Згодна Літары Закона і з павагай да чалавека. Старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатолій Дарожка правёў у Карэлічах прыём грамадзян і «прамую тэлефонную лінію»

“Усе вашы пытанні будуць вырашаны ў строгай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам нашай краіны”, – з гэтых слоў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатолій Дарожка пачаў 25 лютага ў Карэлічах прыём грамадзян з адначасовым правядзеннем “прамой тэлефоннай лініі”.

Падчас мінулай сустрэчы кіраўніка Камітэта Дзяржкантролю вобласці з насельніцтвам карэліччан найбольш цікавалі пытанні афармлення зямельных надзелаў, падключэння да газазабеспячэння і працы ЖКГ. Зараз нашых жыхароў найперш хвалявалі тэмы аплаты зямельнага падатку і паслуг ЖКГ.

Так, жыхар г.п. Мір звярнуўся з просьбай разабрацца наконт нюансаў арэнды зямельнага надзелу, у прыватнасці ўдакладніць яго межы і механізм падаткаабкладання. На што грамадзянін атрымаў грунтоўны адказ як старшыні Камітэта дзяржкантролю вобласці, так і прадстаўнікоў аддзела землеўпарадкавання райвыканкама, упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Карэліцкім раёне Інспекцыі МПЗ па Навагрудскім раёне і Навагрудскага філіяла Гродзенскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Падказалі спецыялісты жыхару Міра і як зменшыць плату за зямлю, правільна ўказаўшы мэту яе выкарыстання ў якасці надзелу для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Таксама ў ходзе размовы высветлілася, што ў звярнуўшагася ёсць пытанні і па падаткаабкладанні іншых сваіх зямельных надзелаў. Больш дэтальна разабрацца ў іх было даручана Мірскаму сельвыканкаму разам з адпаведнымі службамі. Падсумаваў далейшую схему дзеянняў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў: “Парадак павінен быць ва ўсім. Таму выедзем на месца, усё дэтальна пераправерым і прыйдзем да паразумення і аб’ектыўнага рашэння”.

Таксама кіраўнік Камітэта дзяржкантролю вобласці звярнуў увагу жыхара Міра на ўважлівае афармленне дакументаў і дасканалае іх вывучэнне, асабліва пры набыцці зямлі ці маёмасці: “Кожны пастаўлены подпіс дае нам не толькі правы, але і абавязкі”.

Важнай тэмай размовы стала заклапочанасць міраніна станам каталіцкіх могілак у гарадскім пасёлку. На што Анатолій Дарожка адзначыў: “Гэта добра, што падчас правядзення прыёмаў і “прамых тэлефонных ліній” бачна, што людзі звяртаюцца па дапамогу ў вырашэнні не толькі асабістых, але і важных для грамадскасці пытанняў. Таму адказныя арганізацыі абавязкова наведаюць могілкі і дадуць адзнаку іх стану. Упэўнены, што на мясцовым узроўні ўсё абавязкова вырашыцца”.

Неабходныя тлумачэнні па пытанні аплаты паслуг ЖКГ, у прыватнасці за водазабеспячэнне, падчас прыёму былі дадзены старшынёй Камітэта дзяржкантролю вобласці разам з прадстаўнікамі мясцовага РУП ЖКГ і ўпраўлення ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама і яшчэ адной жыхарцы Міра. “Мы прынялі Вашу заяву, абавязкова ўлічым усе факты, падключым пэўныя службы, яшчэ раз перагледзім неабходные дакументы, параўнаем лічбы і паставім усе кропкі над “і” ў Вашай сітуацыі”, – запэўніў Анатолій Дарожка.

Напрыканцы візіту ў Карэліцкі раён старшыня Камітэта дзяржкантролю падкрэсліў, што ў цэлым у вобласці назіраецца пазітыўная тэндэнцыя зніжэння колькасці зваротаў грамадзян. Гэта гаворыць пра рост эфектыўнасці дыялога паміж мясцовымі ўладамі, насельніцтвам і кантралюючымі органамі. Нездарма па выніках дзейнасці ў 2019 годзе Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці заняў першае месца ў рэспубліцы.

– Сапраўды, летась Камітэт спрацаваў рэзультатыўна, – даў адзнаку працы ведамства Анатолій Дарожка. – Бо ва ўсіх накірунках сваёй дзейнасці мы прытрымліваемся комплекснага і дэтальнага падыходу. У прыватнасці, пільна вывучаем пытанні эфектыўнасці расходавання бюджэтных сродкаў, распараджэння дзяржаўнай маёмасцю, рэалізацыі дзяржаўных праграм. Вядома, у полі нашага зроку застаецца шэраг іншых ключавых момантаў, закладзеных Планамі работы Камітэта дзяржкантролю рэспублікі і вобласці, а таксама мы сочым, як выконваюцца даручэнні Кіраўніка дзяржавы.

Вялікая праца праводзіцца ў разрэзе маніторынгаў і аўдытаў эфектыўнасці найбольш важных сфер сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, па выніках якіх адпаведныя прапановы накіроўваюцца ў мясцовыя органы ўлады, дзяржорганы і арганізацыі для прыняцця неабходных мер. Так, у 2019 годзе маніторынгамі мы ахапілі 3278 суб’ектаў гаспадарання, якім вынеслі звыш 800 рэкамендацый па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

Таксама паказчыкам эфектыўнасці нашай працы з’яўляецца той факт, што праведзеныя кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы дазволілі зэканоміць немалы аб’ём дзяржаўных сродкаў, перасцерагчы ад неабгрунтаваных выдаткаў, а значыць далей гэтыя грошы будуць накіраваны на забеспячэнне важных сфер у нашым рэгіёне і краіне.

Што датычыцца прыярытэтных накірункаў у працы нашага Камітэта на 2020 год, то, як і раней, на першым месцы ў нас застаецца праца са зваротамі грамадзян. Да таго ж, мы робім акцэнт на папярэджанні правапарушэнняў. Адзначу таксама, што бягучы год – ацэначны для ўсёй выканаўчай улады. Таму наша асаблівая звага будзе звернута на належнае выкарыстанне дзяржмаёмасці, рэалізацыю вядучых інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, выкананне зямельнага, ляснога і прыродаахоўнага заканадаўства і іншыя значныя пытанні. Адным словам, нішто не застанецца без увагі і ніхто са звярнуўшыхся грамадзян без граматнага адказу.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара