На планерке у председателя: контроль за заготовкой вторсырья, летняя оздоровительная кампания, капитальный ремонт домов

На штотыднёвай рабочай планёрцы старшыня раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў даручыў узяць пад кантроль нарыхтоўку другасных матэрыяльных рэсурсаў: паперы, шкла і палімераў. Кіраўнік раёна адзначыў, што за 5 месяцаў бягучага года нарыхтавана і здадзена на перапрацоўку толькі 22% ДМР.

— Увесь цывілізаваны свет даўно багацее за кошт паасобнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў для іх наступнай утылізацыі, — падкрэсліў старшыня райвыканкама. — У цяперашні час існуе магчымасць перапрацоўкі розных відаў пластыка, паперы і кардону, шкла, металаў. Перапрацоўка адходаў вырашае адразу дзве праблемы: экалагічную і эканамічную. Па-першае, смецце, якое выкарыстоўваецца паўторна, не асядае мёртвым грузам на палігонах. Па-другое, другасныя матэрыяльныя рэсурсы дазваляюць зэканоміць на першаснай сыравіне, у тым ліку імпартнай.

Генадзій Шатуеў даручыў сваім намеснікам узяць пад кантроль работу па здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў тых арганізацый і прадпрыемстваў, якім даведзены заданні.
Вялікая ўвага падчас нарады нададзена стартаваўшай у раёне летняй аздараўленчай кампаніі. У гэтым годзе ў дзіцячых летніках адпачнуць 620 дзяцей. Дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» будзе працаваць у 4 змены. Пры кожнай са школ таксама будуць функцыянаваць пункты адпачынку. У Турцы, Жухавічах і Карэлічах пры сярэдняй школе № 1 адкрыюцца лагеры працы і адпачынку. Аматары паходаў і сну пад адкрытым небам змогуць аздаравіцца ў 7 палатачных лагерах. Асаблівая ўвага будзе нададзена падуліковым падлеткам, якія здзейснілі правапарушэнні або выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях. Усе яны будуць адпачываць у лагерах або працаваць у будатрадах.

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Быліч адзначыў, што ў ліпені бягучага года плануецца завяршэнне капітальнага рамонту дома па вул. Гагарына 6а, 6б у райцэнтры. Наступны аб’ект, да якога прыступяць будаўнікі, — дом № 1 па вул. Прытыцкага ў Карэлічах.

Іна ЛЕЙКА