Паштавікі і сувязісты Карэліччыны абмеркавалі праект Канстытуцыі

На сустрэчу з работнікамі вузлоў паштовай і электрычнай сувязі Карэліччыны прыйшлі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Быліч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня РА РГА «Беларускі саюз жанчын» Нэлі Маісеенка.
Аляксандр Быліч адзначыў, што на 27 лютага назначаны рэспубліканскі рэферэндум, створана раённая камісія па яго правядзенні, першае яе пасяджэнне адбудзецца 26 студзеня. Засяродзіўшы ўвагу прысутных на пытаннях сацыяльнай палітыкі, паведаміў аб падтрымцы дзяржавай шматдзетных сем’яў, дзяцей-сірот і іншых уразлівых катэгорый. Аляксандр Анатольевіч нагадаў і аб адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей, сваю сям’ю, асабістае здароўе, што прадугледжана ў праекце Асноўнага Закона.
Нэлі Маісеенка дэталёва і падрабязна расказала аб асноўных накірунках Канстытуцыі. Сярод іх — захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту, беларускай дзяржаўнасці, культурных і духоўных традыцый, гістарычнай памяці, інстытута сям’і, вывучэнне гісторыі беларускага грамадства, адказнасць за сваё здароўе. «Мы не павінны застацца ў баку ў важны для краіны час, прыйсці на рэферэндум і зрабіць выбар», — заклікала прамоўца.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ