В обновленном Доме культуры в Жуховичах чествовали лучших тружеников Кореличчины (фото+видео)

Сёння аграгарадок Вялікія Жухавічы гасцінна вітаў герояў сёлетняга жніва, старанных працаўнікоў раслінаводчай і жывёлагадоўчай галін раёна, а таксама тых, хто старанна перапрацоўвае атрыманы хлебаробамі ўраджай. У Жухавіцкім Доме культуры прайшло раённае свята “Зямля – аснова ўсёй Айчыны”, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Аб тым, што аграрыям і жывёлаводам Карэліччыны ёсць чым ганарыцца, яскрава сведчылі шматлікія падворкі, арганізаваныя гаспадаркамі раёна.

Удзел у свяце прынялі таксама прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці, на якія пастаўляе сельскагаспадарчую сыравіну Карэліцкі раён. Гэта Слонімскі мясакамбінат, ААТ «Малочная кампанія Навагрудскія дары» і ААТ «Вікас».

Святочныя мерапрыемствы пачаліся з сімвалічнай падзеі, прымеркаванай да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці. Старшыня райвыканкама Віктар Шайбак разам з дырэктарамі і старшынямі сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны, а таксама ветэранамі працы заклалі алею з маладзенькіх туй каля Дома культуры.

На пляцоўцы перад Домам культуры разгарнулася сапраўднае народнае гулянне, на якім частавалі духмянай кашай з мясам. Дзеці таксама не сумавалі, а бавілі час у кампаніі вясёлых аніматараў.

Падчас свята ўсе жадаючыя маглі набыць прадукцыю вытворчасці мясцовых бытавікоў і рамеснікаў.

У файе Дома культуры адбылася дэгустацыя малочнай і мясной прадукцыі, вырабленай з карэліцкай сыравіны.

Адноўленая глядзельная зала Дома культуры расчыніла свае дзверы перад дэлегацыямі гаспадарак раёна, у склад якіх увайшлі кіраўнікі, спецыялісты і лепшыя працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Са словамі віншавання да прысутных звярнуўся старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак, які падвёў вынікі работы аграпрамысловага комплексу раёна. Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады шчыра падзякаваў хлебаробам за плённую і добрасумленную працу і ўручыў заслужаныя ўзнагароды.

Ганаровым госцем урачыстасці стаў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Ігар Сарокін, які адзначыў, што сярод іншых раёнаў вобласці Карэліччына вылучаецца моцнымі працоўнымі традыцыямі і стабільнымі поспехамі на абласным узроўні. Чацвёра прадстаўнікоў раёна былі ўзнагароджаны юбілейнымі медалямі “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі”. Гэта дырэктар КСУП “Лукі-Агра” Мікалай Гавіна, трактарыст-машыніст КСУП “Цырын-Агра” Пётр Фалейчык, трактарыст-машыніст КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Ігар Бушма.

На працягу ўрачыстага мерапрыемства гучалі шматлікія словы ўдзячнасці за працу аграрыям са шматгадовым стажам і настаўленні маладым спецыялістам, былі ўручаны ўзнагароды і грашовыя прэмія тым, хто на працягу многіх гадоў шчыра выконваў свае абавязкі, павялічваючы дабрабыт раёна.

Павіншавалі працаўнікоў раёна таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская і галоўны бухгалтар Карэліцкага РК ГА “Беларускі саюз моладзі” Аксінья Ждан.

Святочны настрой дапамаглі стварыць работнікі сферы культуры раёна і навучэнцы Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў. Мерапрыемства завяршылася і пакінула адчуванне гонару за сумленную і адказную працу кожнага з карэліцкіх хлебаробаў.

 

Аксана ЯНУШ

Фота Іны ЛЕЙКА і Аксаны ЯНУШ

Відэа Іны ЛЕЙКА