У радасным і дзейсным чаканні Збаўцы. 30 лістапада католікі ўзгадваюць св. Апостала Андрэя, а 1 снежня распачынаюць Адвэнт

? Як зіма атуляе свет спакоем, так і час Адвэнту суцішвае сэрцы католікаў і ачышчае іх ад слоты быцця. У Касцёле распачынаецца новы літургічны год. І з 1 па 24 снежня душы вернікаў заміраюць у радасным чаканні ўрачыстасці Божага Нараджэння.

Але, найперш, 30 лістапада, напярэдадні Адвэнту, у дзень успаміну апякуна рыбакоў, плыўцоў, дзяцей і добрага сямейнага жыцця – св. Апостала Андрэя – католікаў разам збіраюць на забавы, гульні і вечарыны вядомыя аж з XII стагоддзя Андрэйкі, ці яшчэ па-простаму Андрэй альбо Андросы.

А ўжо 1 снежня сёлета вернікі распачынаюць перыяд Адвэнту, які ўзгадваецца яшчэ ў IV стагоддзі. Само слова перакладаецца з латыні як “прыйсце”, у хрысціянскім сэнсе, – Сына Божага да чалавецтва (маецца на ўвазе і першае, што здарылася дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлееме, і другое, якое адбудзецца на сканчэнні вякоў). Дарэчы, у старажытным Рыме слова мела іншае значэнне і суадносілася з афіцыйным візітам, адведзінамі дзяржаўнага саноўніка пасля прыняцця пасады.

Адразу заўважым, што Адвэнт – гэта не пост ці пасіўнае чаканне Збаўцы. Наконт ежы, увогуле, асаблівых прадпісанняў няма. Тут дзейнічаюць тыя ж правілы, як і на працягу года: па пятніцах варта адмовіцца ад мяса тым, хто дасягнуў 14-гадовага ўзросту, калі, праўда, у гэты дзень няма касцёльнай урачыстасці. А вось удасканаленнем свайго хрысціянскага жыцця трэба актыўна заняцца. Адвэнт адрозніваецца інтэнсіўнай працай вернікаў над сабой, глыбокім пакаяннем за грахі і шчырай споведдзю, трывалай малітвай, устрыманнем ад шумных святочных і забаўляльных мерапрыемстваў, наведваннем рэкалекцый і іншых духоўных практыкаванняў, чытаннем Святога Пісання і рэлігійнай літаратуры, роздумамі над Божым Словам, засяроджваннем увагі на святых сакрамэнтах. Многія католікі на гэты час бяруць сабе пастановы, старанна выконваюць іх і тым самым перамяняюць сваё жыццё да лепшага. Бо як казаў св. Аўгустын: “Бог нас стварыў без нас, але без нас нават Ён нас не збавіць”. А час Адвэнту, сапраўды, шчодры на збавенныя ласкі.

Вельмі важна правільна ўспрымаць гэты перыяд, бачыць у ім не абмежаванні, а, наадварот, магчымасць адкрыцца на жыццё з Богам без дрэнных схільнасцяў і залежнасцяў, без эгаізму, ляноты, абыякавасці, хлусні, сварак, крывадушнасці, зайздрасці і нараканняў. Адвэнт – час дзейснай веры, унутранага аднаўлення і падзякі, калі мы адказваем любоўю на любоў Бога.

Нездарма, каб кожны з 24 дзён чакання Нараджэння Збаўцы меў плён для верніка, робяцца вядомыя з XVII стагоддзя адвэнтавыя календары. З гэтай нагоды ў рэктара Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску кс. Андрэя Рылкі ёсць добрае выказванне: “Ад таго, як я сябе павяду сёння, залежыць, якім будзе заўтра. Калі сёння я знішчу зло, то ў заўтра яно ўжо не пяройдзе, яго там не будзе. І калі сёння я памножу дабро, то ў заўтра пяройдзе памножанае дабро”.

Апроч календароў, адной з традыцыйных адметнасцяў Адвэнту з’яўляюцца св. Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі на світанні, якія называюцца Рараты. Назва адсылае нас да першых слоў спеву на ўваход у храм “Rorate coeli desuper” (у перакладзе “Крапіце, нябёсы, з вышыняў”). Такая раннішняя Эўхарыстыя, як правіла, збірае шмат дзяцей з раратнімі ліхтарыкамі. Яшчэ адзін яе незабыўны і ўзрушлівы момант, калі ў прыцемках у касцёл уваходзіць працэсія з юных і дарослых вернікаў са спевамі і запаленымі раратнімі свечкамі – сімваламі Панны Марыі, Ранішняй Зоркі, якая з’яўляецца перад узыходам Сонца – Езуса Хрыста.

Да характэрных знакаў гэтага перыяду адносяцца і адвэнтавыя вянкі з зялёных яловых ці хваёвых галінак ў форме круга, якія атрымалі распаўсюджанне ў першай палове ХІХ стагоддзя. На іх размяшчаюць чатыры свечкі, кожную з якіх запальваюць у новы тыдзень Адвэнту, у нядзелю: першая прысвячаецца будучаму прыйсцю Езуса Хрыста на сканчэнні вякоў, другая і трэцяя – св. Яну Хрысціцелю, чацвёртая – падзеям напярэдадні Нараджэння Сына Божага і асаблівай ролі Панны Марыі ў таямніцы Богаўцелаўлення. А ўвесь адвэнтавы вянок – гэты сімвал еднасці сям’і, парафіі і ўсяго Божага народа, які чакае ў нястомным чуванні, радасці і любові прыходу Збаўцы ў свет.

Усталёўваюць у гэты перыяд і стаенку, якая нагадвае абставіны з’яўлення на свет Хрыста ў нястачы. Падчас Адвэнту тут адсутнічае фігура Дзіцяткі Езуса, якая змяшчаецца туды на саму ўрачыстасць Божага Нараджэння.

Таксама на гэты час у сваіх дамах вернікі могуць зрабіць калядныя дэкарацыі, паспрабаваць сябе ў батлейцы, паспяваць усёй сям’ёй рэлігійныя песні ці паглядзець хрысціянскія фільмы, а яшчэ парадаваць блізкіх і тых, хто мае матэрыяльную патрэбу і не можа сябе шмат дазволіць, падарункамі. Тым больш, на Адвэнт, а дакладна 6 снежня, прыпадае ўспамін св. Мікалая – біскупа горада Міры (цяпер турэцкага Дэмрэ), які служыў Богу і людзям у III-IV стагоддзях і быў знакаміты дабрынёй, міласэрнасцю і шчодрасцю. Ён лічыцца апекуном падарожных, дзяцей, дзяўчат на выданні, маракоў, рыбакоў, пекараў, вязняў, пастухоў, а яшчэ – правобразам Санта-Клаўса.

Жадаем усім католікам перажыць Адвэнт прыгожа і, згодна прыкладу св. Яна Хрысціцеля, “падрыхтаваць дарогу Пану і простымі зрабіць Яму сцежкі” да адноўленага і напоўненага любоўю сэрца кожнага верніка, каб у ім нарадзіўся Езус Хрыстус.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Паводле матэрыялаў catholic.by, grodnensis.by