Напярэдадні Дня маці ў Карэлічах спецыялісты адказалі на актуальныя сямейныя пытанні

У жыцці кожнай маці існуе як шмат радасцяў, так і безліч пытанняў, у тым ліку прававых. Атрымаць кампетэнтныя адказы на апошнія карэліччанкі змаглі 11 кастрычніка ў райцэнтры падчас прыёму і бясплатнай кансультацыі спецыялістаў.

Мерапрыемства прайшло ў межах рэспубліканскай акцыі напярэдадні Дня маці і было скіравана найперш на дапамогу ў вырашэнні прававых пытанняў шматдзетным маці, а таксама жанчынам, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Прыём і кансультацыю вялі прадстаўнікі адразу некалькіх арганізацый: начальнік аддзела ЗАГС Карэліцкага райвыканкама Валянціна Сіўко, загадчык натарыяльнай канторы Карэліцкага раёна Вольга Бярдзюгіна, загадчык юрыдычнай кансультацыі Карэліцкага раёна Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў Аляксандр Кузьміцкі і начальнік аддзела прымусовага выканання Карэліцкага раёна Алена Шабан.

Як паказала акцыя, наведвальніц больш турбавалі апошнія новаўвядзенні ў заканадаўстве. Так, маці чацвярых дзяцей Вераніка Кулак з Карэліч звярнулася за тлумачэннямі наконт зменаў у атрыманні і выкарыстанні сямейнага капіталу.

Таксама мы скарысталіся магчымасцю і пацікаваліся, з чым часцей прыходзяць карэліцкія маці на прыёмы да вышэйназваных спецыялістаў не толькі падчас акцый, але і ў будні.

Валянціна Сіўко адзначыла, што ў аддзел ЗАГС Карэліцкага раёна можна звярнуцца за кансультацыяй у любы працоўны дзень з аўторка па суботу: “Асноўная нагода маці завітаць да нас – гэта рэгістрацыя нараджэння дзіцяці. Радасна, што ў нашым раёне павялічваецца колькасць шматдзетных сем’яў. Адны становяцца маці ў трэці, чацвёрты ці пяты раз, але ёсць і тыя, хто нават у восьмы. Прычым, рэгістрацыю з уручэннем дакументаў на дзіця мы прапаноўваем правесці як у звычайным парадку, так і ўрачыста. Адзначу, што, як правіла, напярэдадні пэўных святаў, у тым ліку Дня маці, такія адміністрацыйныя працэдуры для шматдзетных сем’яў бясплатныя. Увогуле, у аддзеле ЗАГС мы стараемся асаблівым чынам, падарункам ці акцыяй, адзначыць гэты цудоўны момант – нараджэнне новага жыхара Карэліччыны. Звяртаюцца да нас і з даволі складанымі пытаннямі наконт рэгістрацыі дзіцяці. Напрыклад, калі жанчына ў шлюбе з адным мужчынам, але дзіця нараджае ад другога, ці пара становіцца бацькамі ў грамадзянскім шлюбе, альбо жанчына афіцыйна выйшла замуж, узяла прозвішча мужа, але не абнавіла свой пашпарт”.

Падтрымаць маці згодна літары Закона ў складаных жыццёвых сітуацыях дапамагае начальнік аддзела прымусовага выканання Карэліцкага раёна Алена Шабан: “Сямейныя адносіны часам няпростыя. На жаль, статыстыку разводаў ніхто не адмяняў, а значыць і пытанне аліментаў. Прыкра, што часам, калі мужчына пакідае сям’ю, то і сваіх дзяцей таксама. У такой сітуацыі маці вельмі цяжка. Бо адной гадаваць дзяцей, забяспечваць іх усім неабходным няпроста. І наш аддзел дапамагае спагнаць аліменты з нядбайнага мужа. Але будзем шчырымі, сутыкаемся мы ў сваёй працы і з маці-зязюлямі, якія пакідаюць дзяцей на мужчыну альбо, увогуле, на дзяржаву і знікаюць у пошуках лепшага жыцця. Хочацца, каб такіх гісторый было менш, і людзі цанілі каштоўнасць сям’і”.

Загадчык натарыяльнай канторы Карэліцкага раёна Вольга Бярдзюгіна ў штодзённай практыцы таксама сустракаецца з шэрагам пытанняў, якія хвалююць сем’і: “Таму і спектр паслуг для іх у нас вялікі. Гаворка ідзе найперш пра згоду на выезд за мяжу непаўналетніх дзяцей, афармленне спадчынных правоў ці даверанасцяў, дагаворы дарэння ці куплі-продажу. Дарэчы, апошняя катэгорыя асабліва папулярная зараз у шматдзетных сем’яў, бо банкі актыўна прадастаўляць ім крэдыты на набыццё жыллёвых памяшканняў. Таксама нашы спецыялісты дапамагаюць з дакументамі не толькі ў натарыяльнай канторы. У нас ёсць платная паслуга выезду супрацоўніка па месцы жыхарства кліента, напрыклад, у аграгарадок. Вядома, што ў шматдзетнай маці мала вольнага часу, так што варыянт выкліку спецыяліста на дом вельмі зручны”.

З рознымі сямейнымі гісторыямі сутыкаецца і загадчык юрыдычнай кансультацыі Карэліцкага раёна Аляксандр Кузьміцкі: “Закон аб’ектыўна ставіцца для кожнага грамадзяніна, але ў нашай краіне існуе шэраг нормаў, накіраваных на абарону правоў сем’яў і маці ў прыватнасці. Адносна сваёй спецыфікі скажу, што, напрыклад, калі справа закранае непаўналетніх дзяцей, то мы даем кансультацыі бясплатна. На безкаштоўнай аснове мы таксама прадстаўляем іх інтарэсы ў судзе ў выпадку спагнання аліментаў з гора-бацькоў. Што магу сказаць пра тэмы, якія хвалююць шматдзетных маці? Узгадваю гісторыю, калі жанчына звярнулася з пытаннем наконт працягу тэрміну на атрыманне сямейнага капіталу. Мы дэтальна разабраліся ў праблеме. Аказалася, што тэрмін прапусцілі не нашмат і па паважлівай прычыне. Таму суд прыняў рашэнне на карысць майго кліента, жанчыне ўзгаднілі сямейны капітал. Што датычыцца маці, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, то яны прыходзяць да нас пераважна наконт правоў на льготы. Безумоўна, усе сітуацыі праблемныя, але разам мы заўжды можам знайсці выйсце”.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара