Как встретили Новый год кореличчане, которые работали в ночь на 1 января

Для большасці з нас Новы год — гэта цёплае сямейнае свята, якое мы не можам уявіць без сваіх родных. Для кагосьці навагодняя ноч — гэта паход у госці або рэстаран ці клуб. Але ёсць сярод нас і тыя, хто не адпачывае, а працуе ў ноч на 1 студзеня. Карэспандэнт “Полымя” пагутарыў з карэліччанамі, якія працавалі ў навагоднюю ноч.

Мікалай Саўко, фельчар хуткай дапамогі:

– За 20 гадоў сваёй працы на “хуткай”, напэўна, разоў 8 прыходзілася дзяжурыць на Новы год. Нічога неардынарнага ў гэтым не бачу: работа ёсць работа, людзям становіцца блага і на святы. У гэтым годзе навагодняя ноч, на шчасце, у раёне прайшла спакойна. Наша брыгада выехала некалькі разоў на няцяжкія выклікі: да бабулі, у якой падняўся ціск, і да дзіцяці, якое затэмпературыла. Якраз у сям’і хворага малога і сустрэлі, так бы мовіць, прыход Новага года. Потым патэлефанаваў родным, павіншаваў. Жонка да маіх дзяжурстваў нармальна ставіцца, бо таксама медработнік і часта працуе на святы. Затое 1 і 2 студзеня мы сабраліся сям’ёй, адсвяткавалі.

У мінулыя гады ў святочную ноч нам прыходзілася цяжэй: бывае, людзі выпівалі лішняга — і ў бойку або, яшчэ горш, за нож. Цяпер стала значна цішэй, і гэта нас толькі радуе.

Аляксандр Мялешка, пажарны пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1:

– У навагоднюю ноч пажарныя-выратавальнікі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Гэта і зразумела: людзі запальваюць ілюмінацыі, карыстаюцца піратэхнікай, паляць печы і каміны, хтосьці ідзе ў лазню. Безумоўна, мы былі ў напружанні, але настрой быў навагодні. Па тэлевізары паслухалі віншаванне Аляксандра Лукашэнкі, потым папілі гарбаты. На стале былі традыцыйныя мандарыны і торт. Вядома, патэлефанавалі родным, сябрам, павіншавалі. На шчасце, ноч прайшла без здарэнняў. Але калегі расказвалі, як некалькі гадоў таму ім давялося пад бой курантаў тушыць пажар.

Віктар Зінчанка, часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС:

– На маім рахунку – 8 навагодніх дзяжурстваў, і гэта першая такая спакойная навагодняя ноч. У мінулыя гады былі і бойкі, і панажоўшчына. У гэтым годзе ў дзяжурную часць райаддзела міліцыі  паступіла толькі некалькі званкоў з-за дробных парушэнняў. Думаю, гэта таму, што забаўляльныя ўстановы былі зачынены і не ладзіліся вулічныя гулянні. Ды і дождж не спрыяў начным прагулкам.

Мы, як і належыць, патрулявалі цэнтральныя плошчы Карэліч і Міра, па два чалавекі дзяжурылі на тэрыторыі сельсаветаў. Вядома, павіншавалі адзін аднаго, патэлефанавалі родным.

Арцём Аляшкевіч, індывідуальны прадпрымальнік, таксіст:

–  У гэтым годзе на Новы год мы працавалі вельмі інтэнсіўна, як ніколі. Рух пасажыраў пачаўся а восьмай гадзіне вечара, узмацніўся ўжо пасля поўначы. Шмат пасажыраў ехала з раёна ў Карэлічы, некаторыя — наадварот. Быў у мяне цікавы заказ, калі людзі папрасілі даставіць сваім знаёмым дзве прыгожа ўпакаваныя каробкі. Я прывёз падарункі, і пакуль дарослыя думалі-гадалі, ад каго гэта такі сюрпрыз, хлопчык хуценька распакаваў прывезенае.

Надыход Новага года я сустрэў за рулём з двума пасажырамі, вёз рабят з Некрашэвіч у райцэнтр. Мы павіншавалі адзін аднаго, потым я дадому заехаў і — далей працаваць. Вядома, калег павіншаваў. Увогуле, у пасажыраў настрой быў святочны, шмат жартавалі, цёплыя словы гаварылі і пакідалі добрыя чаявыя.

Іна ЛЕЙКА

Фота Наталлі Сакалянскай і з архіва рэдакцыі