«Галоўнае — кахаць»,— лічаць Ганна і Валерый Жарскія, якія адсвяткавалі залатое вяселле

Сям’ю Жарскіх з райцэнтра ведаюць і паважаюць не толькі на Карэліччыне. Ганна Аляксандраўна 36 гадоў узначальвала акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы, Валерый Аляксандравіч — столькі ж гадоў хірургічнае. Дзякуючы свайму прафесійнаму майстэрству і добраму сэрцу, яны многім вярнулі веру ў заўтрашні дзень.

У гэтыя дні ў сям’і Жарскіх адзначаюць залатое вяселле. Ганна Аляксандраўна і Валерый Аляксандравіч крочаць па жыцці разам пяцьдзясят гадоў. У іх сям’і — трое дзяцей і восем унукаў.

Журналіст раённай газеты «Полымя» з гэтай нагоды папрасіла юбіляраў падзяліцца сваімі ўспамінамі і думкамі.

— Як вас звёў лёс: дзе пазнаёміліся і дзе адзначалі вяселле?

Ганна: «Пазнаёміліся на аўтавакзале ў Гродне, калі вярталіся з дому. У мяне была вялікая сумка, і незнаёмы юнак прапанаваў дапамагчы яе паднесці. Мы былі студэнтамі, я вучылася на першым, а ён — на другім курсе медуніверсітэта. Было гэта ў далёкім 1967 годзе. Пасля гэтага было шмат спатканняў і сустрэч. Пажаніліся, калі я была студэнткай пятага курса, а Валерый — шостага.»

Валерый: «Распісаліся ў Гродзенскім ЗАГСе. Вяселле спраўлялі напачатку на малой радзіме нявесты, а ў суботу накіраваліся на радзіму жаніха. Вяселле было гучнае і незабыўнае, на ім прысутнічала шмат гасцей. Гэтую падзею адзначалі і ў рэстаране горада Гродна, куды запрасілі сяброў-студэнтаў. На дні вяселля прыпаў і дзень нараджэння каханай, і яно здавалася яшчэ больш значным.»

 

— Адкуль вашы карані?

Ганна: «Я з вёскі Людвінова Бераставіцкага раёна. Там нарадзілася, прайшлі мае дзяцінства і школьныя гады, адтуль адправілася ў вялікую дарогу.»

Валерый: «Мая маленькая радзіма — суседні Навагрудскі раён, вёска Паплавы. Памяць пра маленькую радзіму захоўваю ў сэрцы, наведваюся ў вёску, на могілкі, дзе пахаваны родзічы.»

— Быць урачом — мара са школьных гадоў?

Ганна: «Яшчэ ў дзяцінстве любіла гуляць у доктара. Падчас вучобы ў Бераставіцкай школе, якую закончыла з сярэбраным медалём, вырашыла паступіць у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут.»

Валерый: «У 1962 годзе ў Любчанскай бальніцы хірург Драткоўскі Уладзімір Васільевіч зрабіў мне аперацыю на востры апендыцыт, і пасля гэтага я вырашыў абавязкова стаць хірургам. Закончыў Гродзенскі медінстытут.»

— Чаму выбар спынілі на Карэлічах?

Ганна: «Мужа, які закончыў медінстытут годам раней, размеркавалі ў Карэлічы, і я, зразумела, паехала за ім. Аб выбары не шкадую, хаця былі прапановы пайсці на працу ў вялікія гарады нашай краіны. Я не магла пакінуць людзей Карэліччыны, з якімі, можна сказаць, зраднілася.»

Валерый: «У 1973 годзе па размеркаванні я прыехаў у Карэлічы. Уладкавацца на працу хірургам у той час было вялікай удачай, і такое месца было ў Карэлічах. Я трапіў у добры калектыў, дзе сустрэліся прафесіяналы справы Шут Васілій Канстанцінавіч і Новік Павел Уладзіміравіч, якія сталі маімі настаўнікамі.»

За гады працы ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы вы заслужылі аўтарытэт і павагу ў людзей. Яны давяралі вам свае жыцці, да вас за медыцынскай дапамогай звярталіся жыхары не толькі нашага раёна. Гэта акрыляла і прыдавала сіл у працы, якія пачуцці ўзнікалі?

Ганна: «Хацелася яшчэ больш дапамагаць людзям, і быў гонар за Карэліцкую раённую бальніцу, у якую звярталіся пацыенты з іншых месцаў.»

Валерый: «Я моцна любіў сваю хірургічную справу, дапамагаў людзям. Здароўе чалавека — самае галоўнае.»

Два ўрача ў адной сям’і — гэта няпроста: начныя дзяжурствы, выклікі да хворых. Гэта не перашкаджала ў працы і як уплывала на сям’ю?

Ганна: «На рабоце мы адзін аднаго падтрымлівалі і дапамагалі. З разуменнем адносіліся да начных выклікаў да хворых, асабліва да парадзіх. Пацыенты чакалі нашай дапамогі — і мы спяшаліся яе аказаць.»

Валерый: «Выклікі ў выхадныя дні і святы да хворых — звычайная практыка. Памяталі, што мы — урачы і павінны дапамагаць людзям. Было задавальненне, што на свет з’явіўся новы чалавек ці мы выратавалі жыццё.»

— Дзеці — самае дарагое ў сям’і, надзея і апора. Ці апраўдалі яны вашы спадзяванні?

Ганна: «Я — самая шчаслівая маці на свеце. Дачка Алена закончыла школу з залатым медалём, сыны Саша і Андрэй — з сярэбранымі, універсітэты — з чырвонымі дыпломамі. Сыны ў 25 гадоў сталі кандыдатамі юрыдычных навук. Зараз Алена — урач вышэйшай катэгорыі, загадчык радзільнага аддзялення 1-й клінічнай бальніцы г. Мінска. Сыны жывуць у Маскве і працуюць юрыстамі-міжнароднікамі, з’яўляюцца партнёрамі буйной юрыдычнай кампаніі.»

Валерый: «У душы заўсёды радуюся за дзяцей і іх поспехі. Удзячны Усявышняму, што ў нас такія дзеці. Яны многага ў жыцці дабіліся самі, і я вельмі задаволены. Як бацька і дзядуля вельмі ганаруся імі. Яны не толькі знайшлі сваю справу, але паглядзелі свет. Вельмі ганаруся дачкой Аленай, якая выбрала нашу сцяжынку і карыстаецца вялікім аўтарытэтам у калег і пацыентаў.»

— Вы адчуваеце сябе ўпэўнена і спакойна на заслужаным адпачынку?

Ганна: «Спачатку было няпроста прызвычаіцца да таго, што ты на пенсіі. Здавалася, што вось-вось раздасца тэлефонны званок і паклічуць на працу. Але паступова звыклася, з’явіўся вольны час і магчымасць паехаць у лес, на возера, у адпачынак. Увогуле, на пенсіі някепска, каб не COVІD-19, можна было б часцей сустракацца з сябрамі і сваякамі.»

Валерый: «Я амаль год не мог звыкнуцца з тым, што не трэба ісці на працу, цікавіўся справамі медыкаў. Зараз шмат чытаю кніг, люблю класіку. Карыстаюся інтэрнэтам.»

— Пяцьдзясят гадоў разам — узнагарода лёсу, а яшчэ і вялікая штодзённая праца. Што, па вашым меркаванні, з’яўляецца галоўным у сям’і?

Ганна: «У нас два сэрцы, два целы, а душа адна. У нас шмат агульнага: мы любім працу, дзяцей, сяброў, суседзяў. Уступаем адзін аднаму, а хто адчувае сябе вінаватым, першым пачынае размову. Я па натуры лідар: марыла пабудаваць дом, мець дзяцей, пасадзіць сад. І ўсё гэта спраўдзілася.»

Валерый: «Галоўнае ў жыцці — любіць чалавека, тады можна пражыць паўстагоддзя разам, раздзяляючы радасці і нягоды. Прайшоўшы па жыцці са сваёй абранніцай, упэўніўся ў тым, што я ўсё-такі мудры чалавек, што ажаніўся на сваёй Ганне. У яе таксама хапіла мудрасці, каб выйсці за мяне замуж. Нездарма гавораць у народзе, што жыццё пражыць — не поле перайсці.»

— Юбілей — вельмі радасная і хвалюючая падзея. Чаго чакаеце ад яго?

Ганна: «Сустрэчы з роднымі і блізкімі людзьмі. Збяруцца дарагія сэрцу людзі, якія прыедуць раздзяліць нашу радасць.»

Валерый: «Сапраўды, прыедуць дзеці — і гэта будзе самым вялікім падарункам у гэты зімовы жаданы дзень стварэння нашай сям’і.»

Цяпер шмат гаворыцца аб беражлівых адносінах чалавека да свайго здароўя. Якой думкі вы прытрымліваецеся?

Ганна: «Людзі самі павінны клапаціцца аб сваім здароўі. Раней мы з мужам з-за сваёй занятасці не маглі гэтаму ўдзяліць увагу, а цяпер вядзём здаровы лад жыцця.»

Валерый: «Хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. Усім трэба весці актыўны лад жыцця, адмовіцца ад курэння, злоўжывання спіртнымі напоямі і наркотыкамі. Трэба займацца фізічнай культурай і спортам.»

— У вас прыгожы дом і ўчастак побач, што патрабуе шмат клопату.

Ганна: «Вельмі люблю працаваць на зямлі. Люблю кветкі і зараджаюся ад іх станоўчай энергіяй.»

Валерый: «Я нарадзіўся і вырас у сялянскай сям’і, таму да зямлі адношуся з любоўю і павагай.»

— Скажыце, каб пачаць жыццё спачатку, вы б пражылі яго гэтак жа ці штосьці памянялі ў ім?

Ганна і Валерый (у адзін голас): «Выбралі б адзін аднаго і абавязкова — прафесію медыцынскага работніка.»

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ і з сямейнага архіва герояў публікацыі