Что ни сезон, то новые высоты. СПК «Маяк-Заполье» отмечает 70-летний юбилей

СВК “Маяк-Заполле” – сельгаспрадпрыемства з яркай гісторыяй станаўлення і развіцця. Напярэдадні правядзення раённых і абласных “Дажынак” гаспадарка адзначае 70-гадовы юбілей. Пройдзены слаўны шлях. Створана выдатная матэрыяльная база, забяспечаны добрая пераемнасць пакаленняў і вынікі, якімі можна ганарыцца. Традыцыйна СВК “Маяк-Заполле” — у спісе лепшых сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны і Гродзеншчыны.

Калектыў МТФ «Краснае» — аператары машыннага даення Ніна Кохан, Святлана Сідаркевіч, Вольга Шэўка, Вольга Кохан, Алена Кошур, Святлана Касцюк, Алена Кохан і ветфельчар Юрый Кужалевіч

? Ад «Парыжскай камуны» да «Маяка»

Біяграфія сучаснага СВК “Маяк-Заполле” пачалася сем дзесяцігоддзяў назад. На маякоўскай зямлі заўсёды былі руплівыя гаспадары. Множылі славу аграрыяў былыя старшыні калгасаў: імя Будзёнага – І. Я. Лейка (в. Заполле), “Ленінская праўда” – Ф. Я. Быліч (в. Лясок), імя Шверніка – А. Б. Ложачнік (в. Жукі), імя Малянкова – Т. П. Каляда (в. Вірышча і Навашыно), “Новае жыццё” – П. П. Малый (в. Востухава), “Парыжская камуна” – М. Л. Строк (в. Камаровічы і Пагор’е), “Чырвоны сцяг” – І. П. Быліч (в. Краснае). Першым старшынёй узбуйненага калгаса “Новае жыццё” быў абраны У. Ф. Капытка.

У Паланаеўскім сельсавеце тым часам адбывалася аб’яднанне шасці калгасаў: імя Молатава (в. Кальчычы), “17 Верасня” (в. Загор’е), “Барэц” (в. Тударава), “Полымя рэвалюцыі” (в. Бушкі і Стрэльнікі), “17 Верасня” (в. Мянючычы), імя Молатава (в. Руціца). Першапачаткова яны аб’ядналіся ў калгас імя Молатава, затым гаспадарцы было нададзена імя “Вялікі Кастрычнік”, а затым – “Маяк”. У другі калгас імя Чапаева ўвайшлі калектыўныя гаспадаркі імя Свярдлова (в. Амневічы і Куцавічы), “30 год ВЛКСМ” (в. Барацін), імя Жданава (в. Г. Рута), імя Чапаева (в. Дольная Рута), а таксама калгасы “Дружба” (в. Садовая) і “Новае жыццё” (в. Пятрыкі). У сакавіку 1976 года калгасы “Маяк” і імя Чапаева аб’ядналіся. Старшынёй “Маяка” абралі У. М. Сатыгу. У лістападзе 1986 года адбылося новае аб’яднанне калгасаў “Маяк” і “Новае жыццё”, дзе старшынёй стаў С. В. Лычкоўскі. Затым старшынямі “Маяка” былі М. П. Санько, І. М. Шыш. З 17 снежня 2014 года СВК “Маяк-Заполле” ўзначальвае В. В. Маковік.

Старшыня Віктар Маковік

? За жніво — маразільнік і музычны цэнтр

Ва ўсе часы тутэйшыя мясціны славіліся працавітымі і сумленнымі земляробамі. Іх шчырая праца не засталася незаўважанай. Сёння аб этапах станаўлення сучаснай гаспадаркі могуць шмат расказаць ардэнаносцы і заслужаныя калгаснікі. Так, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ўзнагароджаны 8 працаўнікоў, ордэнам Знак Пашаны – 7 чалавек, медалём “За працоўную адзнаку” – 6 калгаснікаў. 5 працаўнікоў адзначаны ордэнам Працоўнай Славы, 3 чалавекі – медалём “За працоўныя заслугі”. Усяго 32 працаўнікі ўдастоены дзяржаўных узнагарод. За добрасумленную працу 22 чалавекі атрымалі званне “Заслужаны калгаснік”.

47 гадоў адпрацаваў у калгасе “Новае жыццё” Вячаслаў Фалько. У 1981 годзе ён узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені, у 1986 – ордэнам Працоўнай Славы ІІ ступені.

– З працай у калгасе звязана ўся мая працоўная біяграфія, – адзначае мужчына. – Шмат гадоў адпрацаваў вадзіцелем на КамАЗЕ, увесь Савецкі Саюз аб’ехаў. Вазіў будаўнічыя матэрыялы з Латвіі, насенне з Украіны. З 1986 года перасеў на трактар Т-150, араў, сеяў, культываваў. Шмат сезонаў адпрацаваў на камбайне. “Колас”, “Дон”, “Ліда”, “Палессе” – за якім толькі штурвалам не сядзеў! З раніцы да позняга вечара, без выхадных і водпуску, часам тыднямі ў камандзіроўцы быў. Цяжка было працаваць, нічога не скажаш. Аднак заробак быў добры, 250 рублёў былі вялікія грошы. Памятаю, пасля жніва набылі маразільнік, музычны цэнтр. У “Новам жыцці” ўсе такія былі, працавітыя і сумленныя, з асабістым часам не лічыліся, рабілі ўсё дзеля дабрабыту калгаса.

З асабістага архіва Вячаслава Фалько

? На «Маяк» раўняецца вобласць

На сучасным этапе сельгаспрадпрыемства служыць своеасаблівым маяком па ўраджайнасці зерневых і зернебабовых культур, рапсу, кукурузы і цукровых буракоў, асноўных паказчыках жывёлагадоўчай галіны не толькі для мясцовых гаспадарак. Па гэтым флагмане звяраюць свае вынікі хлебаробы Гродзеншчыны. З выдатнымі паказчыкамі маякоўцы завяршаюць і бягучы аграрны год.

Сёлета працаўнікі гаспадаркі з кожнага гектара атрымалі 77,8 ц/га зерневых, што з’яўляецца першым вынікам у раёне і другім у вобласці. Дарэчы, у мінулым годзе па ўраджайнасці зерневых гаспадарка была на трэцяй прыступцы на Гродзеншчыне. Аднак, як кажуць, дасканаласці няма мяжы, і вось яна ўжо з сярэбраным медалём жніва.

Уборку зерневых на 2086 га маякоўцы правялі ў аптымальныя тэрміны. На двух участках збожжавае багацце “Маяка” ўбіралі 10 камбайнаў. Усе экіпажы намалацілі больш за тысячу тон зерня, два з іх пераадолелі дзвюхтысячную мяжу.

– Ураджай убралі без страт. Намалацілі 16219 тон збажыны, – расказвае старшыня сельгаспрадпрыемства Віктар Маковік. – Не сакрэт, што асноўная заслуга належыць спецыялістам, механізатарам і ўсім работнікам гаспадаркі. Спасылкі на надвор’е рабіць не прывыклі. Працаваць трэба, тады і вынікі будуць.

Добра разумеючы сэнс прыказкі “Што пасееш, тое і пажнеш”, агранамічная служба гаспадаркі штогод набывае элітныя гатункі пшаніцы, ячменю, трэцікале. Цесна ўзаемадзейнічаюць з агракамбінатам “Сноў” Нясвіжскага раёна, адкуль і пастаўляецца асноўная маса насеннага матэрыялу.

Трактарыст-машыніст Анатолій Блашко

Паспяхова справіўшыся са жнівом, працаўнікі на выдатна адпрацавалі і на пасяўной азімых зерневых культур. У дапамогу – сучасная тэхніка, якой валодаюць лічаныя гаспадаркі раёна. А менавіта, звышдакладная і высокавытворчая сеялка «LemkenSolitair 12», якая з’явілася ў гаспадарцы не так даўно, аднак ужо паказала сябе на поўную моц. У бліжэйшых планах кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства – набыццё 8-метровай зерневай сеялкі і 18-радковага агрэгата для сяўбы цукровых буракоў.

“Парк сельгасмашын абнаўляць трэба”, – упэўнены Віктар Маковік. У СВК “Маяк-Заполле” так і робяць. За апошнія 3 гады корманарыхтоўчая тэхніка абнавілася амаль на 90%: набылі 4 новыя касілкі, дзве з якіх 9-метровыя замежнай вытворчасці, 3 прэсы нямецкай фірмы «Krone», двое грабляў-валкаўтваральнікаў. Па-за канкурэнцыяй набыты сёлета корманарыхтоўчы камбайн «KroneBIGX», які характарызуецца надзвычай высокай вытворчасцю.

З такой тэхнікай корманарыхтоўчая кампанія ў гаспадарцы прайшла на “ўра”. Нарыхтаваны паўтарагадовы запас кармоў найвышэйшай якасці: 1663 тоны сена, 22241 тона сенажу, 19341 тона сіласу. На адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы прыходзіцца 40,8 цэнтнераў кармавых адзінак.

Штогод пэўныя надзеі ў гаспадарцы ўскладаюцца на рапс, рэнтабельнасць якога перавышае 100%. І культура апраўдвае іх у поўнай ступені. На працягу некалькіх гадоў маякоўцы атрымліваюць звыш 40 ц/га. Бягучы год не стаў выключэннем. Працаўнікі сельгаспрадпрыемства завяршылі ўборку рапсу з лепшай ураджайнасцю ў раёне – 45,7 ц/га.

Маякоўцы стаяць на вышэйшых прыступках аграрнага п’едэстала раёна і па іншых паказчыках раслінаводчай галіны. Атрыманая сёлета ўраджайнасць цукровых буракоў складае каля 800 ц/га, кукурузы насілас – 485 ц/га, царыцы палёў на зерне – 147 ц/га.

Бухгалтар Анастасія Варановіч, намеснік галоўнага бухгалтара Галіна Капацэвіч і эканаміст Таццяна Зяленская

Раслінаводства ў гаспадарцы арыентавана ў першую чаргу на забеспячэнне сваімі кармамі 3869 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1485 дойнага статку.

– Асноўны накірунак дзейнасці сельгаспрадпрыемства – вытворчасць малака, ялавічыны, свініны, – адзначае Віктар Маковік. – Малако – гэта “жывыя” грошы круглы год, яно запатрабавана перапрацоўчымі прадпрыемствамі. Таму інвестыцыі, укладзеныя ў малочную вытворчасць, абавязкова акупяцца. На сённяшні дзень працягваецца рэканструкцыя двух будынкаў на малочнатаварнай ферме “Паланая”, тут жа пабудавалі тры цялятнікі. У мінулым годзе правялі рэканструкцыю МТФ у в. Востухава, сёлета тут з’явіўся новы цялятнік.

За 10 месяцаў бягучага года валавая вытворчасць малака гаспадаркі склала 9400 тон, сярэдні надой на адну рагулю – 6330 кг, сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы – 717 грамаў.

У развіццё свінаводства таксама былі зроблены вялікія фінансавыя ўкладанні. У 2016 годзе праведзена рэканструкцыя свінафермы па адкорме на 27 тысяч парасят пры в. Камаровічы. Было затрачана каля 11134 тыс. рублёў. На сённяшні дзень дасягнуты наступныя паказчыкі: валавая прывага свіней складае 1557,3 тоны, альбо 117% да аналагічнага перыяду мінулага года, сярэднясутачныя прывагі – 837 грамаў.

– Усе вынікі і паказчыкі сельгаспрадпрыемства сталі рэальнасцю дзякуючы нястомнай штодзённай працы спецыялістаў, аграрыяў, жывёлаводаў і іншых работнікаў гаспадаркі, – адзначае старшыня СВК “Маяк-Заполле”. – Напярэдадні свята хочацца выказаць ім словы ўдзячнасці за добрасумленнасць і працавітасць, а таксама пажадаць здароўя, сямейнага дабрабыту, дасягнення небывалых вышынь.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара