О работе по ликвидации последствий катастрофы на Чернобыльской АЭС рассказывает кореличчанин Александр Мороз

36 год таму, 26 красавіка 1986 года, адбылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. У той ці іншай меры яе наступствы закранулі многія краіны Еўропы. Але найбольш пацярпелі Украіна, Расія і асабліва Беларусь.

Марадзёрства, спробы ўгону транспарту — усё гэта было звычайнай справай у той год у 30-кіламетровай зоне адсялення. Таму ў ліку ліквідатараў наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС было шмат супрацоўнікаў міліцыі, а асаблівая ўвага ў зоне адсялення аказвалася падтрыманню правапарадку. Пра службу ў Брагінскім раёне расказвае Аляксандр Мароз, цяпер капітан унутранай службы, а ў 1986 годзе — сяржант, інспектар дарожна-патрульнай службы Карэліцкага РАУС.

—  У кастрычніку 1986 года начальнік РАУС Мікалай Жыдок паведаміў, што на дапамогу ў ліквідацыі наступстваў аварыі ў Чарнобылі патрэбен супрацоўнік ДПС. Я вызваўся паехаць. Думкі адмовіцца не было: я насіў форму, быў членам партыі, разумеў, што там патрэбна наша садзейнічанне. Акрамя таго, двое маіх таварышаў па службе ўжо пабывалі ў Чарнобылі. Вядома, было трывожна за сям’ю: сыну было ўсяго тры гады, жонка была цяжарная, мы чакалі двайнят.

Так Аляксандр Мароз 15 кастрычніка ў складзе зводнага атрада міліцыі з 10 чалавек з усёй Беларусі трапіў у Брагінскі раён. Праваахоўнікаў размясцілі ў будынку школы ў вёсцы Савічы, якая знаходзілася ў 18 кіламетрах ад Чарнобыльскай атамнай станцыі.

— Савічы — вёска вельмі вялікая, хаты дыхтоўныя, відаць, што людзі тут жылі працавітыя. Першае, што нас уразіла — гэта аглушальная цішыня і пустата на вуліцах, вокны ў дамах закалочаныя. Усе жыхары даўно былі эвакуіраваны. Тады ў галаве пранеслася: «Сапраўдная Хатынь…», — распавядае ліквідатар. — Прысутнасць радыяцыі адчуў адразу: горла здушвала, ламала суставы, балелі рукі, віскі.

Аддзяленне Аляксандра Леанідавіча заступіла на вахту на цэлы месяц. Працавалі па 12 гадзін і столькі ж адпачывалі.

— Змены былі дзённыя і начныя, графік працы напружаны. Адзін тыдзень мы стаялі на кантрольна-прапускным пункце і правяралі дакументы ў вадзіцеляў транспарту, каб прадухіліць крадзяжы. Побач радыёлагі замяралі радыяцыйны фон тэхнікі. Калі фіксавалася перавышэнне, адпраўлялі на спецыяльную  мыйку. Дарэчы, свае службовыя машыны мы мылі па 3-4 разы на дзень. Калі дзень прапусціць, потым не адмыеш. Другі тыдзень патрулявалі Брагінскі раён, кантралявалі бяспеку дарожнага руху і прадухілялі крадзёж тэхнікі. Марадзёраў перадавалі супрацоўнікам Брагінскага РАУС.

Аляксандр Леанідавіч расказвае, што часам у апусцелых вёсках усё ж сустракаліся мясцовыя жыхары. Гэта былі пажылыя людзі, якія наадрэз адмовіліся эвакуіравацца і пакідаць родныя сцены.

— Шкада было людзей, якія сарваліся з наседжаных месцаў, жыўнасць, якая сышла ў лес і здзічэла, вёскі, у якіх затухла жыццё, — кажа ліквідатар. — Першы час працаваць было цяжка псіхалагічна, але мы з пастаўленай задачай справіліся і 15 лістапада былі ўжо дома.

Аляксандр Леанідавіч да 2006 года адпрацаваў у РАУС і пайшоў на заслужаны адпачынак. Але сядзець склаўшы рукі не стаў, яшчэ 13 гадоў працаваў спачатку ў ДП «Лукі-Агра» вядучым спецыялістам, затым вадзіцелем у розных арганізацыях раёна.

— Я актыўны пенсіянер, — з усмешкай кажа мужчына і вядзе мяне паказваць свой двор і агарод. — Вось гэта ўся тратуарная плітка зроблена і выкладзена маімі рукамі. Агарод ёсць, цяпліца. Заняўся развядзеннем пчол, зараз у нас свой мёд. Трымаем невялікую гаспадарку: куры, фазаны.

Сапраўды, двор у сям’і Мароз вельмі дагледжаны і ўтульны: шмат кветнікаў, штучная зарыбленая сажалка, за домам — лазня і альтанка.

— Добра, калі ўся сям’я збіраецца разам: трое дзяцей, шасцёра ўнукаў у нас. І ў гэтым наша з жонкай шчасце.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара