Пункт погляду журналіста: Што нельга купіць за грошы?

Якім бы хуткаплынным ні быў сённяшні час і якія б прыярытэты ні існавалі, тэма грошай хвалюе многіх. Аб заработнай плаце гавораць на ўзроўні ўрада, у працоўных калектывах, на кухнях. Па-рознаму людзі адносяцца да грошай, але, бясспрэчна, без іх нельга абысціся ў жыцці.

А ці існуе тое, што нельга купіць за грошы? Вядома добра, калі яны ёсць, а вось калі здароўя няма, адсутнічае радасць жыцця, мара пра шчасце не дае спакою, сябар аказаўся няверным, а сапраўднае каханне так і не прыйшло — усяго не пералічыш, што патрэбна ў жыцці для шчасця.

Як цудоўна здаровым быць!

Здароўе, бадай, адно з самых асноўных багаццяў. Вось толькі гэта добра пачынаем усведамляць тады, калі захварэем. Менавіта хвароба дае магчымасць перагледзець адносіны да жыцця і ў першую чаргу да саміх сябе: як жывём, працуем, адпачываем, харчуемся. Самі сабе абяцаем змяніцца і пачаць жыць па-новаму. Сапраўды, каб так атрымалася!

Здаровы чалавек патрэбны ўсім. На працы выкладваецца як спецыяліст, дома клапоціцца пра блізкіх, у кампаніі стварае настрой. Хворы ж патрабуе да сябе ўвагі і клопату. Чаму ж тады абыякава адносімся да здароўя, ганьбуем самім дарагім? Я пра тых, хто вядзе нездаровы лад жыцця: сябруе з «зялёным зміем» і тытунёвымі вырабамі. Іх меркаванне, што нічога дрэннага не прынясе адна выпітая чарка ці выкураная цыгарэта, памылковае. З цягам часу гэта ўжо становіцца для іх шкоднай звычкай. Альбо чаму ў моладзі такая вялікая цяга да піва? Няўжо яны не разумеюць, што гэтае «сяброўства» да дабра не прывядзе?

І ўсё-такі, як цудоўна здаровым быць! Для гэтага патрэбна сябраваць са спортам. Пешыя прагулкі ў любым ўзросце могуць пайсці толькі на карысць, а заняткі рознымі відамі спорту дапамогуць заняць вольны час і палепшыць самаадчуванне.

Радасць кожнага дня

Штодзённа кудысьці спяшаемся і не заўсёды заўважаем прыгажосці навакольнага асяроддзя. А як важна знайсці тое, што б усхвалявала душу. Няхай гэта будзе звычайны, на першы погляд, малюнак прыроды: прыгожая клумба ля суседскага дома, ручаёк з празрыстай вадой за вёскай, клён у залацістым убранні… Гэтых сюжэтаў у прыроды даволі шмат, толькі трэба іх заўважыць.

А яшчэ ўсмешку прахожага! Пастарацца адказаць яму такім жа добразычлівым поглядам, нават у пахмурны дзень, а ў кроплях дажджу пачуць незвычайную мелодыю. Падставіўшы свае далоні, адчуць сувязь з прыродай. Свеціць сонца, шуміць дождж, асвяжае вецер — прыкмячай і рабі высновы.

Адчуць радасць жыцця можна ў любую пору года. Вясной цвітуць сады, летам вабяць сенакосы, восенню зачароўвае лістота, а зімою сняжынкі ўзнімаюць настрой. У кожным пражытым дні таксама ёсць тое, што пакідае след у жыцці. Яшчэ не раз будуць усплываць у памяці сустрэчы са школьнымі сябрамі, вяртанне да бацькоўскага парога, паездка ў лес за грыбамі — гэта доўгі час будзе з намі.

Новы дзень пачынаецца па-новаму. Мы чакаем ад яго толькі добрых вестак, і пры гэтым забываемся, што самі з’яўляемся творцамі карысных спраў. Атрымаць радасць ад будзённай працы не заўсёды адразу ўдаецца. Толькі любімы занятак можа на першым часе даць выдатныя вынікі. Калі ж добра пастарацца, то ўвогуле ўся справа можа выйграць.

Простае людское шчасце

Хто з нас не марыць пра шчасце? Праўда, кожны закладвае ў гэтае паняцце сваё разуменне. Для адных — купіць дарагі аўтамабіль, для другіх — адправіцца ў падарожжа, для трэціх — пабудаваць дом, для чацвёртых — зрабіць сабе кар’еру. Ёсць яшчэ і тыя, знаходзяць яго ў простых рэчах: прачнуцца раніцай і радавацца сонцу, мець на стале хлеб і да хлеба, ніколі не хварэць і хадзіць на працу.

Многія аддаюць перавагу сям’і. І сапраўды, якую б пасаду чалавек ні займаў, якія б грашовымі сродкамі ні валодаў, з якімі радасцямі і праблемамі ні сустракаўся ў жыцці, вечарам вяртаецца дамоў. І тут важна: хто і што чакае пад дахам роднага дома. Адзіноцтва ці сям’я? Утульная кватэра ці халодныя пакоі? Духмяныя пірагі ці пустыя паліцы халадзільніка?

Аказваецца, так важна, калі цябе любяць. Менавіта дома можна быць самім сабой, тут заўсёды зразумеюць і падтрымаюць. У сваю чаргу можна пагаварыць па душах і выслухаць родных. А як цудоўна, калі маці прачытае сыну ці дачцэ казку перад сном! Увага акрыляе, прыдае сілы, узнімае настрой, дае адчуванне шчасця.

Сяброўства не плануюць

Хто такі сапраўдны сябар? Твая роднасная душа, з кім будзеш адчуваць сябе як з самім сабой. Ён зразумее з паўслова і дасць слушную параду. Першым прыйдзе на дапамогу ў складанай сітуацыі і раздзеліць веліч тваёй перамогі. Сябар сам ведае аб тым, што цябе хвалюе.

«Стары сябар лепшы за новых двух» — нагадаю словы народнай прымаўкі. І сапраўды, колькі б сяброў ні з’яўлялася ў нашым жыцці, сябры дзяцінства і юнацтва — самыя надзейныя. Праўда, хутчэй гэта ўжо прыяцелі. Магчыма, таму радуемся сустрэчам з аднакласнікамі праз дзясяткі гадоў, рады іх тэлефонным званкам, а раней гэта былі пісьмы.

У час новых тэхналогій сяброў выбіраем праз сацыяльныя сеткі і вядзём перапіску. Вось толькі паўстае пытанне: ці можам назваць іх сапраўднымі сябрамі? Як бы пагутарылі пры сустрэчы, зазірнуўшы адзін аднаму ў вочы? Інтэрнэт нам дае вялікія магчымасці, а вось наконт сяброўства іншы раз трэба падумаць. Сяброўства не плануюць і яго нельга заказаць. Яно альбо ёсць, альбо яго няма.

Пра каханне не крычаць

Вы кахалі моцна, каб аднойчы і на ўсё жыццё? Так, каб трапятала сэрца ў грудзях і вырасталі крылы за плячыма? Каб хацелася кудысьці імчацца і рабіць толькі добрыя ўчынкі? Закаханы чалавек іншы, у яго ўсё па-другому: і само жыццё, і ўсё навокал. І ўсё таму, што гэта вялікае пачуццё, якое не ведае межаў.

А першае каханне! Бывае, што яно нечакана вернецца ў сталым узросце. Тут ужо не ведаеш, радавацца ці сумаваць. Нічога з пачуццём не зробіш, бо яно ў табе самім, глыбока ўнутры. Што ж, закрыцца на ўсе завесы і прадаўжаць жыць? Не вярэдзіць душу і не вяртацца ў мінулае? Хаця тут кожны — каваль свайго шчасця, сам вырашае, як лепш яму паступіць у дадзеным выпадку.

Вось толькі ў адным цвёрда пераканана: пра каханне не крычаць. Гэтае трапяткое пачуццё патрабуе паважлівых адносін. Мы кахаем, і нас кахаюць. Калі ж па-іншаму, то гэта нельга назваць узаемным пачуццём.

Жыццё даецца адзін раз

«Самае дарагое ў чалавека — жыццё. Яно даецца адзін раз, і пражыць яго трэба так, каб не было пакутліва балюча за бязмэтна пражытыя гады…» — словы Мікалая Астроўскага не аднойчы ўсплываюць у памяці. Як важна, аказваецца, у маладосці выбраць правільныя арыенціры, каб на схіле гадоў не пашкадаваць аб гэтым.

Немалаважна ў жыцці знайсці любімую справу. У працы зможаш растварыцца сам, ды людзям і грамадству будзе карысць. А калі атрымаеш грашовае ўзнагароджванне, то ўзрасце дабрабыт сям’і.

У жыцці аднаму няпроста ўтрымацца на плыву. Патрэбны падтрымка і надзейнае плячо. Як добра, калі ёсць ціхая гавань, куды будзеш спяшацца штодзённа і дзе будуць чакаць родныя людзі.

А якія вялікі сэнс закладзены ў слове ЛЮБОЎ! Ну скажыце, чаго мы варты без Радзімы, родных, сяброў? Прыроды, якая шчодра адорвае фарбамі?Без кахання, якое робіць нас шчаслівымі?

Існуе меркаванне, што мужчына павінен пабудаваць дом, выхаваць сына, пасадзіць дрэва. Скажыце, а калі гэта зробіць жанчына? Апошнім часам так яно часта бывае. Трэба імкнуцца да таго, што было задумана ў юнацтве. Не спасылацца на час і абставіны, не шукаць прычын і адгаворак. Жыццё даецца адзін раз.

Вось якую параду дае мысліцель Амар Хайям: » Галоўнае — верыць у Бога, любіць родных, цаніць блізкіх, паважаць старэйшых, ушаноўваць памерлых і жыць з чыстым сумленнем. А астатняе — пустая марнасць!»

Галіна СМАЛЯНКА