На заседании Кореличского райисполкома обсудили эффективность работы с обращениями граждан и состояние пожарной безопасности в жилом секторе

У 2020 годзе зменшылася колькасць зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб у Карэліцкі райвыканкам. Пра гэта паведамілі на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

— Галоўны прынцып у рабоце з насельніцтвам — гэта гатоўнасць пачуць чалавека і дапамагчы яму ў вырашэнні праблемы, — падкрэсліў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў. — Безумоўна, часам для вырашэння пытання патрэбны час або фінансы, але ні ў якім разе нельга пакідаць праблему па-за ўвагай.

Як расказала загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Наталля Саматыя, у 2020 годзе ў Карэліцкі райвыканкам паступіла 193 звароты грамадзян і юрыдычных асоб, што на 30 зваротаў менш, чым у 2019 годзе. З агульнай колькасці зваротаў 47 задаволена, 25 знаходзяцца на кантролі, 116 растлумачана, адно адклікана. Таксама паступіла 4 падзякі.

Найбольш актуальнымі для грамадзян застаюцца пытанні жылля, паляпшэння жыллёвых умоў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія складаюць 49% ад усіх зваротаў. Гэтыя пытанні знаходзяцца на кантролі ў раённага кіраўніцтва, многае робіцца для іх вырашэння.

Так, у снежні 2020 года пабудаваны 20-кватэрны дом, у якім ключы ад уласных квадратных метраў атрымалі 15 шматдзетных сем’яў і 4 дзіцяці-сіраты. Месцамі ў інтэрнатах забяспечаны маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў сям’і, прыбыўшыя на працу маладыя спецыялісты, дзеці-сіроты. 8 сем’яў усяліліся ў арэнднае жыллё ў г.п. Карэлічы і Мір, аграгарадку Вялікія Жухавічы. 37 шматдзетных сем’яў выкарысталі сямейны капітал для паляпшэння сваіх жыллёвых умоў.

Яшчэ 24 сям’і, 23 з якіх — шматдзетныя, скарысталіся субсідыямі на будаўніцтва і рэканструкцыю жылля. Тры сям’і атрымалі льготныя крэдыты на капітальны рамонт свайго жылля, яшчэ 2 — на газіфікацыю.

У мінулым годзе капітальна адрамантаваны дах жылога дома № 24в па вул. Гагарына, а таксама жылыя дамы па вул. Гагарына, 22 і Паркавая, 1 у г.п. Карэлічы.
Не губляюць сваёй актуальнасці для жыхароў раёна і пытанні рамонту дарог. У 2020 годзе паступіла 64 такіх звароты.

На працягу мінулага года добраўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі ў мікрараёнах па вуліцах 8 Сакавіка і Прытыцкага ў райцэнтры. Адрамантаваны пешаходныя дарожкі па вуліцах 8 Сакавіка і Савецкая. На вуліцы Кастрычніцкая ў Карэлічах з’явіўся тратуар.

Карэліцкімі дарожнікамі прыведзена ў парадак амаль 17 кіламетраў мясцовых дарог на участках: Карэлічы-Валеўка-Наваельня, Беразавец-Лукі-Далматаўшчына, Райца-Цырын-Навасёлкі, Турэц-Ярэмічы-Скорычы, Трашчычы-Жухавічы-Цырын, вул. Цэнтральная ў в. Крынкі. Добраўпарадкавана вуліца Першамайская ў аграгарадку Лукі.

Ёсць выпадкі, калі няўвага да скаргаў спараджае звароты ў вышэйстаячыя органы. Да прыкладу, у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь звярнулася шматдзетная маці. Яна паведаміла, што яе сям’я пражывае ў аграгарадку і знаходзіцца на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў. У гэтым жа аграгарадку маецца свабодны жылы дом, аднак яго не прапаноўваюць для пражывання шматдзетным сем’ям, якія маюць на гэта права. Толькі пасля звароту ў Адміністрацыю Прэзідэнта жыллё было ўключана ў склад арэнднага, а сям’я змагла ў ім пасяліцца.

— Такія сітуацыі недапушчальныя, калі людзей не чуюць, — лічыць старшыня райвыканкама.

У 2020 годзе ў райвыканкам паступіла 17 калектыўных зваротаў, што на 8 зваротаў, або на 87% больш, чым у 2019 годзе. Калектыўныя звароты жыхароў г.п. Мір па пытанні якасці вады і будаўніцтва аб’язной дарогі вакол пасёлка пастаўлены на кантроль у райвыканкаме. Акрамя гэтага, пытанне якасці вады ў г.п. Мір знаходзіцца на сістэмным кантролі ў Карэліцкім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і Карэліцкім РУП ЖКГ: даследаванні вады праводзяцца штомесяц.

Для прамога дыялогу з жыхарамі раёна кіраўніцтва Карэліцкага райвыканкама праводзіць асабістыя і выязныя прыёмы, штотыдзень па суботах праводзяцца «прамыя тэлефонныя лініі». На працягу мінулага года кіраўніцтвам райвыканкама праведзена 89 прыёмаў у выканкаме, прынята 32 чалавекі. На «прамыя лініі» паступіла 60 званкоў, з якіх 25 было задаволена, на 32 дадзены тлумачэнні, тры знаходзяцца на кантролі.

Аднак да цяперашняга часу ў працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб ёсць недахопы і парушэнні. Так, у райвыканкам паступіў пісьмовы зварот па пытанні якасці рэалізуемых тавараў і не прад’яўлення па першым патрабаванні кнігі заўваг і прапаноў. За ўчыненне названага правапарушэння дырэктар аднаго з прыватных гандлёвых унітарных прадпрыемстваў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Таксама ў выніку калектыўнай скаргі жыхароў пасёлка да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне гігіенічных патрабаванняў да якасці пітной вады прыцягнута службовая асоба Карэліцкага РУП ЖКГ.

У 2020 годзе за дапушчаныя ў працы з насельніцтвам парушэнні да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 4 службовыя асобы, да адміністрацыйнай — дзве.

Структурным падраздзяленням райвыканкама і сельскім выканаўчым камітэтам кіраўнік раёна даручыў прааналізаваць прычыны і ўмовы, якія спрыяюць парушэнням заканадаўства, якое рэгулюе працу з насельніцтвам, прыняць меры па ліквідацыі выяўленых фактаў і недапушчэнні парушэння заканадаўства ў далейшым.

— Звароты грамадзян павінны быць разгледжаны ў тэрмін, — падкрэсліў Генадзій Шатуеў. — Ні ў якім разе нельга накіроўваць заяўнікам адказы, якія змяшчаюць невыканальныя запэўніванні.

Таксама важны момант пасяджэння датычыўся стану пажарнай бяспекі ў жылым сектары раёна.

— За 5 гадоў на тэрыторыі Карэліцкага раёна адбылося 138 пажараў, на якіх загінулі 13 чалавек, — адзначыў начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік. — У 2020 годзе адбылося 26 вогненных здарэнняў, не стала двух чалавек. Часцей за ўсё ўзгаранні адбываюцца з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, а гібель чалавека — з-за яго ж бестурботнасці.

У сакавіку мінулага года ў вёсцы Хлюпічы Мірскага сельсавета пры выпальванні травы атрымаў апёкі і пазней памёр у бальніцы пажылы вясковец. У снежні 2020 года ў вёсцы Стрэльнікі Красненскага сельсавета з-за курэння ў ложку ў нецвярозым стане загінуў 45-гадовы гаспадар дома.

Для папярэджання пажараў і гібелі людзей у раёне дзейнічаюць 11 назіральных камісій, якімі ў 2020 годзе абследавана 3747 дамоў і кватэр. З пачатку года адрамантаваны печы ў 101 доме, у 35 прыведзена ў парадак электраправодка, устаноўлена 319 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. На гэтыя мэты Карэліцкім райвыканкамам выдзелена 10 500 рублёў. Безумоўна, сума салідная і зроблена нямала, аднак толькі пільнасць саміх карэліччан дапаможа ім пазбегнуць бяды.

На пасяджэнні прынята рашэнне да 26 сакавіка бягучага года наведаць дамы жыхароў раёна, якія злоўжываюць алкаголем і нідзе не працуюць, а таксама тое жыллё, дзе парушаюцца правілы пажарнай бяспекі. Будзе ўзмоцнены кантроль за састарэлымі, адзінокімі і адзінока пражываючымі карэліччанамі.

Іна ЛЕЙКА