З гісторыі школы ў Карэлічах (частка трэцяя)

(Заканчэнне. Пачатак у нумарах 79, 80)

10 красавіка 1958 г. Карэліцкі райвыканкам прыняў рашэнне аб адвядзенні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва новага будынка Карэліцкай СШ. Займацца гэтай важнай справай давялося Міхаілу Бельскаму. Колькі бяссонных начэй правёў дырэктар, колькі намаганняў прыклаў, каб пабудаваць школу ў прызначаны тэрмін! Загадзя было падрыхтавана новае абсталяванне для слясарнай і сталярнай майстэрняў, кабінетаў фізікі, хіміі, набыты новы спартыўны інвентар, лабараторныя сталы, класныя дошкі, партрэты, карціны, заказаны парты і іншая мэбля.

У канцы жніўня 1961 г. будаўніцтва новай трохпавярховай школы было завершана, у 1961/62 навучальным годзе ў ёй займалася 605 вучняў. Тады ж дзесяцігодка была пераўтворана ў адзінаццацігадовую школу з вытворчым навучаннем. У новым будынку з’явіліся вучэбныя майстэрні з патрэбным абсталяваннем і пачаліся заняткі па асновах вытворчасці. Аднак праз некалькі гадоў адзінаццацігадовыя школы пачалі зноў пераўтварацца ў дзесяцігадовыя, і ў 1966 г. школу закончылі адначасова вучні з дзесяцігадовым і адзінаццацігадовым тэрмінам навучання.

Настаўніца- Раманенка А.У. завуч -Данільчык М.М. 1959 г.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 18 снежня 1968 г. Міхаілу Бельскаму было прысвоена ганаровае званне заслужанага настаўніка БССР. На пасадзе кіраўніка ён знаходзіўся да 1972 г., а потым працягваў працаваць настаўнікам гісторыі. Мне давялося быць вучаніцай Міхаіла Паўлавіча, і я памятаю, што многія вучні былі зацікаўлены прадметам, інфармацыю пра гістарычныя падзеі настаўнік імкнуўся ўвязваць з гісторыяй свайго краю. У старэйшых класах я наведвала гурток па гісторыі, які вёў наш настаўнік, і памятаю, што ўжо тады ён вёў працу па стварэнні школьнага музея. Міхаіла Паўлавіча ўжо няма з намі, але памяць аб ім жыве ў сэрцах вучняў, а лепшым помнікам педагогу застаецца школа, да з’яўлення якой ён прычыніўся. Сёння тут па-ранейшаму гучаць дзіцячыя галасы.

Адметную старонку ў жыццё школы ўпісаў заслужаны настаўнік БССР Мікалай Мікалаевіч Данільчык.

Мікалай Мікалаевіч Данільчык

У дзяцінстве хлопчык перажыў вялікую трагедыю – паліцаі спалілі хату сям’і Данільчыкаў, якая жыла на адным з малюшыцкіх хутароў. У полымі загінулі бацька і маці, а малодшых дзяцей ад пакутлівай і жахлівай смерці выратавала толькі тое, што іх у той час не было дома. Давялося ім жыць дзе прыйдзецца, пакуль старэйшы брат не забраў у партызанскі атрад. Пасля вызвалення вярнуліся з лесу і пасяліліся ў сваякоў. Мікалаю тады ішоў шаснаццаты год і надта ж хацелася вучыцца, але прыйшлося яму, кругламу сіраце, спасцігаць навуку адначасова працуючы. Скончыў завочна Навагрудскае педвучылішча, потым – Баранавіцкі настаўніцкі інстытут і, нарэшце, Магілёўскі педагагічны інстытут. Увесь час настаўнічаў ён у школах раёна: спачатку ў пачатковых класах, а потым пачаў выкладаць рускую мову і літаратуру. У 1954 г. прыйшоў у Карэліцкую СШ, праз тры гады быў прызначаны завучам і заставаўся на гэтай пасадзе ажно да выхаду на пенсію.

будуецца школа ў карэлічах .каля 1960 г.На фота Аляксандр Вярбіцкі, пляменнік Б.Кіта.Фота з альбома А.Вярбіцкага

Лінейка ў Карэліцкай школе. М.Данільчык, М.Бельскі. вучаніца 1 класа Т.Іванчык. 1964 г.

Мікалай Мікалаевіч быў таленавітым і творчым чалавекам, таму і здолеў любоў сваю да літаратуры перадаць не аднаму пакаленню вучняў. Як удзельнік творчай групы настаўнікаў-эксперыментатараў пры Рэспубліканскім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў, у сваёй выкладчыцкай дзейнасці ён ажыццяўляў эксперымент па праблемах вывучэння рускай мовы. Сваім вопытам педагог-эксперыментатар заўсёды шчодра дзяліўся з калегамі на старонках педагагічных газет і часопісаў, на абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных педагагічных чытаннях, на шматлікіх семінарах, на лекцыях у Гродзенскім абласным інстытуце ўдасканалення настаўнікаў і, нарэшце, у раённай школе перадавога вопыту. За шматгадовую плённую дзейнасць на педагагічнай ніве быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, знакам “Выдатнік народнай асветы”, у 1989 годзе яму было прысвоена званне “Заслужаны работнік народнай адукацыі Беларусі”. Яго агульны працоўны стаж склаў больш за 50 гадоў!

У 1949–1951 гг. настаўнікам Карэліцкай школы працаваў Міхаіл Петрыкевіч, будучы заслужаны настаўнік Беларусі (1965 г.), які пазней стаў адным з арганізатараў народнага краязнаўчага музея ў Валеўскай школе, а потым дырэктарам Дзятлаўскага раённага музея (1967 – 85). Некаторыя настаўнікі пакінулі Карэліцкую школу, каб заняцца навуковай дзейнасцю, так, у 1962 г. выехаў на вучобу ў аспірантуру Інстытута філасофіі АН БССР Іван Жыбуль, паступіў у аспірантуру і настаўнік рускай мовы і літаратуры Міхаіл Корчыц. У 1974 годзе ў школе пачала працаваць будучая заслужаная настаўніца Рэспублікі Беларусь (2012) Ганна Шклярж, вучні якой станавіліся неаднаразовымі прызёрамі па біялогіі не толькі на рэспубліканскіх алімпіядах, але нават і на міжнароднай. Карэліцкую СШ скончылі дактары навук Андрэй і Аляксандр Богушы, Расціслаў Душук, Алесь Раковіч, Мікалай Вырко, Павел Вадап’янаў, Яўген Рахманько, дзяржаўны дзеяч Беларусі Уладзімір Еўтух.

Аляксандр Богуш, Леў Богуш, Андрэй Богуш з маці ў Карэлічах

Уладзімір Еўтух

Карэліцкія сцежкі памятаюць таленавітых падлеткаў, будучых настаўнікаў, вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, урачоў і іншых выдатных спецыялістаў, якія некалі наведвалі Карэліцкую школу, дзе закладваўся падмурак іх ведаў, выхоўваліся лепшыя якасці, што дазволілі ім у далейшым пакінуць адметны след у жыцці раёна і краіны. Хачу на старонках газеты выказаць шчырыя словы падзякі многім таленавітым настаўнікам нашай школы за іх самаадданую працу на асветніцкай ніве.

У 1970-я гады ў Карэлічах пачалі будаваць новую школу на 1176 месцаў, якая ўступіла ў строй у канцы 1978 года. (У 1972 – 1976 г. дырэктарам установы быў выдатнік народнай адукацыі (1964 г.), выкладчык хіміі Страхоцкі Іван Іванавіч. Яго замяніў на гэтай пасадзе Заяц Аляксандр Міхайлавіч. У трохпавярховым будынку старой школы размясціўся вучэбна-вытворчы камбінат, памяшканне былога народнага вучылішча заняла паліклініка, а потым Дом піянераў. Праз некаторы час стала зразумела, што і ў новай навучальнай установе не хапае месца, таму ў будынку, які з’явіўся на свет у 1961 годзе, адкрылася базавая школа, якая ў 1996 годзе ператварылася ў сярэднюю школу № 2. Так старая школа адрадзілася зноў, толькі вось афіцыйна адлічваць свой узрост пачала з 1993 года.

У 2018 г. школа № 2 адсвяткавала сваё 25-годдзе (нагадаю, што будынак гэтай школы з’явіўся на свет у 1961 годзе), а школа № 1 тады ж адзначыла сваё 40-годдзе. Так многія пакаленні карэліцкіх выпускнікоў, якія закончылі школу ў 1960 – 1970-я гады і раней, афіцыйна засталіся без школы. Вырашыла напісаць аб гэтым, таму што лічу, што заклік вядомага паэта “сеяць разумнае, добрае, вечнае”, які ўвасобіўся ў працы лепшых настаўнікаў, мае дачыненне не толькі да школьных урокаў. Сеяць разумнае і вечнае немагчыма без захавання традыцый і ведання гісторыі школы, якой хутка будзе ўжо 160 гадоў (калі ўлічваць час з’яўлення ў Карэлічах народнага вучылішча). Будзем спадзявацца, што гэты юбілей школы адзначаць разам.

У гэтым артыкуле аўтар перагартаў старонкі гісторыі школы ў Карэлічах, пачынаючы з XIX ст., за рамкамі матэрыяла засталося яшчэ шмат цікавых старонак са школьнага жыцця, але гэта будзе ўжо іншая гісторыя. У аснову даследавання пакладзены архіўныя дакументы. Больш падрабязна аўтар расказаў пра Карэліцкую школу ў кнізе “Край запаветных мрояў”, якая пабачыла свет у мінулым годзе.

Святлана КОШУР, выпускніца Карэліцкай СШ 1974 г., член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь

Фота з архіва аўтара