Что изменится в Беларуси с 1 февраля?

Вырасце памер дзіцячых дапамог

У Беларусі з 1 лютага вырасце памер дзіцячых дапамог і некаторых іншых сацыяльных выплат у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

БПМ з 1 лютага ў разліку на месяц устаноўлены ў памеры Br262,87. Ён павысіўся на 1,8 працэнта ў параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў з 1 лістапада 2020 года па 31 студзеня 2021 года, адпаведна павялічваюцца і сацыяльныя выплаты, у тым ліку дзярждапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.

Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці цяпер складзе Br2628,7 (10 БПМ); пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — Br3680,18 (14 БПМ). Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, з лютага будзе выплачвацца ў памеры Br262,87, дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў (штомесячная) — у памеры Br131,44.

Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў, якія вызначаюцца заканадаўствам, складзе: на дзіця-інваліда — Br184,01, на іншых дзяцей у сям’і — Br131,44. Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў складае Br262,87 (з I і II ступенню страты здароўя і з III і IV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 3 гадоў) і Br315,44 (з III і IV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці 3 гадоў); штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванага ВІЧ, — Br184,01.

Акрамя таго, з 1 лютага павялічваюцца памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў — у сувязі з ростам сярэднямесячнай заработнай платы. На першае дзіця памер дапамогі складзе Br472,92, на другое і наступных дзяцей —Br540,48, на дзіця-інваліда —Br608,04.

Памер гэтай дапамогі на першае дзіця складае 35 працэнтаў ад сярэднямесячнай зарплаты работнікаў у рэспубліцы за квартал; на другое і наступных дзяцей — 40 працэнтаў; на дзіця-інваліда незалежна ад чарговасці нараджэння — 45 працэнтаў. Яны пераразлічваюцца ў сувязі з ростам сярэднямесячнай заработнай платы двойчы за год: з 1 лютага і 1 жніўня.

Павышаюцца сацыяльныя пенсіі, даплаты і надбаўкі пенсіянерам

У Беларусі з 1 лютага ў сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва праведзены пераразлікі сацыяльных пенсій, надбавак і павышэнняў, даплат пенсіянерам ва ўзросце старэйшым за 75 гадоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

БПМ з 1 лютага 2021 года ўстаноўлены ў памеры Br262,87. Новы БПМ у сярэднім на душу насельніцтва павысіўся на 1,8 працэнта ў параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў з 1 лістапада 2020 года па 31 студзеня 2021-га. Суразмерна павялічваюцца і пералічаныя вышэй выплаты.

Штомесячная даплата да пенсій непрацуючых пенсіянераў у лютым-красавіку для людзей ва ўзросце 80 гадоў і старэйшым складзе Br65,72, ва ўзросце ад 75 да 80 гадоў — Br49,29. Надбаўка для інвалідаў I групы складзе Br65,72, пенсіянераў, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту,— Br32,86.

Сацыяльныя пенсіі (назначаюцца пры неатрыманні працоўнай пенсіі) павялічацца наступным чынам: інвалідам I групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, — да Br289,16, інвалідам з дзяцінства II групы — Br249,73, інвалідам II групы (акрамя інвалідаў з дзяцінства), дзецям у выпадку страты карміцеля на кожнае дзіця — Br223,44, інвалідам III групы — Br197,15, асобам старэйшым за агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост —Br131,44, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў пры рознай ступені страты здароўя — ад Br210,3 да Br289,16. У тым ліку цяпер сацыяльная пенсія назначаецца дасягнуўшым 60 гадоў маці і 65 гадоў бацькам, якія не менш за 20 гадоў даглядалі дзяцей-інвалідаў, што мелі III або IV ступень страты здароўя і потым былі прызнаны інвалідамі з дзяцінства I групы. З 1 лютага сума сацыяльнай пенсіі для такіх бацькоў складзе Br258,92.

Дапамога па доглядзе інвалідаў I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, павялічыцца да Br262,87 (у выпадку догляду аднаго такога чалавека) і да Br315,44 (двух і больш).

Павышэнне памеру пенсіі чакае і іншыя катэгорыі атрымальнікаў: Герояў Беларусі, Савецкага Саюза, Сацыялістычнай Працы, блакаднікаў, былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, інвалідаў з дзяцінства па прычыне ранення, кантузіі або калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны (або з наступствамі ваенных дзеянняў) і гэтак далей.

Тэст на COVID-19 у дадатку

Грамадзяне Беларусі, а таксама Арменіі з 1 лютага змогуць уязджаць на тэрыторыю Расіі праз пэўныя паветраныя пункты пропуску пры наяўнасці адмоўных тэстаў на каранавірус, якія адлюстроўваюцца ў мабільным дадатку «Падарожнічаю без COVID-19». Адпаведнае распараджэнне прынята ўрадам РФ і апублікавана сёння на расійскім афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі, паведамляе БЕЛТА.

Дакументам вызначана, што гэта норма будзе дзейнічаць па 1 сакавіка 2021 года ўключна. У пастанове прыводзіцца пералік з 20 пунктаў паветранага пропуску ў РФ, цераз якія можна будзе ўязджаць па новых умовах. У іх ліку маскоўскія аэрапорты Дамадзедава, Шарамецева, Унукава і Жукоўскі, а таксама паветраныя гавані Санкт-Пецярбурга, Калінінграда, Сочы, Уладзівастока, Новасібірска, Казані і некаторых іншых гарадоў.

Падаражэюць некаторыя маркі цыгарэт

Некаторыя маркі цыгарэт падаражэюць у Беларусі з 1 лютага, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на інфармацыю Міністэрства падаткаў і збораў.

Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» на 5-10 капеек павысіць цэны на некаторыя цыгарэты Pall Mall, на 10 капеек — некаторыя віды Rothmans і Kent.

«Беларусьгандаль» павялічыць цэны на Pall Mall Nano Blue, некаторыя віды Davidoff, Richmond, Aroma Rich.

«Тытунь-інвест», «Інтэр Табака», «Энерга-Оіл» не будуць павышаць цэны.

Беларускія вытворцы і імпарцёры цыгарэт маюць права штомесяц дэклараваць максімальныя рознічныя цэны на тытунёвыя вырабы.