Санстанция проверила, как обкошены дворы в Кореличах, и установила множественные нарушения

З кожным годам Карэлічы становяцца прыгажэйшымі. Як прыемна прайсціся вуліцамі, калі наведзены парадак, і вока радуе чысціня каля дамоў. Не сорамна і перад гасцямі, якім ва ўсе часы тут былі рады. Як зараз клапоцяцца пра знешні выгляд райцэнтра, вырашылі высветліць удзельнікі рэйду.

Лета — доўгачаканая пара, якая радуе фарбамі і зелянінай. Трэба прыкласці рукі, каб дары прыроды былі ў радасць. Гэта датычыць і травы, якая пад сонечнымі промнямі і летнім дожджыкам з кожным днём ідзе ў рост. Якім было наша здзіўленне, а хутчэй засмучэнне, калі ўбачылі каля дамоў нумар 23 і 25 па вуліцы Гастэлы ў райцэнтры сапраўдную сцяну з пустазелля. І гэта не адзіны адрас безгаспадарлівасці. Недалёка дзіцячая пляцоўка патанала ў зялёнай расліннасці ў рост дзяцей.  Па вуліцы Гагарына, 26-а і 28 з-за яе нават дрэнна былі бачны аўтамабілі на стаянцы. У двары па вуліцы Прытыцкага, 10 таксама не было скошана, і прыгажуні-бярозкі патаналі ў зеляніне.

Але не ўсюды давялося назіраць такія «прывабныя» малюнкі. Дзіцячая пляцоўка каля дома нумар 32 па вуліцы Гагарына мела добры выгляд. Каля магазіна «Санта-Кэш» трава была скошана. Па вуліцы Савецкай абочыны праезнай часці маюць добры выгляд. Як вядома, хто хоча, той зробіць.

Ніколі не бывае позна пачаць гэтую справу і давесці да ладу. У дзень рэйду ў многіх месцах райцэнтра касцы займаліся пакосам травы. Іх заўважылі па вуліцы Савецкай, каля тэрыторыі «Еўраопта», былой МПМК, на ўездзе ў Карэлічы. Вось яшчэ з’явяцца адрасы парадку і дагледжанасці, за якія не будзе сорамна перад гасцямі, ды карэліччанам самім будзе прыемна за свой пасёлак.

У дзень рэйду пацікавіліся парадкам на прылягаючых тэрыторыях каля арганізацый райцэнтра. Дбаюць аб гэтым у мясцовых РУП ЖКГ, гарпалівазбыце, РАНСе, РЭСе, СХТ — трава на дзень рэйду тут была скошана.

Карэлічы — наш агульны дом, і клапаціцца аб навядзенні парадку ў ім мы павінны.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Ірыны КРАСКОЎСКАЙ