Председатель СПК «Луки-Агро» Николай Гавина: «Считаю, что поддержку сельского хозяйства государством важно сохранить»

Мікалай Гавіна, старшыня СВК «Лукі-Агра”:

— Што такое праца на зямлі, ведаю з дзяцінства, бо нарадзіўся і вырас у вёсцы. Мы, дзеці, з малых гадоў дапамагалі бацькам, ведалі, з якога боку да каня падысці, як накляпаць касу і заараць агарод. Напэўна, граматна закладзенае продкамі-земляробамі пачуццё любові да зямлі і не дазволіла адарвацца ад яе. З дыпломам вучонага агранома вярнуўся ў родны Карэліцкі раён і стаў спачатку брыгадзірам, а потым загадчыкам вытворчага ўчастка ў калгасе імя Чарняхоўскага. У Луках працую з 1996 года: 5 гадоў аграномам, а потым людзі выбралі мяне кіраўніком сельгаспрадпрыемства.

Безумоўна, пачынаць было няпроста. Яшчэ 20 гадоў таму ў нашым калгасе атрымлівалі 2 790 кілаграмаў малака ад каровы, а па выніках 2020 года ўзялі мяжу ў 7014 кілаграмаў. На дапамогу людзям прыйшла сучасная энерганасычаная тэхніка. Гэта дазваляе нарыхтоўваць патрэбную колькасць якасных кармоў для пагалоўя, атрымліваць важкія ўраджаі з палёў. Так, на працягу апошніх 10 гадоў сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у «Лукі-Агра» складае 55-65 цэнтнераў з гектара.

Важна, што дзяржава аказвае падтрымку сельгаставаравытворцам. З дзяржпадтрымкай некалькі гадоў таму пабудавалі малочнатаварны комплекс «Далматаўшчына», дзе атрымліваем 8877 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. У выніку рэканструкцыі свінакомплексу «Лукі» за апошнія 5 гадоў у два разы павялічыліся валавыя прывагі і ў столькі ж рэалізацыя прадукцыі. Усё гэта і складае дастатак нашай гаспадаркі, фарміруе даходы працаўнікоў вёскі. Мы выплачваем годны заробак: сярэднямесячная зарплата на прадпрыемстве за 2020 год склала 1 071 рубель.

За 20 гадоў 40 сем’яў атрымалі кватэры і дамы сядзібнага тыпу. У мінулым годзе набылі два пустуючых жылых дома і праводзім у іх рамонт. Плануем, што неўзабаве яшчэ дзве сям’і атрымаюць ключы ад уласных квадратных метраў.

Укладваем уласныя сродкі ў мадэрнізацыю і рэканструкцыю жывёлагадоўчых аб’ектаў. На працягу апошніх двух гадоў змяніла аблічча малочнатаварная ферма «Асташын», дзе ўсталявана больш сучаснае даільнае абсталяванне. У 2021 годзе плануем правесці поўную мадэрнізацыю МТФ «Лукі» на 190 галоў дойнага пагалоўя. Таксама будзем абнаўляць машынна-трактарны парк.

Паездку на Усебеларускі народны сход чакаю з нецярпеннем, спадзяюся, што шмат увагі будзе нададзена аграрнай сферы. Лічу, што важна захаваць падтрымку сельскай гаспадаркі з боку дзяржавы: фінансаваць будаўніцтва жывёлагадоўчых аб’ектаў, закупку тэхнікі, аказваць дапамогу ў выдзяленні сродкаў на гаруча-змазачныя матэрыялы і мінеральныя ўгнаенні. Мы вырабляем сацыяльна-значныя тавары не толькі для ўнутранага рынку, але і для знешняга.

Важна, каб кошт на сельскагаспадарчую прадукцыю адпавядаў панесеным выдаткам на яе вытворчасць. Акрамя гэтага, лічу неабходным пашыраць рынкі збыту прадукцыі, выходзіць за межы сваёй вобласці.

Спадзяюся, што мяне як прадстаўніка органа кіравання і працоўнага калектыву пачуюць, бо мы шмат зрабілі ў аграсферы і людзі ў нас паверылі. І гэтую веру нельга разбіць і змяніць намечаны курс, які я лічу правільным.

Іна ЛЕЙКА

Фота з архіва рэдакцыі