В Кореличском районе на организацию вторичной занятости учащихся и студентов предусмотрено 20,5 тысяч рублей

Дзяўчаты і юнакі на летніх канікулах не толькі  адпачываюць, але імкнуцца знайсці сабе карысны занятак.  Вучань 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Ілья Чачотка вырашыў уладкавацца на працу.

— Чаму для працы на летніх канікулах была выбрана менавіта дашкольная ўстанова?

— У раённым цэнтры занятасці насельніцтва запісаўся загадзя, у красавіку, каб падчас летніх канікул уладкавацца на працу. У ліпені мне прапанавалі ісці ў яслі-сад № 1 г.п. Карэлічы падсобным рабочым, і я даў згоду. Працую з 8 да 16 гадзін, перапынак на абед — з 13 да 14 гадзін.

— І як першыя дні працы: падабаецца?

— Падабаецца. Работа для мяне звыклая і не вельмі цяжкая. Старанна выконваю ўсе заданні, якія мне даручаюць. Яны датычаць вырабу дыдактычных гульнявых дапаможнікаў, нестандартнага спартыўнага абсталявання і іншае.

— Куды зрасходуеш заробленыя грошы?

— Палову заробку патрачу на падрыхтоўку да школы, а частку адкладу на будучае.

— З аднакласнікаў яшчэ хтосьці працуе летам?

— Так. Працуюць у КСУП «Племзавод Карэлічы», у раённай і школьнай бібліятэках.

— Другасную занятасць моладзі лічыш патрэбнай справай?

— Вядома. Яна вельмі важная: чым раней пачнеш працаваць, тым лягчэй будзе вызначыцца ў жыцці. Кожны малады чалавек павінен унесці свой уклад у развіццё роднага гарпасёлка і дзяржавы ў цэлым.

Начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Карэліцкага райвыканкама Наталля Гоцка:

— У рамках Дзяржаўнай праграмы «Рынак працы і садзейнічанне занятасці на 2021-2025 гады» ў 2022 годзе ў Карэліцкім раёне на арганізацыю часовай працоўнай занятасці навучэнскай моладзі выдзелена 20,5 тыс. рублёў для працаўладкавання не менш як 90 навучэнцаў. Па стане на 12 жніўня 2022 года працаўладкаваны 86 чалавек.

 Работа па працаўладкаванні моладзі ў вольны ад вучобы час працягваецца. Школьнікі прымаюць удзел у работах па стварэнні дыдактычных дапаможнікаў для развіцця маўлення і канструктарскай дзейнасці, нестандартнага спартыўнага абсталявання з падручнага і прыроднага матэрыялу для ўстаноў адукацыі, рэстаўрацыі кніжнага фонду бібліятэк.

Прыярытэтнае права на часовае працаўладкаванне даецца моладзі з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама непаўналетнім, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. Маладыя грамадзяне пачынаюць сваю працоўную дзейнасць з 14 гадоў. Працоўны дагавор заключаецца для выканання выключна лёгкай працы, якая не прычыняе шкоды здароўю і толькі з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў.

Памер заробку строга рэгламентаваны заканадаўствам. Ён не павінен быць меншы за сярэднюю мінімальную заработную плату, аднак аплата непаўналетнім праводзіцца прапарцыйна адпрацаванаму часу. Так, ва ўзросце 14-16 гадоў падчас летніх канікулаў працягласць штодзённай работы складае 4 гадзіны, ва ўзросце 16-18 гадоў — 7 гадзін.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ