От благодарности Президента до костюмов космонавтов. ОАО «Кореличи-Лён» празднует 45-летие!

Напрыканцы года, завяршаючы чараду юбілеяў сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны, чарговы дзень нараджэння адзначае ААТ “Карэлічы-Лён”. Бягучы год для 45-гадовага юбіляра стаў надзвычай удалым і паспяховым. Працаўнікі прадпрыемства атрымалі выдатны ўраджай сыравіны, а “Карэлічы-Лён” – найвышэйшую адзнаку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі падчас яго вераснёўскага візіту на завод.

? Найперш была ручная праца

Яшчэ ў думках не было будаваць льнозавод у Карэліцкім раёне, як мясцовыя льнаводы былі вядомы далёка за межамі раёна. Чатыром звеннявым льнаводчых звенняў калгасаў Карэліччыны было прысвоена ганаровае званне Герояў Сацыялістычнай Працы. Іх імёны сталі сімвалам ільняной гісторыі Карэліччыны. Гэта Ева Карачан, Вольга Калоша, Надзея Трускоўская і Яўгенія Юшко.

— Мала хто ведае, што ў 1965 годзе льнаводчае звяно Надзеі Трускоўскай з калгаса “Новае жыццё” атрымала адказны дзяржзаказ з Масквы – падрыхтаваць 200 кілаграмаў якаснага льновалакна для касцюмаў касманаўтаў, — расказвае старшыня прафкама ААТ «Карэлічы-лён» Наталля Дасько. — І гэта толькі адзін цікавы факт з ільняной гісторыі Карэліччыны.

Дзякуючы такім высокім паказчыкам пытанне, дзе будаваць льнозавод, вырашылася само сабой. Зразумела, на Карэліччыне.

Новы завод у Карэліцкім раёне пачалі ўзводзіць у снежні 1973 года будаўнікамі брыгады ПМК-68 пад кіраўніцтвам Васілія Капуры.

Праз год дзяржаўная камісія праверыла стан гатоўнасці да работы ўсіх агрэгатаў і льнозавода ў цэлым, і ў канцы снежня 1974 года ўсе подпісы былі пастаўлены ў акце прыёму. Першая прадукцыя – 2275 кілаграмаў валакна — была атрымана зменай пад кіраўніцтвам майстра Тамары Сцяпанавай у сакавіку 1975 года. Гэта была рэкордная выпрацоўка. У цэлым вытворчыя магутнасці завода разлічваліся на перапрацоўку 4300 тон ільнотрасты. Гадавы выпуск ільновалакна склаў 2160 тон, у тым ліку доўгага сярэднім нумарам 1,25 – 1130 тон.

З года ў год прадпрыемства не толькі павялічвала аб’ёмы прадукцыі, але і пашырала яе асартымент, абнаўляла тэхналагічнае абсталяванне і тэхналогію вытворчасці. У хуткім часе Карэліцкі льнозавод стаў базай перадавога вопыту для галіновых спецыялістаў былога СССР.

Вялікі ўклад у развіццё прадпрыемства ўнеслі першы дырэктар завода Анатолій Бука і галоўны інжынер Анатолій Сцяпанаў. Іх справу годна працягвалі Віктар Альшэўскі, Васіль Баўдзей, Іван Алфёраў, Сяргей Лейка. Цяжка пералічыць імёны ўсіх тых спецыялістаў і рабочых, якія аддалі шмат гадоў працы на Карэліцкім льнозаводзе. Але кожны з іх зрабіў свой асабісты ўклад у развіццё льнаводчай галіны Карэліччыны.

? Новы воблік Карэліцкага льнозавода

У снежні 1995 года Карэліцкі льнозавод быў ператвораны ў ААТ “Карэлічы-Лён”. Пасля рэарганізацыі льнопрадпрыемстваў Гродзенскай вобласці да яго далучыліся ААТ “Навагрудская льносемстанцыя” і ААТ “Лідлён”, які сёння з’яўляецца вытворчым участкам “Ліда”.

Увядзенне новага абсталявання дазволіла забяспечыць бесперапыннасць перапрацоўкі льнотрасты пасля механізаванай уборкі, поўную ачыстку льнонасення, беражлівы рэжым трапання, выдалення кастрыцы, а таксама знізіць затраты на энерганосьбіты, павысіць прадукцыйнасць і якасць прадукцыі. У выніку рэканструкцыі значна палепшыліся ўмовы працы і значна знізілася колькасць шкодных выкідаў у атмасферу.

Асноўнымі відамі дзейнасці ААТ “Карэлічы-Лён” з’яўляецца вырошчванне лёну, нарыхтоўка льнотрасты, першасная перапрацоўка льнотрасты, вытворчасць доўгага і кароткага льновалакна. Да таго ж карыстаецца шырокім попытам іншая прадукцыя карэліцкага льнозавода – ільняное масла, ільнонасенне, вяроўкі і шпагаты, кастрабрыкет, макуха для кармлення буйной рагатай жывёлы, а таксама зшытая на прадпрыемстве спецвопратка.

Вадзіцель пагрузчыка Сяргей Санько і інжынер Алег Булак

Пачынаючы з 2015 года ўраджай лёну працаўнікоў прадпрыемства не цешыў. Летась лён засушыла, яму не хапіла вільгаці, у 2017 годзе ён вымак. Аднак 2019 год выдаўся шчодрым. Сёлета нарыхтавана амаль удва разы больш сыравіны, чым летась: прыкладна 12 тысяч тон ільнотрасты пры ўраджайнасці звыш 35 ц/га. Да таго ж атрыманы высокі нумар ільновалакна – 1-1,15, што дазваляе атрымаць канчатковую прадукцыю высокай якасці. Валавы збор ільнонасення склаў 574 тоны пры ўраджайнасці 5,3 ц/га.

На сённяшні дзень завод працуе на поўную магутнасць: расійская лінія МТА – у дзве змены, высокавытворчая лінія па выпрацоўцы доўгага і кароткага льновалакна бельгійскай фірмы «Depoоrtere» – у тры змены. Штодзень перапрацоўваецца ад 50-60 тон ільнотрасты і выпускаецца каля 15-16 тон доўгага і кароткага льновалакна.

На сённяшні дзень на “Карэлічы-Лён” і Лідскім вытворчым участку працуюць 257 чалавек.

Раскладчык сыравіны Аляксандр Сасноўскі і здымшчык валакна Марына Ждан

За 45 гадоў на прадпрыемстве склаўся вопытны і прафесійны калектыў, у якім моладзь пераймае практычныя веды ў працаўнікоў са шматгадовым стажам. Не забываюць на прадпрыемстве аб ветэранах працы, якія заўсёды жаданыя госці на льнозаводзе.

Напярэдадні юбілею кіраўніцтва прадпрыемства адрасуе ветэранам працы, спецыялістам і рабочым ільнозавода шчырыя словы падзякі за добрасумленую працу і цёплыя пажаданні здароўя, шчасця і дабрабыту.

Сартыроўшчыцы доўгага валакна Алена Чамярыс, Наталія Дрозд, Тамара Карповіч і Таццяна Галецкая

? ДАВЕДКА «ПОЛЫМЯ»

У 1965 годзе Карэліцкі раён быў прызнаны адным з пераможцаў у спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці і закупак насення і валакна лёну, і яму прысуджаны пераходны Чырвоны Сцяг ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР.

Сыравінная зона Карэліцкага льнозавода ўключае ў сябе тры вытворчыя ўчасткі — у Карэлічах, Лідзе і Навагрудку. Агульная плошча, адведзеная пад лён, — больш за 3400 гектараў. Вырошчваннем ільну-даўгунцу займаюцца мехатрад “Карэлічы-Лён” і 7 гаспадарак Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў.

На сённяшні дзень льнозавод мадэрнізаваны ў адпаведнасці з інвестыцыйным праектам “Рэканструкцыя ААТ “Карэлічы-Лён” з устаноўкай замежнай лініі па вытворчасці доўгага і кароткага льновалакна”. Работы па мадэрнізацыі пачаліся ў 2012 годзе і праводзіліся ў два этапы. Пасля заканчэння будаўніцтва вытворчага корпуса ў 2014 годзе была ўведзена ў эксплуатацыю бельгійская лінія па вытворчасці доўгага і кароткага льновалакна “Depoоrtere”.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара і з архіва юбіляра