У Дзень падпісчыка карэліччане актыўна выпісвалі раённую газету «Полымя»

9 снежня з 10 да 11 гадзін на Карэліцкім раённым вузле паштовай сувязі журналісты раённай газеты «Полымя» праводзілі Дзень падпісчыка. Жыхары гарпасёлка актыўна выпісвалі любімую раёнку і дзяліліся сваімі меркаваннямі.

Віталій ШЭЎКА,
Ганаровы ветэран,
жыхар г.п. Карэлічы:
— «Полымя» выпісваю з лютага 1981 года. Паважаю мясцовае выданне за аб’ектыўнасць, рэальнае адлюстраванне жыцця раёна і людзей, добразычлівасць герояў карэспандэнцый. Жадаю супрацоўнікам раёнкі прадаўжаць у тым жа накірунку, прытрымліваючыся прынцыпа: рабіць людзям дабро і самім прыгажэць з кожным днём.

Ірына АРАБЕЙ,
жыхарка райцэнтра:
— Выпісала «СБ. Беларусь сегодня» на 6 месяцаў 2023 года і «Полымя» — на тры месяцы. У раённай газеце люблю чытаць усе навіны аб падзеях і дасягненнях Карэліччыны і проста пра цікавых людзей. «Полымя» выпісваю даўно і чакаю з нецярпеннем як добрага і надзейнага сябра. Жадаю ўсім карэліччанам моцнага-моцнага здароўя, а астатняе ўсё прыкладзецца.

Валерый ЧАЧОТКА,
аператар кацельні
ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка»:
— Трыццаць гадоў выпісваю раённую газету «Полымя» і не мінаю ў ёй ніводнага артыкула, асабліва люблю чытаць на гістарычныя тэмы. Жонка Марына таксама чытае раёнку з задавальненнем. Адным словам, гэта ў нас сямейнае: мы любім Карэліччыну і хочам як мага больш ведаць пра падзеі і людзей гэтага цудоўнага куточка. Жадаю, каб раённая газета «Полымя» існавала далей і радавала чытачоў навінамі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ