12 мая — Международный день медицинской сестры. О профессии, пациентах и особенностях работы в период пандемии рассказывает кореличская медсестра с 30-летним стажем Светлана Данько

32 гады прафесійнага стажу ў медыцыне даюць упэўненасць у тым, што любую сітуацыю можна ўзяць пад кантроль. Галоўнае – рэагаваць аператыўна, дзейнічаць граматна і выконваць свае абавязкі сумленна. Менавіта так ставіцца да сваёй прафесіі наша гераіня – медсястра вышэйшай катэгорыі акушэрска-гінекалагічнага аддзялення Карэліцкай ЦРБ Святлана Данько.

– Што прывяло Вас у медыцыну?

– У маёй біяграфіі ўсё проста. Нарадзілася ў Дзятлаве, але ўжо даўно жыву на Карэліччыне. Кім стану, ведала яшчэ ў дзяцінстве, бо мой тата быў санітарным урачом. І я з малых гадоў загарэлася медыцынай. Таму і паступіла пасля школы ў Слонімскае медыцынскае вучылішча (цяпер – каледж), якое скончыла ў 1988 годзе. Па размеркаванні трапіла ў Мір у бальніцу медсястрой тэрапеўтычнага аддзялення. У 1991 годзе перавялася ў Карэлічы ў акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне, дзе працую і сёння. Яго загадчык, урач акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі Ганна Аляксандраўна Жарская стала маім настаўнікам у прафесіі. Увогуле, у нас цудоўны калектыў – вопытны, моцны і дружны. Усяго ў аддзяленні зараз працуе 6 медсясцёр.

– З чаго складаюцца Вашы будні?

– Мой рэжым такі: дзень-ноч у бальніцы, два – дома, а абавязкі самыя розныя: раздаць лекі, зрабіць унутрывенныя і ўнутрымышачныя ін’екцыі, вымераць ціск, учас накіраваць пацыентаў на розныя дыягнастычныя даследаванні. І, вядома, трэба умець наладжваць кантакт з пацыентамі, бо, калі ён ёсць, лячэнне заўжды ідзе ў разы лягчэй. Тут рэцэпт просты: варта ставіцца да кожнага чалавека з душой і цеплынёй, тады і эфект будзе.

– Не кожны вытрымае такі рытм. Дзе узяць на ўсё сілы?

– Вядома, дома: у клопатах пра сям’ю, у размовах з дачкой, падчас працы на тым жа агародзе ці адпачынку за кнігай. Шчасце – у простых рэчах.

– Зараз вакол толькі і размоў, што пра складаную эпідэміялагічную сітуацыю. Што змянілася ў Вашай працы у сувязі з пандэміяй?

– Хіба толькі дадалося “абмундзіраванне” (усміхаецца і паказвае на сродкі абароны). А так я столькі год у прафесіі, што да ўсяго звыкла. Увогуле, цяжка адказаць, што ў нашай справе самае няпростае. Так, здараюцца насычаныя дні, калі вечарам ты адчуваеш сябе стомленай і выціснутай як той лімон. Але гэта не складанасці, а проста наша прафесія. Іншай мне не трэба, бо гэта справа майго жыцця. А ў сувязі з прафесійным святам жадаю калегам заставацца запатрабаванымі на працы, ставіцца да ўсяго спакойна, умець заўважаць добрае ды, вядома, душэўнай раўнавагі, сямейнага цяпла, здароўя, сіл, вытрымкі і цярпення!

Даведка “Полымя”

Прафесійнае свята медсясцёр пачалі адзначаць ва ўсім свеце 12 мая ў 1974 годзе. Дата абрана ў гонар знакамітай англічанкі, заснавальніцы сучаснай сястрынскай справы Флорэнс Найцінгейл. Дарэчы, сёлета адзначаецца 200-годдзе з дня яе нараджэння. Пра сваю прафесію Флорэнс Найцінгейл казала так: «Медсястра — гэта ногі хворага, вочы аслеплага, апора дзіцяці і старому, крыніца ведаў і ўпэўненасці для маладой маці, вусны тых, хто надта слабы або паглыблены ў сябе, каб размаўляць». Кожны год свята праходзіць пад пэўным дэвізам, у 2020-м ім сталі словы: “Медыцынскія сёстры – вядучы голас у дасягненні здароўя ва ўсім свеце”.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара