Маці семярых дзяцей Аксана Назарэвіч з аграгарадка Ярэмічы: «Хачу быць праменьчыкам святла для кожнага чалавека»

Напярэдадні Дня маці мы сустрэліся і пагутарылі з маці 7 дзяцей, жыхаркай аграгарадка Ярэмічы, узнагароджанай ордэнам Маці Аксанай Барысаўнай НАЗАРЭВІЧ.

— Аксана Барысаўна, наша першая сустрэча адбылася дзесяць гадоў таму, з нагоды ўручэння ордэна Маці. Што адбылося ў Вашай сям’і за гэты прамежак часу?

— Тады мы выхоўвалі 5 дзяцей, за гэты час сям’я папоўнілася яшчэ двума: нарадзіліся сыны Іван і Дзмітрый. Дзяржава выдзеліла трохпакаёвую кватэру ў Карэлічах, у якой зараз жыве старэйшая дачка Ксенія і працуе ў дзіцячай школе мастацтваў настаўнікам па класу фартэпіяна.

— Дзеці — самае дарагое для маці. Яна любіць іх усім сэрцам такімі, якія ёсць, і ў любым узросце. Якімі яны выраслі ў Вас?

— На момант нараджэння дзяцей задумвалася, якімі яны вырастуць і які будзе ў іх характар. Мае надзеі апраўдаліся: яны таленавітыя, добрыя, шчырыя, працавітыя, паважаюць старэйшых, адзін аб адным клапоцяцца.

— Як чалавек веруючы, што Вы прадпрымалі ў выхаванні дзяцей?

— У першую чаргу, акцэнтавала ўвагу на пятую запаведзь Божую з дзесяці: «Шануй бацькоў сваіх, і добра табе будзе, і доўгагадовым будзеш на зямлі». Так вучылі мяне мае бацькі.

— А самі Вы ў якой сям’і выхоўваліся? Якім жыццёвым каштоўнасцям аддавалася перавага?

— Я таксама нарадзілася ў шматдзетнай сям’і. Нас было чацвёра: тры сястрычкі і брат. Нам прывівалі любоў да працы, адказнасць, сумленне. Гэта мы з мужам і выхоўваем у сваіх дзецях.

— Ярэміцкі край славіцца сваімі краявідамі. Вы прыжыліся на гэтай цудоўнай зямлі? Дзеці знаходзяць тут асалоду ў вольны час?

— Гэта ўжо наша другая радзіма. Тут нам на працягу 17 гадоў стала ўсё родным і блізкім сэрцу, і пакідаць гэтыя мясціны зусім не хочацца. Людзі тут адкрытыя і добрыя, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Хочацца адзначыць нашых пеўчых, якія ў цяжкую хвіліну, калі выхоўвала немаўлят, заўсёды дапамагалі бацюшку, калі ў царкве праходзіла літургія.

Прырода кранула і зачаравала. Дзеці ходзяць з задавальненнем на рыбалку, па грыбы і ягады ў лес. Разам адпачываем на Нёмане, слухаем спеў птушак, і дзеці стараюцца капіраваць мелодыі. У горадзе гэта наўрад ці атрымалася б. Менавіта вёска дапамагае дзецям датыкнуцца сэрцам да таямніц прыроды і развівацца фізічна: дапамагаць тату калоць дровы, касіць траву, маці — саджаць агародніну і палоць градкі. Вельмі рады восенню ўсё вырашчанае бачыць на нашым стале.

— Быць Маці з вялікай літары — адказная і пачэсная місія ў жыцці. У Вас ёсць свае сакрэты ў выхаванні?

— Свой прыклад — найлепшае ў выхаванні. Дзеці глядзяць на справы бацькоў і стараюцца іх паўтарыць. Спадзяюся, што так будзе ў будучым, і яны пераймуць ад нас толькі добрае.

— У сям’і вялікая роля належыць яго галаве, гаспадару, бацьку. Як гэта ажыццяўляецца ў праваслаўнай сям’і, дзе ён з’яўляецца святаром, у якога шмат спраў у прыходзе? Якую падтрымку Вы адчуваеце асабіста?

— Заўсёды захоўваецца іерархія: муж — галава сям’і. Па-першае, ён бацюшка, які дапамагае не толькі прыхаджанам царквы, але і сваім дзецям узбагачацца духоўна. Па-другое, бацька вучыць іх усёй мужчынскай справе. Для мяне — і сябар, і дарадца, а таксама духоўны бацька. У нашай сям’і пануюць узаемаразуменне, давер, любоў. Як гаворыцца ў запаведзі: «Палюбі бліжняга, як самога сябе».

— Дзень маці супадае з праваслаўным святам — Пакровамі Прасвятой Багародзіцы, якія адзначаюцца ў адзін дзень, 14 кастрычніка. Што яно азначае для Вас?

— У першую чаргу, гэта свята Пакрова Божай Маці. Мы верым, што Пакроў Багародзіцы аберагае сям’ю на працягу ўсяго нашага сумеснага жыцця. Маці Божая — Маці ўсіх людзей на свеце. Я жадаю, каб усіх так яна ахоўвала. Родная маці таксама мяне падтрымлівае ва ўсіх жыццёвых сітуацыях, за што я ёй вельмі ўдзячна. Яе завуць Ліберкас Стэфанія Васільеўна, жыве ў г. Валожыне. У гэтым годзе таксама будзем віншаваць яе з Пакровамі і Днём маці.

— Ці ёсць у жыцці тое, чаго асабліва прагне Ваша душа: духоўная літаратура, праца на зямлі, дапамога людзям, альбо ёсць штосьці сваё, асаблівае?

— Хачу быць праменьчыкам святла для кожнага чалавека. Як гаварыў Гасподзь: «Судзіць будуць па справах». Дабро рабіць — дабро будзе.

— Вашы пажаданні чытачам раённай газеты «Полымя».

— Добро творите, сейте благодарность,

Любите искренне всем сердцем и душой,

Черпайте мудрость, уважайте старость,

Цените каждый миг, подаренный судьбой.

Хочацца нагадаць словы мудраца, які сказаў: «Лепшае здароўе для чалавека — гэта любоў і клопат». У яго спыталі: «А калі не атрымалася?» Старац адказаў: «Павялічце дозу любові і клопату».

Я ўсім жадаю здароўя і выратавання ў Бога.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ