У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна ўшаноўвалі жанчын з Днём маці і залатых юбіляраў

ДОБРЫЯ І ШЧЫРЫЯ СЛОВЫ

Напярэдадні Дня маці і свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы ва ўтульнай зале Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна ўшаноўвалі жанчын-маці. У іх адрас гучалі самыя добрыя і шчырыя словы. Ужо напачатку ўрачыстасці свае пажаданні выказалі вядучыя: «Няхай Божая Маці пакрые вас сваім пакрывалам і зберажэ ад бедаў і напасцяў. Каб у вашым доме заўсёды панавалі ўтульнасць, мір, парадак, а ў вашых душах заўсёды былі вера, справядлівасць, любоў».

На свята завітаў намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан. Прадстаўнік мясцовай улады адзначыў, што напярэдадні Дня маці ў яе адрас хочацца спяваць Оды. Слова «мама» выклікае буру эмоцый, і гэтае самае святое, што ёсць у чалавека. Мама заўсёды знаходзіцца побач, і яна — самы лепшы сябар. Праходзіць праз многія выпрабаванні, каб абараніць сваіх дзяцей. Аднаго дня бывае дастаткова, каб пабыць у яе ролі і зразумець, якая адказнаць ускладзена на яе плечы, і колькі трэба працы, любові, пяшчоты, каб выконваць мацярынскі абавязак. Яўген Мікалаевіч пажадаў, каб дзеці і ўнукі радавалі сваіх матуль і бабуль і каб заўсёды былі ўдзячны за іх падтрымку і клопат.

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава адзначыла, што такія ўрачыстасці сталі традыцыйнымі, і кожны раз хочацца выказаць у адрас жанчын-маці самыя пранікнённыя словы: яны заслугоўваюць да сябе ўвагі і павагі. У нашым раёне налічваецца 202 шматдзетныя сям’і, у якіх выхоўваецца 684 дзіцяці. 25 карэліччанак узнагароджаны ордэнам Маці, гэтая высокая ўзнагарода будзе ўручана і сёлета. «У мяне гэты дзень асацыіруецца са святам 8 Сакавіка, — адзначыла Інэса Мікалаеўна. — Мама —гучыць ганарова. Мы разам з аддзелам ЗАГСа райвыканкама праводзім такія святы, у гэты раз ушаноўваем і залатых юбіляраў».

ЗАЛАТЫЯ ЮБІЛЯРЫ

«Работнікі аддзела ЗАГСа, выконваючы свой прафесійны абавязак, пастаянна сутыкаюцца з лёсамі людзей, рэгіструючы акты іх грамадзянскага стану. Самым прыемным з’яўляецца рэгістрацыя нараджэння дзіцяці, калі ў дзяржаве з’яўляецца новы грамадзянін, а жанчына набывае новы стасус — статус маці», — сказала начальнік аддзела ЗАГСа райвыканкама Валянціна Сіўко і пажадала, каб дзіця нараджалася ў шчаслівай сям’і, а жанчына адчувала побач моцнае плячо мужа, і яны разам ішлі па жыцці і выхоўвалі дзяцей, дапамагалі ім знайсці свой жыццёвы шлях і ніколі не забывалі бацькоў.

На ўрачыстасць запрасілі сям’ю Вярбіцкіх з райцэнтра. 13 кастрычніка 1972 года Пётр Пятровіч і Валянціна Адамаўна пажаніліся і 50 гадоў крочаць па жыцці разам. У іх цікавая гісторыя знаёмства. У 1969 годзе Пётр Пятровіч, працуючы ў ваенкамаце сустрэўся з Валянцінай Адамаўнай, якая прыйшла працаваць у райкам камсамола. Дзяўчына адразу прыглянулася юнаку. Іх шлях да стварэння сям’і доўжыўся тры гады. Яны вучыліся, радаваліся жыццю, марылі стаць прафесіяналамі сваёй справы. І мары іх спраўдзіліся: Пётр Пятровіч рэалізаваў сябе ў прафесіі інжынера, а Валянціна Адамаўна — бухгалтара. Сваё жыццё прысвяцілі Карэліцкаму раёну. Выхавалі дзвюх дачок Марыну і Таццяну. Марына таксама звязала свой лёс з Карэліччынай, яна кіраўнік дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячы сад № 1». Іх радасць — унучкі Марта і Юлія.

«У знак павагі да вашага жыццёвага і працоўнага шляху вашы імёны заносяцца ў Ганаровую юбілейную кнігу аддзела ЗАГСа райвыканкама», — сказала Валянціна Сіўко.

ПАДАРУНКІ ДА СВЯТА

Ужо само свята для жанчын-маці — сапраўдны падарунак. А калі паглядзець, з якой душэўнай цеплынёй яно праводзіцца, застаецца толькі вітаць арганізатараў. Сваё майстэрства ў гэты дзень прадэманстравалі і ўдзельнікі І абласнога Фестывалю грамадзян элегантнага ўзросту ў г. Гродна — група «Задорынка» ЦСАН Карэліцкага раёна, якая выканала танец «Кадрыля».

Старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан ад грамадскага аб’яднання ўручыў яго ўдзельнікам падарачныя сертыфікаты.

У захапленні засталіся ўдзельнікі свята і ад іншых нумароў мастацкай самадзейнасці. Да прыкладу, глыбока кранула песня «Не вернуть обратно» ў выкананні Лідзіі Казіміраўны Алясюк, а танец «Ковбои» выканаў танцавальны калектыў «Рытмы планеты».

На свяце ўдзельнікі змаглі і добра адпачыць душой: былі прапанаваны гульні «Закончы прымаўку і прыказку», «Адгадай песню пра маму», «Спавіві дзіця», «Панарошкавая каша» і іншае.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ