Пункт погляду журналіста: Не забывайце сваіх матуль!

??Восень — шчодрая пара года на дары прыроды, пачуцці, святы. Для мяне яна своеасаблівая, бо гэтай парой магу быць сама сабой і радавацца зямной прыгажосці. Міруся ў думках з тым, што аднойчы лёс восенню падкінуў мне нечаканае: восем гадоў таму нябёсы забралі маці.

Матуля не дажыла да Дня маці нейкія тры тыдні. Штогод у вераснёскія дні зараз іду ў мясцовую царкву, каб памянуць яе і продкаў. Даўно ўжо маці няма побач, але вобраз роднага чалавека суправаджае штодзённа і ўсюды. Яна не заканчвала ўніверсіта, але ўмела жыць сумленна і не азіраючыся. Шмат працавала ў полі і на агародзе. Для нас, дзяцей і ўнукаў, была заўсёды прыкладам.

«Ты ведаеш, не жаночая гэтая справа», — гаварыла яна пра журналістыку падчас майго жыццёвага выбару. Гэта быў яе пункт погляду, бо, па меркаванні маці, жанчына павінна быць пры доме, сям’і, дзецях. Я, вядома, не пярэчыла, але справе жыцця не здрадзіла. Падтрымлівала сувязі з бацькамі, наведвала з дзецьмі родную вёску. Любімая справа стала сэнсам жыцця, дапамагла мацней палюбіць Карэліччыну і яе жыхароў.

«Мы адчуваем сябе дзецьмі да таго часу, пакуль жывуць нашы бацькі», — гаварыла адна з гераінь майго нарыса. І гэта сапраўды так. Калі ж нябёсы забіраюць родных людзей, то перажыць гэтую страту нялёгка. Ужо вучышся жыць без іх, заставацца моцным духам, галоўным ахоўнікам сямейнага ачага. Не хапае матулі на гэтай зямлі, і бацькоўскі дом здаецца зусім пустым, а ты шукаеш у сабе сілы прадаўжаць жыць далей.

Я зараз часта ўспамінаю свае творчыя камандзіроўкі і сустрэчы з героямі замалёвак пра людзей працы і жанчын-маці. Я многаму вучылася ў гэтых простых вясковых жанчын. Яны моцна любілі дзяцей і ўнукаў, з нецярпеннем чакалі іх у госці, рыхтавалі пачастункі і падарункі. «Мацярынскай любові няма межаў» — выносіла не раз вердыкт іх жыццю і ўчынкам, што адчувалася падчас іх споведзяў-прызнанняў, якія так і засталіся паміж намі. На паперу легла толькі тое, што можна было прапанаваць чытачу. І няхай гэта не маё адкрыццё, але факт застаецца фактам: маці любяць дзяцей такімі, якія яны ёсць. Штодзённа моляцца за іх здароўе, поспехі, дабрабыт. Чакаюць у госці, тэлефонных званкоў, пісем, паштовак.

На вялікі жаль, не ўсе сыны і дочкі спяшаюцца да маці. Няўжо яны не памятаюць, што ёсць на зямлі родны чалавек, які іх любіць і чакае? Недарэчы будуць і адгаворкі на гэты конт. Ды ў рэшце рэшт, што можа быць даражэй за погляд матулі і яе шчаслівыя вочы? Некаторыя, мабыць, іх праглядзелі, падоўгу ўглядаючыся ў акно ці на дарогу. А колькі ўсяго маці перадумала, колькі ўспамінаў наведала яе, не раз перад вачамі прайшло ўсё жыццё…

Радуе тое, што ў нашым раёне праводзіцца шмат свят з нагоды Дня маці. І гэта цудоўна: прадстаўнікі мясцовай улады імкнуцца раздзяліць радасць сустрэчы з жанчынамі-маці, а работнікі культуры падарыць ім музычныя кампазіцыі. Бясспрэчна, слова і музыка з’яўляюцца добрымі падарункамі да свята. Яны ўзрушваюць душу, прыходзіць добры настрой, а гэта не так і мала ў нашым бурлівым жыцці.

Маці — адна з галоўных прафесій. І якую б справу мы не выбралі ў жыцці, быць маці — ганарова і адказна. Яна са сваім дзіцем — ад нараджэння на свет і на працягу ўсяго жыцця. Усім сэрцам адчувае яго, нават на адлегласці. Калі шчасце і радасць — мацярынскае сэрца лікуе, а калі гора і бяда, то моцна баліць. Гэтая сувязь паміж маці і дзіцем не выпадковая: так, як любіць маці, ніхто не можа. Магчыма, не па ўзросту пакрывае жаночую галаву сівізна, ёй не спіцца доўгімі начамі, у вачах адсутнічае агеньчык. «Было б усё добра ў дзяцей», — не пакідаюць яе думкі.

…Няхай яшчэ доўга свецяцца вокны бацькоўскіх хат і шмат гадоў жывуць у іх матулі. Няхай вядзе дарога да роднага парога, і будзе заўсёды жаданай, у колькі б кіламетраў не вымяралася. Адкладзіце самыя важныя справы (вунь іх колькі яшчэ наперадзе!) — і паспяшайцеся дамоў, бо там чакае МАМА.

Галіна СМАЛЯНКА