Что показал рейд санстанции на рынке в Кореличах?

Спецыялісты Карэліцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сумесна з аддзелам эканомікі райвыканкама правялі рэйд на мясцовым рынку. Такія праверкі праводзяцца для таго, каб максімальна выключыць парушэнні пры рэалізацыі прадуктаў харчавання на адкрытым паветры.

Спыняемся каля аднаго з пунктаў продажу агародніны. У прадаўца просяць паказаць даведку. Аднак дакумент аказваецца пратэрмінаваным, бо датуецца 2021 годам.

— У мяне ёсць дакумент, выдадзены ў гэтым годзе, ён у другой машыне, — прызнаецца мужчына. Такая адгаворка не прымаецца да ўвагі: інспектары выносяць яму папярэджанне.

Падыходзім да кропкі, дзе прадаюць мясныя вырабы. Спецыялісты звяртаюць увагу, што ў халадзільніку, дзе захоўваецца прадукцыя, адсутнічае кантрольны тэрмометр. Прадавец тлумачыць: ён ёсць, проста забылася пакласці. Пакуль прыбор змярае тэмпературу, пры якой рэалізуецца мясная прадукцыя, спецыялісты звяртаюць увагу на спецыі, якія прадаюцца тут жа. Аказваецца, што дакументаў, пацвярджаючых якасць прадукцыі, няма.

— Уся прадукцыя падлягае канфіскацыі. Зараз мы апішам, узважым яе і вынесем прадпісанне аб зняцці з абароту і рэалізацыі, — тлумачыць галоўны ўрач райЦГЭ Аляксандр Германюк.

Пасля апісання тавару інспектары звяртаюць увагу на тэрмометр. Аказваецца, каўбасныя вырабы захоўваюцца пры тэмпературы мінус 1° С пры тэмпературнай норме ў 4 ± 2°С. Чарговае парушэнне.

Пасля рэйду Аляксандр Германюк падводзіць вынікі:

— Мы правялі надзорныя мерапрыемствы на стаянцы для гандлю фізічных асоб. Праверылі 8 суб’ектаў і выявілі тры парушэнні: спецыі прадаваліся без дакументаў, у другім выпадку ў прадаўца не аказалая неабходных дакументаў, і трэці выпадак – рэалізацыя рыбы пры плюсавой тэмпературы, хаця гэтая прадукцыя патрабуе тэмпературных умоў ад 0 да -5° С. Уся гэтая прадукцыя знята з рэалізацыі, парушальнікам выдадзены прадпісанні.

Важна разумець, што барацьба з парушэннямі ў сферы гандлю ператварылася ў барацьбу за здароўе пакупнікоў. Для рэалізацыі малочнай, мясной і рыбнай прадукцыі неабходны жорсткі тэмпературны кантроль, не кажучы ўжо пра дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку як на сыравіну, так і на канчатковы прадукт.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара