёплых момантаў, ад якіх спявала сэрца. Свята іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах кожнаму прынесла свой дар ласкі Найсвяцейшай Панны Марыі.

На парафіяльнае свята да карэліччан па добрай традыцыі прыехалі вернікі з касцёла Святой Ганны ў Варончы. Не абмінулі ўвагай нашу святыню і духавенства з кансэкраванымі асобамі з Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій: ксёндз Чэслаў прывёз сардэчныя вітанні ад вернікаў з Палесся, ксёндз Павел — з Наваельні, сёстры-францішканкі — з Бярозаўкі.

Ураджэнец варанчанскай зямлі ксёндз Чэслаў у казанні звярнуў увагу на еднасць прысутных: «Усе мы тут розныя, але аб’яднаныя любоўю Багародзіцы. Мы ўзносім да Яе свае малітвы, і Яна адказвае нам вялікай міласцю. Галоўнае — верыць. Нездарма сёння мы так шчыра ўшаноўваем ікону Маці Божай Нястомнай Дапамогі, бо Яна сапраўды не стамляецца выслухаць усе нашы просьбы і даць кожнаму найлепшае для яго».

Пасля такіх узрушлівых слоў прысутныя глыбей адчулі сябе адзінай духоўнай сям’ёй. А той факт, што большасць вернікаў прыйшлі на свята разам з роднымі, дадаў моманту асаблівай цеплыні. Запомнілася падзея таксама ўрачыстай працэсіяй і цудоўнай даўняй традыцыяй бласлаўлення вяночкаў і букетаў з першых кветак і лекавых зёлак.

Гаспадар свята — пробашч парафій Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і Святой Ганны ў Варончы айцец Ежы Саковіч — шчыра падзякаваў вернікам за дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні такой знамянальнай падзеі, заклікаў і па-за сценамі касцёла імкнуцца жыць па прыкладзе Панны Марыі і запрасіў завяршыць урачыстасць, як рабілі першыя хрысціяне, агапай, «вячэрай любові», за агульным сталом.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

?❤ Таксама раім прачытаць на сайце:
27 чэрвеня католікі адзначаюць свята ў гонар іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Як у Карэлічах з’явіўся знакаміты абраз?

?❤ ФОТАГАЛЕРЭЯ СВЯТА