На Дні падпісчыка ў Карэлічах карэліччане ахвотна выпісвалі раённую газету «Полымя»

 

16 снежня ў 10 гадзін раніцы журналісты раённай газеты «Полымя» завіталі на Карэліцкае аддзяленне паштовай сувязі, каб правесці Дзень папісчыка і пацікавіцца ў карэліччан, як яны адносяцца да мясцовага выдання. Найбольш ахвотна ў гэты дзень раёнку выпісвалі пенсіянеры, дзяліліся меркаваннямі і выказвалі пажаданні.

Ала Аляксандраўна ЖЫГМАНТ,
пенсіянерка, г.п. Карэлічы:
— Больш 20 гадоў выпісваю раённую газету «Полымя». Заўсёды з нецярпеннем чакаю серады і суботы, каб узяць у рукі яе свежы нумар. Менавіта праз газету атрымліваю розную інфармацыю аб раёне і рэспубліцы. Шмат у ёй змяшчаецца артыкулаў аб знакамітых людзях і простых працаўніках. Вельмі цікавыя матэрыялы на гістарычную тэму.
Жадаю «Полымя» больш падпісчыкаў і цікавых артыкулаў, а ўсім людзям — міру на зямлі.

Любоў Васільеўна КНЫШ,
жыхарка райцэнтра:
— Мне газета «Полымя» цяпер больш падабаецца: яна стала актуальней і цікавей. У ёй шмат навін, паведамляецца аб падзеях у раёне і рэспубліцы. На яе старонках знаходзяць адлюстраванне пытанні культуры, спорту, адукацыі, медыцыны. Мне таксама падабаюцца рэкламныя звесткі, з якімі з задавальненнем знаёмлюся, каб быць у курсе падзей.
Хачу пажадаць раёнцы больш цікавых навін, здароўя і ўдачы журналістам, шчаслівых і творчых дарог у пошуку цікавых тэм для чытачоў любімага выдання.

Кацярына Уладзіміраўна ПЯШКО,
пенсіянерка, г.п. Карэлічы:
— Люблю чытаць у газеце ўсе артыкулы, як гаворыцца, ад пачатку да канца. У асаблівасці свежыя навіны пра падзеі, што адбыліся на Карэліччыне. Я не адна ў сваіх памкненнях — у сям’і ўсе любяць чытаць «Полымя». Сыны цікавяцца маладзёжнымі рубрыкамі, мама любіць прачытаць пра здароўе і парады ўрачоў.
Зычу раённай газеце далейшага росквіту, цікавых артыкулаў, сустрэч з людзьмі незвычайных лёсаў і шмат падпісчыкаў. Каб газета прыходзіла ў кожны дом карэліччан, і газетны радок змог дастукацца да іх сэрцаў.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА