Председатель Кореличского районного Совета депутатов Александр Шкадов встретился с коллективом Кореличского райЦГЭ

Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў, дэлегат шостага Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Шкадаў сустрэўся з калектывам раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Як дэлегат шостага Усебеларускага сходу, прамоўца імкнуўся данесці прысутным той пасыл, які адчуваў на форуме.

— Мы хочам перамен, але яны павінны быць пазітыўнымі і разумнымі. Людзі атрымліваюць аднабаковую інфармацыю, таму з імі трэба весці гутарку, — адзначыў Аляксандр Шкадаў і заклікаў аналізаваць прачытанае ў сацыяльных сетках і сродках масавай інфармацыі.

«Мы жывём у мірнай краіне» — гэтае выказванне стала «дзяжурным». Да ўсяго добрага адносімся як да належнага. Да прыкладу, бясплатнае лячэнне і адукацыя, сацыяльная падтрымка сем’яў, мацярынскі капітал, дапамогі па догляду дзіцяці да трох гадоў, пенсійнае забеспячэнне. У кватэрах ёсць святло і цяпло. І сапраўды, чаму не можам усё гэта ацаніць?

— Хто хоча працаваць, той працуе. На камісіях разглядаем тых, хто гэта адмаўляецца рабіць, — гаварыў Аляксандр Шкадаў і прапаноўваў задаваць сабе пытанне: «А што ты зрабіў для грамадства?» Для таго, каб паважалі чалавека, патрэбны добрыя ўчынкі. А яшчэ — канкрэтная дапамога тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Трэба імкнуцца быць дабрэйшым, бо ў жыцці так: як ты да людзей, так і яны да цябе.

Прадстаўнік мясцовай улады звярнуў увагу і на выхаванне. «Дзіця выхоўваецца ў сям’і, усё павінна прывівацца тут. Калі яно чуе толькі адмоўнае, якога выніку можна чакаць? Школа павінна дапамагаць выхоўваць дзяўчынак і хлопчыкаў. Старацца кожны крок ацэньваць і аналізаваць, каб не было шкадавання ў будучым, што выхавалі недастойнага чалавека», — адзначыў прамоўца.

Галіна СМАЛЯНКА