Зачараваныя кнігамі. Карэліччанкі Ганна Козел і Алена Толмач сябруюць з раённай бібліятэкай ужо дзесяцігоддзі

? Бясконца можна глядзець, як кажуць мудрыя англічане, на агонь, ваду ды як працуюць іншыя, а гаварыць гадзінамі, дадамо мы, пра кнігі. Імправізаваную літаратурную сустрэчу мы якраз і зладзілі з заўзятымі наведвальніцамі Карэліцкай раённай бібліятэкі і нашымі таленавітымі зямлячкамі Ганнай Козел і Аленай Толмач.

Месца нашай сустрэчы проста нельга было змяніць. Ім стала ўтульная чытальная зала раённай бібліятэкі. Так, у таямнічай цішыні сярод мноства кніг мы вялі літаратурную размову. А пачала яе ўласнымі вершаванымі радкамі Ганна Козел:

Сколько раз перечитаны, переосмыслены,
Научили нас жить, побеждать и любить,
С самыми добрыми чувствами, мыслями,
Всё святое, что есть, мы умеем ценить.

– Гэтыя словы – прысвячэнне тым старым кнігам, з якімі ідзе поруч маё жыццё, – падзялілася суразмоўца. – Сама я родам з вёскі Малая Воля, што на Дзятлаўшчыне. Менавіта там у класе пятым я ўпершыню наведала невялікую бібліятэку пры сельскім клубе. Памятаю, тады з хваляваннем выбрала дзве хораша ілюстраваныя дзіцячыя кніжкі пра прыроду. Здаецца, звычайны момант, а, бачыце, успамін застаўся на доўгія гады.

А яшчэ па дыпломе культасветвучылішча ў Гродне (цяпер каледжа мастацтваў) я магла быць як кіраўніком самадзейнага мастацкага калектыву, так і бібліятэкарам. Таму па размеркаванні я працавала дырэктарам Таркачоўскага сельскага клуба ды загадчыкам мясцовай бібліятэкі.

А ўжо пасля пераезду ў Карэлічы я змяніла свой статус з 1980-х гадоў на “чытача”. Заўжды не толькі хадзіла ў бібліятэку, але і збірала дома сваю ўласную. Дарэчы, Марыну Цвятаеву, Івана Навуменку і Івана Шамякіна магу перачытваць бясконца.

Але калі вярнуцца да размовы пра нашу раённую бібліятэку, то адразу ўзгадваецца шэраг мерапрыемстваў, якія пакінулі самыя добрыя ўражанні. Гэта творчыя вечары і сустрэчы са знакамітымі людзьмі, мясцовымі паэтамі, педагогамі, ветэранамі працы і іншымі выдатнымі асобамі. Кожная такая падзея адкрывае для нас нешта новае, цікавае і асаблівае. З апошняга – гэта мерапрыемствы да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці. Яшчэ мы ўсе нярэдка ўспамінаем і зараз, праз месяцы, сустрэчу з Галінай Навіцкай, жанчынай вялікага таленту, са шчырай любоўю да прыгажосці.

Таму напярэдадні прафесійнага свята дзякуем дырэктару бібліятэкі Ліліі Арцюх, а таксама ўсім работнікам, асабліва нашай пастаяннай вядучай – Валянціне Кошур, за добразычлівасць і гасціннасць, за тое, што памятаюць пра сваіх чытачоў, трымаюць цесную сувязь, запрашаюць на мерапрыемствы. Радасна бачыць на бібліятэчных падзеях і прадстаўнікоў раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, дзіцячай школы мастацтваў, якія цешаць нас спевамі і музыкай. Сапраўды, нашу бібліятэку адрознівае сяброўская і надзвычай творчая атмасфера.

У Алены Толмач таксама вялікі стаж чытача. Кажа, што з узростам зрок пагоршыўся, але гэта не перашкаджае за дзень адолець вострасюжэтную гісторыю пра “новых рускіх” альбо рамантычны жаночы раман. Але ў кніжны свет карэліччанку клічуць не толькі творы:

– Першы раз у бібліятэку я трапіла ўжо даволі дарослым дзяўчом у родным мястэчку Нягневічы Навагрудскага раёна. Але чытаць палюбіла яшчэ ў пачатковых класах. Памятаю, аднойчы я захварэла, сядзела дома, як раптам адчыніліся дзверы і ўвайшла мая першая настаўніца з кнігай. Я была такая радая! Увогуле, я захапілася кнігамі настолькі, што нават марыла стаць бібліятэкарам.

Але лёс вырашыў інакш, а калі з’явіліся дзеці, то і часу асабліва пачытаць не было. Ды толькі ўсё роўна праз гады я зноў вярнулася да кнігі. І тут без нашай Карэліцкай бібліятэкі ніяк, разам з ёй мы сябруем аж з 1970-х гадоў. Дарэчы, яна не раз пераязджала, а я як верны чытач усюды ішла за ёй. А яшчэ за мінулы час наша бібліятэка вельмі змянілася. Раней людзі хадзілі сюды найперш за кнігамі, за перыёдыкай, а цяпер мы наведваемся за нечым большым – за душэўнымі размовамі, цікавымі сустрэчамі і незабыўнымі ўражаннямі. Як успомню тутэйшыя вячоркі, дык аж душа спявае! Што яшчэ дадаць, мы насамрэч сталі сапраўдным клубам чытачоў-сяброў, называем сябе “штатнымі наведвальнікамі”. І вось што хочацца сказаць у вершах:

Бібліятэку я люблю здаўна,
Шмат чытаю, падзей мясцовых не мінаю,
Бібліятэкараў як родных успрымаю
І нашу кожную сустрэчу так чакаю.
Вялікі дзякуй вам за гэта,
І надалей я вам жадаю
Найперш шчасця і здароўя,
Каб працавалася з душой,
Ды каб у гаманцы было багата,
Тады зусім другі настрой!

? А вы ведаеце, што ў нашай бібліятэцы…

? Самы маленькі актыўны чытач – Ангеліна Ткачэнка (6 год, пачала чытаць у 5).

? Самыя сталыя чытачы – Таіса Мішчук (89 год), Вальдэмар Равінскі (75 год).

? Самая старая кніга (раней была ў фондах партыйнага кабінета Карэліцкага РК КПБ) – “Хрестоматия по истории СССР. Том 1. С древнейших времен до конца XVII века” 1949 года.

? Самая вялікая кніга (памерам з малы стол) – “Нацыянальны атлас Беларусі”.

? Самая малая кніга (змесціцца на пальцах рук адной далоні) – “Что посеешь… то и пожнешь, или Детям и внукам в назидание”.

? Усяго ў раёне: 15 бібліятэк (з іх 12 – сельскіх, 1 – дзіцячая), на іх базе – 17 аматарскіх аб’яднанняў (7 – для людзей сталага ўзросту, 7 – для дзяцей, 3 – агульныя), 35 бібліятэкараў, 11214 чытачоў.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара